У новым праекце "Беларуская Брытанія" распавядаецца пра беларусаў і брытанцаў, для якіх Беларусь больш, чым проста месца нараджэння ці модны знешнепалітычны трэнд.
Адкрывае нашу серыю гутарка з маладым лонданскім архітэктарам кітайскага паходжання Цзыўай Рафаэлем СО.
Якое дачыненне, запытаецеся вы, ён мае да Беларусі? Большае, чым асноўная маса нашых суайчыннікаў, што аднойчы прайшоўшы эміграцыйны кантроль, бясследна знікла ў тумане Альбіёна. Парафіянін беларускай грэка-каталіцкай царквы Св. Пятра і Паўла ў Лондане, Цзыўай Рафаэль захапляецца гісторыяй Беларусі, вывучае традыцыйную беларускую архітэктуру ды распрацоўвае праект новай беларускай царквы, якая мае паўстаць на поўначы Лондана ў бліжэйшай будучыні.
"Для кітайцаў Беларусь — "Белая Расія"
— Я нарадзіўся ў Кітаі. Аднак калі мне было тры гады, сям'я пераехала ў Ганконг, які тады яшчэ падпарадкоўваўся Вялікабрытаніі, — распавядае Цзыўай Рафаэль. — Там я скончыў ангельскую школу і ўніверсітэт у спецыяльнасці "архітэктар". Пасля атрымаў паўнавартасны дыплом архітэктара ў Лонданскім універсітэце Метраполітэн. Цяпер кірую невялікай архітэктурнай кампаніяй ды выкладаю ў Мідлсэкскім універсітэце ў Лондане.
— Калі ты ўпершыню пачуў пра Беларусь ці беларусаў?
— Пра Беларусь чуў даўно і нямала. Як і многія кітайцы, выхаваныя ў духоўнай сімпатыі да братоў па камуністычным лагеры, я заўжды быў натхнёны СССР. Праўда, у кітайскай мове слова "Беларусь" памылкова замацавалася як "Белая Расія". З гэтай прычыны многія блытаюць беларусаў з белымі рускімі — праціўнікамі бальшавізму ў грамадзянскай вайне ў Расіі.
Пазней я чуў пра першую лэдзі Тайваня, якая паходзіла з-пад Оршы (Фаіна Вахрава — К.Л.). Праўда, не ведаю, ці многія асацыявалі яе з Беларуссю.
Ваша краіна дня мяне была нібы ахутана заслонай таямнічасці. Расія і Белая Расія ў маёй свядомасці асацыяваліся з Паўночнай і Паўднёвай Карэяй. Я думаў, што гэта адны і тыя ж людзі, падзеленыя палітычна.
Наш герой выступае на ўрачыстым адкрыцці пасля рэканструкцыі 'Марыйнага дома' ў траўні 2012.
— Як жа лёс звёў цябе з беларусамі ў Вялікабрытаніі?
— У 2007 годзе Беларуская каталіцкая (ўніяцкая) місія ў Англіі прадавала адзін з будынкаў у Лондане, а я працаваў на фірму, што гэты будынак набывала. Тады я пазнаёміўся з айцом Сяргеем Стасевічам. Ён з ахвотай зладзіў для мне экскурсію па беларускім цэнтры, распавёў гісторыю місіі. Паколькі жыў паблізу, стаў рэгулярна яго сустракаць, наведваць мерапрыемствы, пазнаёміўся з беларускай суполкай.
У Ганконгу я вучыўся ў каталіцкай школе, але не быў хрысціянінам. У Лондане пачаў наведваць англіканскую царкву недалёка ад дома. Айцец Сяргей Стасевіч шмат распавядаў пра каталіцтва і праваслаўе, пазычаў кнігі пра ўсходняе хрысціянства. Я зацікавіўся, стаў рэгулярна наведваць нядзельныя богаслужбы ў беларускай грэка-каталіцкай царкве Святых Пятра і Паўла, і ўрэшце прыняў там хрост.
— Ты не разумееш ні беларускай, ні рускай мовы. Ці камфортна пачуваешся сярод тутэйшых беларусаў?
— З гледзішча ментальнасці і многіх звычак, што фармуюцца ў дзяцінстве, у нас з беларусамі шмат падобнага. Я нарадзіўся ў краіне, дзе кіроўнай была кампартыя, жыў у шматкватэрным панельным доме... Традыцыі грэка-каталіцкай царквы, канечне, былі для мяне адкрыццём. Моўны бар'ер істотны, але спадзяюся знайсці спецыяліста, які дапаможа мне вывучыць беларускую.
