Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У сцягі загорнутыя

25.02.2013 культура
У сцягі загорнутыя

На канцэртах гурту «Ляпіс Трубяцкі» такое ўражанне, што нацыянальны сцяг цяпер ёсць у кожным доме.

Ранкам пятніцы ля шапікаў на «Інстытуце культуры» тарахціць двухпавярховы аўтобус. Побач, у цемры, паляць і размаўляюць людзі. Хутка яны займуць свае месцы ў салоне, каб праз некалькі гадзін апынуцца ў Смаленску, у іншай краіне, і там «адарвацца» на канцэрце беларускага гурту «Ляпіс Трубяцкі».

Аўтобус забіты пад завязку. Арганізатар паездкі найперш знаёміць мяне з маладым, чарнявым і кучаравым чалавекам побач. Гэта Цім. Ён з Пецярбурга, але жыве ў Мюнхене і піша для нямецкай газеты. Цім таксама едзе на «Ляпісаў».

Нягледзячы на «тоны» інфармацыі, тузіны інтэрв’ю з Міхалком, «Ляпіс Трубяцкі» застаецца добрай тэмай для замежных СМІ. У ёй ёсць ўсе неабходныя кампаненты «апошняй дыктатуры Еўропы»: чорныя спісы, рэпрэсіі, пратэст, забарона.

«Мяне цікавяць чорныя спісы, тое, чаму такі папулярны гурт не можа выступаць на радзіме. Цікава паглядзець на моладзь, якая вымушана ехаць у іншую краіну, каб пачуць сваіх куміраў», — кажа Цім. У Германіі «Ляпіс Трубяцкі» невядомы, кажа Цім. «Я не знайшоў ніякіх звестак наконт выступаў гурту ў Германіі, гастралююць яны, у асноўным, у СНД», — кажа нямецкі журналіст.

Пакуль мы размаўляем, з другога паверха пачынаюць даносіцца песні «Ляпісаў» «дакапіталаўскага» перыяду. Пад «ау, ау, ау, я тебя все равно найду» аўтобус робіць першы «санітарны прыпынак». Пасажыры разгортваюць бел-чырвона-белыя сцягі і пачынаюць фатаграфавацца на фоне аўтобуса. Такое адбываецца на кожным з наступных прыпынкаў.

Такіх «прыпынкаў», дарэчы, спатрэбілася шмат. Ужо недзе на трэцім некаторыя з пасажыраў не зусім упэўнена стаялі на нагах. Калі падчас чарговага прыпынка маладзёны палезлі са сцягам на бетонны шапік прыпынка. Спадзяюся, не толькі я ментальна пасылаў у той час пажаданне не паслізнуцца на заснежаным даху і не перарваць вандроўкі датэрмінова. Але абышлося, нават нейкі кіроўца, праязджаючы пустыннай дарогай, «прабібікаў» знаёмае «жы-ве Бе-ла-русь», чым выклікаў актыўныя авацыі.

Да Смаленска ўсе даехалі без здарэнняў, хоць і з просьбамі арганізатара паводзіць сябе больш стрымана. Аўтобус прыпаркавалі за два крокі ад клуба «Губернский», у якім мусіў адбыцца выступ гурту. Потым пасажырам прапанавалі брыф-экскурсію па Смаленску. Усе таксама загорнутыя ў сцягі. На жаль, пасля наведвання абменніка і ўдакладнення дарогі да бліжэйшага гандлёвага цэнтра слухачоў экскурсіі засталося — на пальцах пералічыць.

На канцэрт акрамя нашага прыехала яшчэ некалькі аўтобусаў. Але большасць дабіралася «сваім ходам». У клубе яблыку не было куды ўпасці. Па рэакцыі залы на словы Міхалка было зразумела, што амаль усе — беларусы. Па моры сцягоў — таксама. Ніколі я не бачыў столькі сцягоў якой б то ні было дзяржавы на якім б то ні было канцэрце. Сцягі былі на жэрдках, іх трымалі ў руках, накідвалі на плечы, завязвалі ў выглядзе шалікаў… Стварылася уражанне, што нацыянальны сцяг цяпер ёсць у кожным доме.

