Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Варшаве прайшла сустрэча беларусаў-католікаў замежжа

17.04.2023 общество
У Варшаве прайшла сустрэча беларусаў-католікаў замежжа

На ёй абмяркоўваліся душпастырскія выклікі.

15 красавіка ў Варшаве адбылася сустрэча беларусаў-католікоў замежжа. У сустрэчы, якая доўжылася восем гадзін, узялі ўдзел больш за паўсотні чалавек, што прыехалі з розных мясцін, паведамляе catholic.by.

Фармат сустрэчы прадугледжваў разнастайную актыўнасць, скіраваную на тое, каб кожны ўдзельнік меў магчымасць выказаць сваё меркаванне па тых актуальных пытаннях, якія былі вынесены ў павестку.

Агульная тэма сустрэчы — «Беларусь. Касцёл. Эміграцыя» — была выбрана невыпадкова, бо ў апошні час актыўна развіваюцца каталіцкія супольнасці беларусаў у розных гарадах за межамі краіны.

Так, святыя Імшы на беларускай мове шмат гадоў рэгулярна цэлебруюцца ў Вільні, а таксама ўжо ў сямі польскіх гарадах, і ёсць неабходнасць пашыраць душпастырства беларусаў-католікаў за мяжой.

Падчас сустрэчы адбылася праца груп, якія разважалі над тым, з якімі выклікамі, звязанымі з духоўным жыццём, — як станоўчымі, так і адмоўнымі, — даводзіцца сутыкаюцца суайчыннікам каталіцкага веравызнання ва ўмовах эміграцыі, і над тым, як адказваць на гэтыя выклікі.

Некаторыя ўдзельнікі выказалі меркаванне, што, нягледзячы на няспынны рост колькасці вернікаў з Беларусі за мяжой, пакуль складана казаць аб належнай упарадкаванасці іх рэлігійнага жыцця.

Адчуваецца недахоп святароў, якія маглі б служыць па-беларуску, адсутнасць у многіх з іх афіцыйнага становішча ў замежных дыяцэзіях і парафіях, і, як наступства, немагчымасць здзяйсняць сакрамэнт хросту і благаслаўляць сужэнствы па-беларуску. Яшчэ адна праблема — гэта недахоп належнага інфармавання беларускіх вернікаў аб магчымасці наведваць Імшы па-беларуску, недахоп катэхез для дзяцей на роднай мове і шэраг іншых часовых складанасцяў.

Разам з тым, на сходзе прагучалі цікавыя і смелыя прапановы наконт таго, як можна адказаць на гэтыя выклікі.

Між іншым, удзельнікі казалі пра яднанне беларускай каталіцкай супольнасці ўсімі магчымымі сродкамі: праз арганізацыю супольных сустрэч, пілігрымак, малітоўных сходаў і рэкалекцый для суайчыннікаў за мяжой. Была адзначана і неабходнасць падтрымання сувязі з Касцёлам у Беларусі для таго, каб не гублялася адчуванне прыналежнасці да яго. Пры гэтым, аднак, падкрэслівалася і важнасць гарманічнага ўзаемадзеяння з каталіцкім асяроддзем той краіны, у якой склалася беларуская супольнасць вернікаў, бо ў шанаванні культуры, мовы, традыцый адзін аднаго праяўляецца таксама прыгажосць паўсюднага Касцёла ва ўсім свеце.

У духу сёлетняга душпастырскага года, які беларускія каталіцкія біскупы прысвяцілі тэме: «Апостальства свецкіх — знак надзеі для Касцёла ў Беларусі», было выказана пажаданне уключыць як мага больш вернікаў у касцёльнае жыццё праз дэлегаванне ім пэўных функцый, якія могуць выконваць у Касцёле свецкія.

Гэта павінна паспрыяць прыняццю на сябе адказнасці за сваю супольнасць і беларускую тоеснасць.

Адзначылі ўдзельнікі і важнасць клопату пра беларусаў-католікаў замежжа праз інфармаванне: напрыклад, абавязковая публікацыя перад важнымі касцёльнымі ўрачыстасцямі звестак пра тое, дзе можна прыступіць да споведзі і ўзяць удзел у Імшы на беларускай мове.

Усе сабраныя ў польскай сталіцы католікі беларускага паходжання падкрэслілі важнасць гэтай сустрэчы, бо падчас яе змаглі абмеркаваць надзённыя пытанні, падзяліцца досведам стварэння супольнасцяў, абмяняцца ідэямі па ўдасканальванні духоўнага жыцця.

Падчас сустрэчы таксама цэлебравалася святая Імша, гучалі любімыя касцёльныя спевы на роднай мове.

Словы прывітання скіраваў да сабраных старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

«Рабі, што можаш, а Бог благаславіць», — з такой надзеяй удзельнікі сустрэчы вярнуліся ў свае гарады. Яны таксама павезлі з сабой упэўненасць у тым, што гэта была не апошняя іх сустрэча.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]