"Цяжкасці перакладу" (не забывайцеся, што тут усе валодаюць ангельскай) кампенсуюцца беларускай добразычлівасцю, гасціннасцю. У некаторых культурах прынята вітаць адно аднаго пры першай сустрэчы ледзь не абдымкамі. Але гэта толькі жэст, які не азначае, што чалавек ставіцца да цябе неяк асабліва. Беларусы пры сустрэчы вельмі стрыманыя. Але і цэняць сяброўства яны нашмат болей. Калі беларус называе некага сябрам, гэта сапраўды блізкі чалавек, а не проста адзін з дзясяткаў знаёмых.
Мой досвед у зносінах з брытанскімі беларусамі быў падмацаваны сёлетняй паездкай у Беларусь. Людзі рабілі ўсё магчымае, каб дапамагчы мне, удзяліць ўвагу. Нават калі гэта азначала для іх дадатковыя цяжкасці і праблемы. Я, сапраўды, магу назваць беларускіх знаёмых сябрамі, бо перакананы, калі буду ў бядзе, яны мне дапамогуць. Не магу сказаць падобнае пра большасць сваіх знаёмых з іншых краінаў. Канечне, я раблю высновы толькі на падставе тых людзей, з кім пазнаёміўся. Напэўна, не ўсе такія. Гэтак, падчас знаходжання ў Беларусі мне ледзь не надавалі кухталёў у аўтобусе, калі я паспрабаваў патлумачыць двум хлапцам нападпітку, што яны занялі маё месца.
Купалле-2012 у Лондане.
"На беларускай царкве ў Лондане не будзе "цыбуліны"
— Але ты не проста наведваеш беларускую царкву і культурныя імпрэзы. Цяпер ты працуеш над праектам новай беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Лондане…
— Пра планы пабудовы новай царквы (цяпер яна месціцца ў памяшканні былой грамадскай залы) ўпершыню пачуў гады чатыры таму. З розных прычын справа не вельмі рухалася з месца, і аднойчы айцец Сяргей прапанаваў мне паспрабаваць распрацаваць праект. На той момант я нічога не ведаў пра беларускую архітэктуру. Пачаў чытаць, вывучаць літаратуру. Перагледзеў каля двух дзясяткаў патэнцыйных дызайнаў для будучай царквы. Ніводзін з іх не пасаваў, таму сёлета я выправіўся на Беларусь, каб на ўласныя вочы паглядзець на старадаўнія беларускія бажніцы. Прычым галоўным аб'ектам майго інтарэсу было драўлянае дойлідства. Я пабываў ў Мінску, Лідзе, Івацэвічах, а таксама у вёсках і мястэчках на Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне (Ганчары, Мураванка, Аброва, Бялавічы, Бусяж, Косава).
— Што значыць ніводзін з папярэдніх дызайнаў "не пасаваў"?
— Гісторыя Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі бярэ пачатак у канцы 1940-х. І ўвесь гэты час яна звязаная з асвячаным месцам у лонданскім раёне Паўночны Фінчлі. Тут месціцца Беларускі рэлігійны і культурны цэнтр імя святога Кірылы Тураўскага ўключна з легендарнай Скарынаўскай бібліятэкай і Марыян Хаўз ("Марыйным домам"), дзе жыла цэлая група беларускіх святароў усходняга абраду. Гэта адзін з цэнтраў беларускага жыцця за мяжой, якое дзесяцігоддзямі прыцягвала інтэлектуалаў з усяго свету.
Таму перш, чым узяцца за распрацоўку праекта беларускай царквы, я мусіў зразумець, што значыць слова "беларуская". Выявілася, што гэта не такая простая задача, бо Беларусь — гэта свайго кшталту Атлантыда. У цяперашнім разуменні яна не існавала на палітычнай мапе да 1918 года. Але людзі жылі на гэтай зямлі тысячы год. Чым болей я чытаў, тым болей я даведаўся, што менавіта продкі цяперашніх беларусаў складалі аснову жыхароў Вялікага княства Літоўскага. Яны былі носьбітамі развітай еўрапейскай культуры, чым сёння могуць ганарыцца. І Грэка-каталіцкая ці Ўніяцкая царква была не проста самай распаўсюджанай рэлігіяй на гэтых землях, але і неад'емным складнікам гэтай культуры. Аднак з таго часу, як Расійская імперыя падначаліла беларускія землі ды зліквідавала ўнію (1839), уніяцтва выпала з беларускага рэлігійнага кантэксту больш чым на паўтара стагоддзя.
Таму будучая беларуская царква ў Лондане мусіць стаць не проста функцыянальным памяшканнем, але і своеасаблівым помнікам беларушчыне, увасабленнем беларускага духу і адлюстраваннем беларускай культуры.
Цзыўай Рафаэль завяршае праект новай беларускай царквы.