Шоу было дастаткова стандартным, падобным да канцэрта ў Палацы спорта ў 2008: верш Міхалка, песня, верш Міхалка, песня… Але наўрад ці гурт з канцэртным графікам, як у «Ляпіса», будзе рыхтаваць нешта новае на кожны канцэрт, нават калі выступае не на стадыёне, а ў невялікім клубе. Нават калі абсалютная большасць слухачоў — грамадзяне роднай краіны, у якой ты з’яўляешся забароненым музыкам.

Аднак людзі скардзіліся бадай што на адсутнасць дастатковай колькасці свежага паветра, прагіналі падлогу масавымі скокамі, падпявалі, куплялі ў бары піва, куплялі ў фае саколкі — так і павінна быць на канцэрце вядомага рок-гурту.

Увогуле, феномен аднаго з самых вядомых беларускіх гуртоў вельмі займальны. У «дакапіталаўскі» перыяд — сцёбныя песні з ухілам у папсу пра яблыні і яйцы. І раптам «Капітал», сапраўды прарыўны альбом, часткова таму, што ад «Трубяцкога» такога ніяк не чакалі. Перараджэнне «брыдкага качаня» ў «контркультурнага лебедзя», трапнае ўжыццё стылістыкі агітпрапа, маніфестацыйнасць і жорсткасць, ды яшчэ на сцэне Палаца спорту (для Беларусі — жудасна масавая пляцоўка)! Ці здаралася такое калі? Гурт хутка прыбавіў тысячы фанатаў па ўсім СНД і за яго межамі, музыкі не маглі паскардзіцца на пустыя залы.

Не скардзяцца і цяпер. Але апошнім часам «Ляпісы» ўсё больш нагадваюць мне прыклад эталоннага рэбрэндынгу з падручніка па піяры. У кожнага выбітнага выканаўцы ёсць свой непаўторны стыль. Аднак мяне пужае думка, што былая «разынка» «Ляпісаў» стала падасновай іх творчасці, і гурт ператварыўся ў завод па вырабніцтве агітмузпрада: стабільны альбом на год, стабільная лозунгавасць. Зараз ужо і не разбярэш, дзе піяр, а што ідзе ад сэрца.

І ў гэтым кантэксце зашкальваючая колькасць сцягоў — ад шчырага сэрца. І канцэрт «Ляпісаў» для беларусаў — канцэрт папулярнага моднага гурту ці ўсё ж нешта большае? Мае спадарожнікі ў адзін голас заяўлялі: нешта большае. Тое, што прабуджае ўнутры беларускасць і людскасць. Хочацца верыць у гэта. Тым больш прадукт яны робяць стабільна якасны і як канцэртны гурт — адныя з найлепшых, калі не найлепшыя ў Беларусі. Хоць пасля «Рабкора» я часцей раблю выбар на карысць «дакапіталаўскіх» песняў.

Забарона ў Беларусі надала «Ляпісам» флёр рамантызму і гарантавала поўныя залы на памежных канцэртах. А маладым беларусам часта бракуе прасторы, каб выразіць свае нацыянальныя пачуцці: быць моцна маргіналізаваным справа не з лёгкіх, і «Ляпісы на сваіх замежных канцэртах, там, дзе мала чаго пагражае, ствараюць такую прастору. Застаецца толькі спадзявацца, што загарнуцца ў сцяг — гэта не мода, а нешта глыбейшае. І што колькасць тых сцягоў неўзабаве выплеснецца на Плошчы.

Канцэрт жа выдаўся неблагі. Толькі, на мой густ, басу было зашмат.

Кірыла Хілько, «Наша Ніва»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]