Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Чужыя ў сваёй дзяржаве

21.02.2013 общество
Чужыя ў сваёй дзяржаве

21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы.

Ён абвешчаны Генэральнай канфэрэнцыяй ЮНЭСКО і прымеркаваны да дня гібелі ў Пакістане 21 лютага 1952 году пяці студэнтаў, якія змагаліся за дзяржаўны статус мовы бангла, паведамляе «Радыё Свабода».

Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца з 1999 году і мае на мэце захаваньне лінгвістычнай разнастайнасьці і шматмоўнай адукацыі.

Незалежныя СМІ неаднойчы расказвалі пра жыцьцёвыя гісторыі бацькоў, якія вырашылі навучаць сваіх дзяцей на роднай мове. Як склаліся лёсы навучэнцаў?

Янка Лапіцкі — былы жодзінскі школьнік, бацькі якога пажадалі, каб адукацыю ў сярэдняй школе хлопчык атрымаў на беларускай мове. Змаганьне доўжылася ўсе Янкавы школьныя гады: ён быў адзіным вучнем у клясе, нейкі час праходзіў школьную праграму ў хатніх умовах, а бацькі тым часам мусілі прайсьці праз усе ўзроўні адміністрацыйнай сыстэмы толькі дзеля таго, каб на практыцы рэалізаваць гарантаванае Канстытуцыяй права на карыстаньне дзяржаўнай беларускай мовай. Цяпер 17-гадовы Янка Лапіцкі заканчвае 4 курс Коласаўскага ліцэю і зьбіраецца ў ВНУ, кажа ягоны бацька Аляксей Лапіцкі:

«Гэтае змаганьне на яго ў горшы бок не паўплывала: ён і музыкай займаўся, і сяброў у яго шмат, у тым ліку сярод расейскамоўных юнакоў. Ён толькі асэнсаваў праблему, а таму вывучае польскую, ангельскую мовы. У яго добра атрымліваецца займацца інфарматыкай, праграмаваньнем, і паводле вынікаў навучаньня, найхутчэй, ён будзе паступаць у Пазнанскі ўнівэрсытэт, які ў гэтай галіне спэцыялізуецца».

Марысі Каральковай з Горак цяпер 21 год. Як і Янка Лапіцкі, яна ў свой час была адзінай школьніцай, якая навучалася на роднай мове, а яе бацькі таксама прайшлі праз усе магчымыя выпрабаваньні, каб дачка атрымала школьную адукацыю па-беларуску. Малодшы сын Каральковых Мікіта таксама цяпер вучыцца па-беларуску, кажа маці Ірына Каралькова:

«Марыся навучаецца ў Торуні ва ўнівэрсытэце Капэрніка на аддзяленьні скульптуры і заканчвае трэці курс. Цяпер у гэтай жа школе, дзе Марыся вучылася, застаецца яе малодшы брат. Калі ён ішоў у першую клясу, то, ведаючы нашую пазыцыю, што будзем дамагацца беларускага навучаньня, да нас прыйшлі і сказалі: усё, мы адчыняем беларускую клясу. І гэтак Мікіта заканчвае ўжо дзявятую клясу, а ўсяго іх там пяць чалавек. Я ня думаю, што гэта якаснае навучаньне, бо ня можа быць добрае навучаньне па-беларуску ў расейскамоўнай школе. Калі настаўнік выкладае ў адной клясе па-расейску, пасьля прыходзіць у беларускую клясу і яму нешта трэба казаць па-беларуску, калі падручнікаў не хапае… Я, калі па шчырасьці, настолькі абыякава стаўлюся да школы, што хачу толькі, каб найхутчэй і Мікіта скончыў школу. Бо тое, што адбываецца цяпер у нашых школах, мяне не задавальняе цалкам».

