Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Адчуць сябе Радзівілам

11.01.2013 культура

У Ракаве ствараюць эксклюзіўныя хэндмэйд-кубкі славутага роду.

Васіль Рубцоў, заснавальнік Ракаўскай творчай майстэрні «Іслач» аднаўляе шклярныя традыцыі Радзівілаў, чыя Налібоцкая шклярня была вядомай на ўсю Рэч Паспалітую. Generation.by завітаў да адзіных у Беларусі майстроў, якія вырабляюць шкляны і крышталёвы хэндмэйд.

Вёска Ракаў — культавае месца для аматараў гісторыі беларускай культуры: тут і музей-галерэя ўнікальнага мастака Фелікса Янушкевіча, неагатычны Марыінскі касцёл, і менавіта тут некалькі гадоў таму майстар па шкле Васіль Рубцоў заснаваў творчую майстэрню «Іслач» акурат насупраць дома мастака і дудара Тодара Кашкурэвіча. А нядаўна Васіль з паплечнікамі вырабіў Радзівілаўскія келіхі, дакладна такія самыя, з якіх піў славуты род віно і старку (гарэлка з чыстага жытнёвага спірту) у 18 стагоддзі.

«Як можа не прыйсці ідэя вырабіць Радзівілаўскія келіхі, калі мы тут побач з Налібоцкай пушчай ходзім?! Мы проста вырашылі аднавіць тутэйшыя шклярныя традыцыі», — кажа дырэктар майстэрні Васіль Рубцоў.

Непадалёк ад Ракава ў Налібоках выраблялася дарагое шкло ў мануфактуры Радзівілаў. Пабудаваць шклярню загадала Ганна Радзівіл у 18 стагоддзі і запрасіла замежных майстроў. Тут рабіліся келіхі, кубкі для саміх Радзівілаў, прадукцыя таксама ішла на продаж за мяжу. Налібоцкія гутнікі нават выраблялі лабараторнае абсталяванне для Віленскай акадэміі.

Келіхі і кубкі майстры сканструявалі па кнігах і выявах з Радзівілаўскіх экспазіцый за мяжой. Тэхналогію вырабу Васіль не раскрывае, бо супрацоўнікі «Іслачы» — адзіныя ў Беларусі, хто гравіруе шкло і крышталь на такім узроўні. Яны самастойна зрабілі і абсталяванне, на якім працуюць.

«Рабіць такія келіхі — гэта вельмі цяжка і вельмі доўга. Кожную ямачку, кожную рысачку трэба зрабіць некалькі разоў, выразаць, паліраваць, сама форма робіцца колькі часу. Каб вырабіць некалькі такіх келішачкаў, патрэбен мех з грашыма. Таму яны пакуль не прадаюцца. Мы шукаем магчымасць рабіць іх паболей, тым больш, што некаторым гэта цікава», — мяркуе Васіль.

Заснавальнік і ідэйны натхняльнік «Іслачы», які з адукацыі інжынер-будаўнік, Васіль Рубцоў паспеў прапрацаваць ювелірам, вартаўніком і нават займаўся перапродажам МАЗаў у гарачыя 90-я, а потым вырашыў з’ехаць з роднага краю ў Польшчу з сям’ёй. Але пасля зразумеў, што на радзіме ўсё толькі пачынаецца і вярнуўся ў Менск. І ў Каралеўскім палацы ў Варшаве ў свой час можна было набыць вырабы беларускага майстра. Цяпер Васіль займаецца шклом і крышталём, кіруе ўласнай майстэрняй, распрацоўвае дызайн кілішкаў, бакалаў ды вазаў і разважае пра попыт на такія вырабы:

«Справа ў тым, што беларускія чароты меньш цікавыя, у разы лепей распрадаецца кітайская тэматыка. Таксама не надта прадаюцца келіхі «З Калядамі!», хутчэй бяруць «С Рождеством!».

Працай майстроў ужо зацікавіўся Фонд Агінскіх і, магчыма, у будучыні з’явяцца келіхі і кубкі, з якіх піла сям’я славутага кампазітара.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]