Я назаўжды запомніў словы кіраўніка місіі айца Аляксандра Надсана: "Беларусы не лепшыя і не горшыя за іншыя народы. У нас ёсць свая ўнікальная мова і культура, дадзеныя нам Богам. Мы павінны іх захоўваць, бо без гэтага не будзе нас".
Разам з тым відавочна, што існуе багата непаразуменняў што да Беларусі ў свеце, нястача ўвагі. Таму пабудова беларускай царквы ў брытанскім асяродку — нібыта сказаць: "Мы тут! Мы існуем!" Мы маглі зрабіць звычайны будынак ды прымацаваць на яго крыж, як робяць многія. Але мы хочам паказаць, што гэта беларускае месца, яно ўнікальнае і адрознае ад іншых.
Я таксама хачу прадэманстраваць, што апроч тысячагадовай гісторыі, прыгожай мовы і багатай літаратуры ў беларусаў ёсць і таленавітыя архітэктары. Калі запытацца ў сярэднестатыстычнага брытанскага школьніка, што ёсць беларуская архітэктура, у лепшым разе ён сказа нешта пра рускія цэрквы з характэрнымі цыбулінамі. Менавіта таму я прысвяціў асаблівую ўвагу вывучэнню купалоў-вежаў у беларускай традыцыйнай архітэктуры. І адразу адмовіўся ад "цыбуліны", бо гэта перадусім расійскі элемент.
— Ты з такім імпэтам распавядаеш пра гэты праект. Чаму ён такі важны для цябе?
— Дагэтуль я рабіў больш маштабныя праекты, але нішто не было такім адмысловым. Гэтую царкву я раблю ад свайго сэрца, а не дзеля грошай. Маёй кампаніі прыйшлося нават адхіліць некалькі канкрэтных прапановаў, бо я накіраваў сюды асноўныя рэсурсы. Але яно таго вартае. Пабудаваць храм — мара любога архітэктара. Для мяне гэта падвойны прывілей, бо я ж яшчэ і хрысціянін.
"Шмат дзесяцігоддзяў назад Беларусь была такой прыгожай, як Вільня"
— Вяртаючыся да леташняй вандроўкі ў Беларусь, што цябе там найбольш уразіла?
— Я ўбачыў у беларусах нешта такое, на што яны самі не зважаюць увагі — чалавечнасць. У капіталістычным грамадстве, асновамі якога ёсць рынак і канкурэнцыя, людзі засяроджаныя на сабе і ўласных праблемах.
З іншага боку заўважыў, што людзі ў Беларусі выглядаюць стомленымі. Прычым не столькі знешне, колькі ментальна. У мяне склалася ўражанне (і я часта чую гэта ад беларусаў у Беларусі і ў Брытаніі), што людзі страцілі надзею нешта там змяніць. Таму імкнуцца наладзіць уласнае жыццё і дабрабыт, альбо абстрагаваўшыся ад нацыянальных праблем, альбо з'ехаўшы за мяжу.
Але без веры нічога не будзе. Вазьміце, напрыклад, праект нашай царквы. У нас яшчэ няма пэўнасці ў фінансаванні, не атрыманы дазвол ад мясцовых улад. Аднак я веру, што гэта магчыма і раблю тое, што ад мяне залежыць. Гэта адзіны спосаб дасягнуць мэты, якой бы неверагоднай яна не падавалася. Многія беларусы ні ў што не вераць, і гэта сумна.
— Якой ты пабачыў беларускую архітэктуру?
— Найбольш мяне ўразілі аўтэнтычныя драўляныя пабудовы ў музеі архітэктуры і побыту "Строчыцы": настолькі характарныя, паўсталыя з беларускай культуры і традыцяў! У той дзень ішоў дождж, але мне падавалася, што трапіў у казку.
Цзыўай Рафаэль разам з хроснай маці, адзіным у Беларусі свецкім доктарам сакральнай тэалогіі Ірынай Дубянецкай у музеі народнай архітэктуры і побыту 'Строчыцы'. Фота з архіву Цзыўай Рафаэля Со.
Мінск, адбудаваны ў сталінскім стылі, — грандыёзны, імперскі, манументальны. Не магу сказаць, што мне гэта вельмі спадабалася. Але гэта таксама частка гісторыі.