Паводле перапісу насельніцтва 2009 году, беларускую мову роднай назвалі 53% жыхароў краіны. Гэта на 20% менш, чым падчас папярэдняга перапісу — дзесяцігадовай даўніны. Таксама з 37% да 23% зьменшылася колькасьць тых, хто заявіў, што дома стала размаўляе па-беларуску. Адпаведна, у пачатковай школе ўсё менш дзяцей, якія навучаюцца на роднай мове. Так, у Магілёве з 400-тысячным насельніцтвам на беларускай мове вучыцца адзіная трэцяклясьніца Яліна Салаўёва. Яе маці Надзея Салаўёва хвалюецца, ці здолее дамагчыся, каб і надалей дзяўчынка вучылася па-беларуску:

«Яна па-ранейшаму займаецца адна. Ніякіх дзяцей не дадалося і не дадасца, я думаю, бліжэйшым часам. Бо бацькі ня схільныя аддаваць у беларускую клясу дзяцей у апошнія гады пачатковай школы. Натуральна, што мы будзем праводзіць кампанію падчас пачатку сярэдняй школы — пятай клясы, калі будуць розныя настаўнікі. Магчыма, што тады дзяцей крыху паболее».

Нежаданьне бацькоў аддаваць сваіх дзяцей у беларускія школы і клясы — штучная зьява, выкліканая стаўленьнем дзяржаўных органаў да дзяржаўнай беларускай мовы. Такую выснову Аляксей Лапіцкі — адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы ў Жодзіне — зрабіў, правёўшы анкетаваньне сярод бацькоў і дзяцей:

«Людзі гатовыя аддаваць навучаць сваіх дзяцей па-беларуску, пачынаючы з садку, школы і завяршаючы ВНУ, пры адной умове: што гэта будзе адбывацца на грунтоўным дзяржаўным падмурку. Што беларускай мове будуць нададзеныя стабільныя дзяржаўныя прыярытэты, бо яна ў цяперашніх умовах знаходзіцца ў найгоршым стане».

Гэткім чынам афіцыйная статыстыка засьведчыла, што цяпер у Беларусі на роднай мове навучаюцца 16% школьнікаў, яшчэ тры гады таму іх было 20%. Сярод дашкольнікаў гэтая лічба яшчэ меншая — 11%, а студэнтаў — толькі 0,2%. Намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч мяркуе, што на карысьць беларускай мовы сытуацыя палепшылася б ужо пры выкананьні дзейных законаў, а стварэньне беларускіх ВНУ зьмяніла б яе на карысьць роднай мовы беспаваротна:

«Мне падаецца, што нашыя людзі ўжо настолькі зьняверыліся ў тым, што зь дзяржавай можна эфэктыўна камунікаваць па любых пытаньнях, у тым ліку па пытаньнях адукацыі, што яны ўжо абіраюць іншы шлях. Я думаю, што роднай мове навучаюць нашмат больш дзяцей, чым 16%. Многія лічаць, што прышчапіць любоў да роднай мовы, закласьці падмуркі нацыянальнай культуры можна ў хатніх умовах, ствараючы свой асяродак. З гэтых людзей вырастуць нармальныя грамадзяне, а не такія, якіх хоча бачыць дзяржава незалежна ад мовы навучаньня. Бо мэханізмы камунікацыі зь дзяржавай не працуюць, законы не працуюць, канстытуцыйнае права на выбар мовы навучаньня працуе толькі на паперы, а незалежных судоў, дзе можна гэта адстаяць, у нас, як вядома, няма».

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый у пытаньнях адукацыі, навукі і культуры (UNESCO) заявіла пра пагрозу зьнікненьня беларускай мовы. Гэтая міжнародная арганізацыя зарэгістравала нацыянальную мову беларусаў у міжнародным атлясе «Мовы сьвету ў небясьпецы» («World’s Languages in Danger»). Паводле ацэнкі ЮНЭСКО, сёньня ў сьвеце існуе больш за 6 тысяч моваў. Палова зь іх найбліжэйшым часам могуць страціць сваіх апошніх носьбітаў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]