Кастусь Каліноўскі — першы заступнік за беларускае слова, веру і незалежнасьць нашага Краю — стаў нацыянальным героем не ад таго, што так пастанавілі Рада БНР або ЦК КПБ.
Ягоны вобраз Вялікага Справядлівага паклаўся на беларускую душу, куды б скіраванаю яна ні была. Яго прынялі і камуністы і нацыяналісты і проста беларускія людзі.
У цяперашніх свабодаўскіх вулічных апытаньнях па ўсёй Беларусі ўражвае дакладнасьць таго, як яго ведаюць людзі. Паэт і пісьменьнік? Сапраўды, яго творы ёсьць у літаратурных анталёгіях. Партызан, рэвалюцыянэр, апазыцыянэр? Хто ж спрачаецца. Асьветнік, герой… Амаль нішто ня «міма».
У мінулую вайну савецкі партызанскі атрад імя Каліноўскага мог спаліць вясковую школку толькі за тое, што настаўнік выкладае дзеткам зьмест «Мужыцкае праўды»: «Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе»…
Мноства вядомых вершаў, раманы і нават пачатак беларускага кінэматографу — пра яго.
Супраць яго, прызнанага беларусамі ўсіх адценьняў, веравызнаньняў і палітычных поглядаў, можа быць толькі небеларус, толькі нехта з-за межаў нацыі, чужынец.
Як той масквіч, што фундаваў у Менску эрпэцэшную царкву на вуліцы Каліноўскага і назву вуліцы патрабаваў зьмяніць. Улады знайшлі кампраміс (не замахнуліся на імя Справядлівага) — перайменавалі толькі частку вуліцы з гэтай самай царквою.
Каліноўскага нельга не любіць, калі ты беларус. Гэтае імя мацнейшае за кожны іншы знак нашае тоеснасьці.
У Беларусі ўсе ад вясковай бабулькі да экзальтаванага сталічнага школьніка, ад бамжа да пасьпяховага бізнэсоўца, ад рэжымнага чыноўніка да дысыдэнта скажуць табе, што Каліноўскі — наш.
Што хаваецца за гэтым фэномэнам? Думаю, глыбока схаваная ў душы ўзаемнасьць.
Выпускнік Пецярбурскага ўнівэрсытэту вяртаецца на радзіму і становіцца лідэрам «польскага» паўстаньня ў сваім краі. Выдае першую беларускамоўную газэту. Шукае паразуменьня з простым народам. Ані каліва няшчырасьці або «прагматызму». І — што б ні гігікалі цяперашнія афіцыёзьнікі — ідзе на эшафот.
Як Хрыстос. Чысты, беззаганны, сымбаль справядлівасьці. Тут паралель робіцца абсалютнай. Пілат паслаў Хрыста на самую ганебную сьмерць — расьпяцьце на крыжы. Так каралі толькі бандытаў. Расейскі губэрнатар Мураўёў паўтарыў тое самае з Каліноўскім.
Замест расстрэлу, які «належаў» ваеначальніку ўсяе Беларусі і Літвы, ён у апошні момант загадаў Каліноўскага павесіць. Як бандыта.
І як Хрыстос аб’яднаў і аб’ядноўвае розных людзей у супольнасьць Людзі, так Каліноўскі аб’ядноўвае супольнасьць Беларусы.
«Дэгераізаваць» яго для нашага народу — тое самае, што для чалавецтва «дэгераізаваць» Хрыста. А гэта значыла б зьнішчыць у нашых дачыненьнях паняткі справядлівасьці, шчырасьці і сумленьня, што ўвасобленыя найперш у постацях Хрыста і Каліноўскага, і гадаваць нашчадкаў, не абцяжараных гэтымі якасьцямі.
У адрозьненьне ад сымболікі і мовы, якія на вуліцах і ў эфірах яшчэ можна чымсьці замясьціць, на месцы спляжанага нацыянальнага героя ў беларускім сэрцы застаецца пустата.
Сяргей Дубавец, «Радыё Свабода»