Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Мінская «Мова ці кава» сабрала сто чалавек

19.02.2013 культура

Кавярня «Дом Фішэра» аказалася няздольная змясціць усіх ахвотных, і спатканне перанеслі ў Loft.

18 лютага ў мінскай кавярні Loft адбыўся першы занятак курсаў беларускай мовы «Мова ці кава», піша «Наша Ніва».

Кацярына Кібальчыч сказала — Кацярына Кібальчыч зрабіла: 18 лютага ў Мінску адбыўся першы занятак бясплатных моўных курсаў «Мова ці кава».

Спачатку планавалася, што курсы будуць праходзіць у серады, і першы занятак быў запланаваны на 20 лютага, але арганізатары вырашылі сінхранізаваць заняткі ў Маскве і Мінску і зрабіць панядзелкі днём цікавай мовы ў кавярні.

Месца правядзення курсаў таксама змянілася, прычым у апошні момант: кавярня «Дом Фішэра» аказалася няздольнай змясціць усіх ахвотных, і за некалькі гадзін да пачатку пляцоўкай для сустрэчы абралі Loft на вуліцы Пятруся Броўкі.

Але нягледзячы на тое, што некаторыя даведаліся пра змену лакацыі ўжо на ўваходзе ў «Дом Фішэра», у першай сустрэчы узялі ўдзел каля 100 чалавек.

Праводзіць заняткі ў Мінску будуць філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка.

Таксама анансавалася, што час ад часу на «Мову ці каву» будзе завітваць лідар гурту «Рэха» Андрусь Такіданг. На жаль, 18 лютага яго не было. Затое на ўрачыстае адкрыццё з сталіцы Расіі прыехала сама аўтарка ідэі курсаў Кацярына Кібальчыч, а таксама акцёр Леанід Дранько-Майсюк, які праводзіць «Мову ці каву» ў Маскве.

«У нагах праўды няма, таму запрашаю ўсіх прысесці», — пачаў вечар Глеб Лабадзенка.

«Хто не сеў, хай сядзе…» — зала гучна зарагатала. «Ну добра, хай прысядзе, выражаючыся больш метафарычна».

Лабадзенка аказаўся цудоўным вядучым. Ён трымаў увагу аўдыторыі на працягу ўсяго вечара, бесперапынна жартаваў і запаўняў няёмкія паўзы.

Потым Васіль Дранько-Майсюк з уласцівым яму артыстызмам матываваў сабраных: «Пасля маскоўскіх заняткаў нават афіцыянты ў кавярні вывучылі мову! Падыходзяць, пытаюцца: «Вам гарбату ці каву?». Каб запэўніць, што мову можна вывучыць у кожным веку, Дранько-Майсюк прывёў прыклад беларускага філосафа Валянціна Акудовіча, які «да 30 гадоў увогуле не размаўляў па-беларуску, але паслі пяцігадовай практыкі пачаў размаўляць лепш, чым хто».

Навічкі-студэнты, як і нованароджаныя, адразу атрымалі ласкавае беларускае імя.

Уладзіміры сталі Уладзямі, Адэлаіды — Адэлямі, Вольгі — Вальжынамі. Алеся Літвіноўская расказала цікавую гісторыю пра тое, што насамрэч яна з’яўляецца першай «сапраўднай» Алесяй у Беларусі, бо яе бацька калісьці «выбіў» у савецкіх чыноўнікаў права афіцыйна запісаць імя дачкі з першай літарай «а» — у спісах імёнаў народаў СССР яно пісалася праз «о».

Пасля «сумоўнікі» разбіліся на пары і цягам пяці хвілін высвятлялі адно ў аднаго, хто яны і што прывяло іх на «Мову ці каву».

Валанцёраў запрасілі прадставіць свайго партнёра.

Высветлілася, што людзі на занятак прыйшлі вельмі розныя: былі і студэнты, і маркетолагі, і супрацоўніца анкалагічнага цэнтра, і беспрацоўныя, і журналісты, і нават чалавек, які займаецца капаннем калодзежаў.

Гісторыі і матывацыі ў гэтых людзей таксама самыя разнастайныя: нехта можа сказаць па-беларуску толькі некалькі словаў, бо не вучыў мовы. Нехта паходзіць з беларускамоўнай сям’і і размаўляе па-беларуску ўсё жыццё. Большасць ведае мову, але незадаволена ўзроўнем сваіх ведаў.

«Я размаўляю па-беларуску не так даўно. Насамрэч, я разумела, што па-англійску размаўляю лепш, чым па-беларуску. Таму пачала шукаць суполку для практыкі, але не звязаную з якой-небудзь палітычнай дзейнасцю. Знайшла аб’яву ў інтэрнэце, і мне вельмі спадабалася ідэя», — расказвае Марыся, журналістка. З Марысяй на занятак прыйшла сяброўка Кася, біёлаг. «Мне сорамна, што я ведаю беларускую так дрэнна, таму сёння я тут», — кажа яна.

Геаграфія ўдзельнікаў таксама шырокая — хтосьці жыве не ў Мінску, хтосьці «разрываецца» паміж некалькімі краінамі. Але ў зале прысутнічалі не толькі еўрапейцы — удзельнічала ў «Мове ці каве» і японка (прычым беларускамоўная японка!) Сіёры, якая раптам ператварылася ў Зоську.

«Я навучаюся ў магістратуры ў Японіі. Цягам ужо 10 месяцаў вучу беларускую і рускую ў БДУ — мая магістарская праца прысвечана даследаванню моўнай сітуацыі ў Беларусі. Але мне няма з кім практыкавацца ў беларускай мове, таму мая сяброўка прывяла мяне сюды», — кажа Сіёры-Зоська.

Пасля знаёмства былі агучаны асноўныя правілы «Мовы ці кавы»: размаўляць толькі па-беларуску; прыязна і талерантна ставіцца адно да аднаго; не чапаць на занятках палітыкі; дапамагаць адно аднаму. Слухачы прапанавалі і шэраг сваіх правілаў.

Напрыклад, выключаць на занятках гук тэлефонаў, а са спозненых «спаганяць» беларускі верш.

Ніякіх хатніх заданняў не будзе. Адзінае, што абавязаны рабіць усе вучні- дзяліцца адно з адным цікавымі навінамі і падзеямі.

Рэшты часу хапіла на кароткі агляд будучых урокаў, цікавыя гістарычныя звесткі пра мову, некалькі вясёлых практыкаванняў, моўную гульню і хуткае абмеркаванне арганізацыйных момантаў.

Было відаць, што «мовацікаўцы» з радасцю вытрымалі б яшчэ адзін 90-хвілінны занятак. Пасля першай сустрэчы незадаволеных не засталося.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]