У мястэчках, дзе я аглядаў традыцыйныя храмы, мяне расчаравала тое, што людзі не цэняць багацце, якое ў іх ёсць. Узяць хаця б паўсюдную блакітную металічную дахоўку, якой замянілі традыцыйную чарапічную. Заміж гістарычных вежачак-сігнатурак — залатыя рускія "цыбуліны"... Відавочна, што людзям, якія нясуць адказнасць і бяруцца за гістарычныя аб'екты, нестае ведаў, адукацыі і разумення. Я меў доўгую гутарку з рэстаўратарам з Шатландыі, які ўдзельнічаў у канферэнцыі ў Беларусі, прысвечанай рэканструкцыі палаца Радзівілаў у Нясвіжы. Ён звярнуў увагу, што беларусы, напрыклад, абсалютна не ведаюць, як захоўваць тонкае мастацкае аздабленне інтэр'ераў. Выкарыстоўваюцца звычайныя будаўнічыя падыходы да таго, што было зроблена некалькі стагоддзяў назад. Гэта абсурд.
Па дарозе дамоў я наведаў Вільню. У Мінску ты бачыш адну барочную катэдру, нешта ў адным месцы, нешта ў другім — цэласнага адчування гістарычнасці няма. Адсутнічае сувязь з мінулым. У Вільні ўсё гэта перад тваімі вачыма, і я зразумеў, якой прыгожай шмат дзесяцігоддзяў назад была Беларусь.
Вядома, што велізарныя страты архітэктуры Беларусі нанеслі войны. Але вы ж столькі ўсяго страцілі ў мірныя часы! Чаму? Бо большасць не разумее важнасці, вартасці і значэння архітэктуры.
Між тым, архітэктура вылучаецца з культуры. Калі культура багатая, гэта знаходзіць адлюстраванне і ў архітэктуры. Архітэктурная спадчына — частка ментальнасці, нацыянальнай ідэнтычнасці. Калі чалавек робіць пластычную аперацыю на твары ці пачынае размаўляць на іншай мове, ён перастае быць сабой. Мінулае — паказчык таго, хто ты ёсць. Людзі павінны ганарыцца сваёй архітэктурай, а мне падаецца, што большасць беларусаў да гэтага абыякавыя. Пры такім раскладзе не выпадкова, што вы столькі ўсяго страцілі і працягваеце страчваць. Відавочна, што гэта адзін з вынікаў недахопу ў людзей нацыянальнай свядомасці і ідэнтычнасці.
Мне гэта дзіўна, бо ўсе мае знаёмыя беларусы якраз-ткі пераймаюцца пытаннямі спадчыны, ведаюць гісторыю і імкнуцца нешта рабіць, каб адбудаваць мост паміж мінулым, цяперашнім і будучыняй у свядомасці нацыі. Можа, гэтымі парадоксамі Беларусь для мяне і прыцягальная. Чым болей для сябе я адкрываю, тым болей мне хочацца даведвацца.
Рафаэль, як нашага героя найчасцей клічуць у Лондане, можа гаварыць пра Беларусь гадзінамі. Згадваючы пра беларусаў, ён падсвядома прамаўляе "мы", перапрашае за агаворку і праз нейкі час зноў паўтараецца. І не дарма. Прачытаўшы інтэрв'ю, вы можаце не паверыць, што чалавек, які большую частку жыцця пражыў у іншым вымярэнні, мае нагэтулькі яснае ўяўленне пра беларускі феномен. Падобным могуць пахваліцца нямногія беларусы. Таксама нячаста пабачыш, каб суайчыннікі рабілі грамадскую справу з такім імпэтам, натхненнем і верай у вынік. "Трэба ўлезці ў галаву беларусаў, каб зразумець, ці спадабаецца ім мой праект, ці адпавядае ён беларускім традыцыям", — увесь час паўтарае Рафаэль. Ці многія ягоныя беларускія калегі пераймаюцца падобным?
БЕЛАРУСКАЯ БРЫТАНІЯ
Хаця гісторыя беларуска-брытанскіх кантактаў бярэ свой пачатак яшчэ ў 15 стагоддзі (у 1480 г. Ян Літвін з Вялікага Княства Літоўскага адкрыў у Лондане друкарню), наша прысутнасць на Брытанскіх выспах стала заўважнай толькі пасля Другой сусветнай вайны. Для тысяч беларусаў — жаўнераў 2-га польскага корпуса брытанскіх узброеных сіл (Армія Андэрса) — Брытанія стала толькі часовым прыбежышчам, аднак кінутае зерне прарасло. З таго часу ў паўночна-заходняй частцы Лондану несупынна дзейнічае беларускі рэлігійна-культурны цэнтр з грэка-каталіцкай царквой Святых Пятра і Паўла і ўнікальнай Беларускай бібліятэкай-музеем імя Францішка Скарыны. Сёння Вялікабрытанія застаецца адной з найбольш цяжкадасяжных краінаў для імігрантаў, але нешматлікая беларуская супольнасць на Альбіёне цягам дзесяцігоддзяў захоўвае статус адной з найбольш актыўных беларускіх дыяспар у свеце.
Кастусь Лашкевіч, "Тут і цяпер"