26-гадовы Адрыэн Бодуэн, які нарадзіўся ў Бруселі і вырас у Манрэалі, аднойчы сустрэў у Менску беларускамоўную дзяўчыну, закахаўся ў яе і вывучыў беларускую.
Цяпер ён вывучае ў Празе паліталогію, што не перашкаджае яму «не пакідаць» мову Багушэвіча. Знаёмства з яшчэ адным далёкім ад Беларусі беларускамоўным замежнікам у межах серыі generation.by «Размаўляй са мной па-беларуску».
Я ўжо нядрэнна размаўляў па-расейску, калі быў у Беларусі. Аднойчы сустрэў і пасябраваў з беларускамоўнымі студэнтамі ў Менску. Тады я зразумеў, што ёсць людзі, якія актыўна карыстаюцца беларускай. Я не хацеў прымушаць іх размаўляць са мной па-расейску. Вярнуўся дахаты й пачаў вывучаць белмову.
Для мяне моўнае пытанне вельмі важнае: я нарадзіўся ў Бруселі і вырас у Манрэалі, у Квебеку. Заўсёды жыў у краінах, дзе мова мае значэнне і нярэдка выклікае палітычныя сваркі. Таму я вельмі адчувальны да моўных праблем, і дзе б я ні быў, намагаюся шанаваць мясцовую мову.
Калі я зноў прыбыў у Беларусь на большы час, то закахаўся ў беларускамоўную дзяўчыну. Каханне, вядома, дае крылы для вывучэння ўсялякай мовы!
Вывучаць беларускую мову цяжка, таму што яшчэ не хапае матэрыялаў. А тое, што ўжо ёсць, складана знайсці. Асабліва за мяжой. У апошнія гады сітуацыя паляпшаецца, напрыклад, выдалі поўны беларуска-нямецкі слоўнік ці выдатны падручнік маёй выкладчыцы з БДУ Таццяны Рамзы. Кнігу «Размаўляй са мной па-беларуску» магу таксама ўсім парадзіць. Апошняя даступная і ў Сеціве. Інтэрнэт вельмі дапамагае, бо там жыве белмова, і ёсць вялікая колькасць якасных старонак.
Таксама я вучыўся два месяцы ў БДУ, мне там вельмі спадабалася.
Складана тое, што існуюць розныя правапісы ці варыянты мовы: «сапраўдная» мова й так названая зрусіфікаваная мова. Таксама цяжка знайсці людзей, з якімі можна размаўляць па-беларуску, асабліва за мяжой.
Але некаторыя словы выклікаюць смех. Напрыклад, «папсуецца» — гэта сур’ёзнае слова, якое мае дзіўны і дзіцячы гук. А слова «цацкі» я часта блытаў з іншым словам. Як іншыя замежнікі, часта вымаўляю ‘ы’ як ‘і’ й таму часам «забыць» гучыць па-іншаму.
Вывучэнне беларускай мовы можна пачаць з падручнікаў, але найважнейшае — цікавіцца беларускамоўнай культурай: чытаць газеты, кнігі, слухаць радыё, музыку, N.R.M., напрыклад. Ёсць таксама беларускія і замежныя фільмы з субтытрамі. Глядзець «Крымінальнае чытво» па-беларуску — гэта вялізная асалода. За мяжой ёсць беларускія згуртаванні, з якімі можна сустракацца, але, на жаль, яны не заўсёды вялікія ці актыўныя.
Размаўляў па-беларуску з усімі акрамя дзяржаўных службоўцаў
У Беларусі я жыў ўсяго 6 месяцаў і бываў там у гасцях некалькі разоў. Калі я займеў добрую ступень ведання беларускай, то стаў карыстацца ёй паўсюль, акрамя выпадкаў камунікацый з дзяржаўнымі прадстаўнікамі. Хіба не хацеў мець праблемы.
Гэта было нялёгка і выклікала ў людзей розныя рэакцыі. У большасці яна была станоўчай. Людзі дзівіліся, радаваліся й часта казалі, што яны б хацелі таксама ўмець гаварыць па-беларуску. Часам было непрыемна, калі прадавец не разумеў і бязглузда на мяне глядзеў, калі я замаўляў каву ці гарбату, напрыклад. Тады падавалася, што я іншапланецянін.
Насамрэч мне вельмі сумна з-за таго, што адбываецца з беларускай мовай. Я хацеў змяніць погляд людзей сваім прыкладам, але, праўдападобна, толькі самі беларусы могуць нешта зрабіць.
Беларуская — рамантычная мова барацьбы
Беларуская мова вельмі прыгожая, нельга спрачацца. Ці падобная яна да расейскай? Так, трошкі, як усе суседнія мовы той жа моўнай групы.
Белмова для мяне не толькі мілагучна гучыць, але таксама мае вялікае значэнне: яна з’яўляецца мовай культуры й барацьбы за іншую, лепшую Беларусь. І яшчэ гэта вельмі рамантычная мова.
Але, на жаль, я амаль ніколі не карыстаюся беларускай з таго часу, як з’ехаў з Беларусі. Гутарыў аднойчы за апошнія паўтары гады. Цяпер я вучуся ў Празе, і трэба было б шукаць беларускамоўных сяброў.
Аднак штодзень чытаю «Нашу Ніву» і іншыя беларускія сайты. Слухаю перадачы «Радыё Свабода», гляджу «Белсат». Сачу за навінамі, хаця яны звычайна дрэнныя і сумныя.
Карацей, як бачыце, я не забыўся!