Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася з навагоднім прывітаннем.
«Дарагія суродзічы!
Бог нам даў цудоўны край, які нарадзіў безьліч вялікіх мастакоў, музыкаў, паэтаў, добрых людзей. Бог нам даў адну з найпрыгажэйшых моваў у сьвеце. Наш народ працавіты, таленавіты, жыцьцяздольны. Сёньня мы маглі б жыць заможна і шчасьліва ў цэнтры Эўропы. Цяжка зразумець, чаму мы сталіся апошняй дыктатурай Эўропы, і як мы пагадзіліся з гэтым. Жывём пад ботам чалавека, які ня варты нас, ня любіць нас, зьдзекуецца над найлепшымі сынамі нашага народу, над усім, што дарагое беларускай душы.
У гісторыі, аднак, не адных нас напаткаў такі лёс. З жахам чытаю пра досьвед іншых народаў, былых ахвяраў імпэрыялізму XIX і XX стагодзьдзяў.
І як ня дзіўна, яны таксама перажылі доўгія пэрыяды дэнацыяналізацыі. І яны хацелі зраўняцца з калянізатарамі, адмаўляючыся ад сваіх каранёў, ад сваёй мовы, ад сувязяў са сваімі змагарамі за волю. Заміж каб любіць і паважаць іх, яны бачылі ў іх абліччы толькі сваю ўласную бяду.
Дарагія суродзічы! Дзялюся з Вамі гэтымі думкамі напярэдадні Новага году з надзеяй, што задумаемся разам над тым, да чаго нас давяла доўгая няволя. Магчыма, каб цаніць, любіць і паважаць адзін аднаго, нам трэба прыпомніць, што мы ўсе сыны і дочкі тае самае беларускае зямлі. Мо хапіла б гэтага, каб адчуць у нашых сэрцах салідарнасьць між намі і моц гэтае салідарнасьці.
Беларусь — незалежная краіна. Мы маем права вымагаць, каб тыя, што намі кіруюць, шанавалі нас, каб ставіліся з павагай да нашай волі і цанілі нашыя каштоўнасьці.
Мы маем права гаварыць, што хочам, зьбірацца, калі хочам, працаваць і вучыцца, дзе хочам. Мы ёсьць гаспадарамі нашае зямлі.
Калі мы гэта зразумеем — мы шмат наблізімся да зьдзяйсьненьня нашых летуценьняў пра вольную і заможную Беларусь.
І край наш зможа нарэшце заняць сваё пачэснае месца між іншымі паўнавартаснымі краінамі сусьветнай сям’і народаў.
З глыбіні сэрца жадаю усім нам, каб гэта сталася ўжо ў Новым, 2013 годзе. Жыве Беларусь!»