Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Vinsent: БТ і «Славянскі базар» - для прыгонных артыстаў

09.03.2013 культура
Vinsent: БТ і «Славянскі базар» - для прыгонных артыстаў

Вядомы рэпер распавядае пра свае адносіны да афіцыйных культурніцкіх мерапрыемстваў і ўдзелу ў праграмах БТ.

Дзьмітрый Папко, вядомы у творчым асяродзьдзі пад псэўданімам Vinsent, зьняўся ў галоўнай ролі ў стужцы Кшыштафа Лукашэвіча «Жыве Беларусь». Яна выходзіць у польскі пракат 17 красавіка і пачне сваё падарожжа па эўрапейскіх кінафэстывалях, абмінаючы ўласна Беларусь. Разьлічваць на паказ у менскіх кінатэатрах не даводзіцца, бо ў фільме якраз распавядаецца пра цяперашнія беларускія рэаліі.

Для вядомага рэпера гэта ўжо другая стужка, дагэтуль ён зьняўся ў фільме «Вышэй за неба». Зрэшты, музыку ён не закінуў, чаму сьведчаньнем - яго сынгл «Tok”, які таксама будзе прадстаўлены гэтай вясной.

Інтэрв'ю з Вінсэнтам для сайта charter97.org запісаў Сяргей Будкін.

- Якім цудоўным чынам ты наогул патрапіў у кіно, не маючы нават адпаведнай адукацыі?

Пачалося з фільма «Вышэй за неба». Прачытаў пра тое, што зьбіраюцца здымаць моладзевы сэрыял і ўсьцешыўся, бо ніхто дагэтуль не рабіў фільма пра жыцьцё нашай сучаснай моладзі, пра тое, чым мы дыхаем, якімі справамі займаемся. Таму і прапанаваў Андрэю Курэйчыку напісаць саўндтрэк. Атрымалася, што ў гэты ж час набіралі актораў і Андрэй запрасіў узяць удзел у пробах. Пасьля пробаў мяне і зацьвердзілі на беларускамоўную ролю героя Макса.

- Табе ня крыўдна, што гэты фільм пакуль так і ня выйшаў афіцыйна? Якое сам маеш меркаваньне пра канфлікт, зьвязаны зь ім?

- Спадзяюся што канфлікты застануцца ў мінулым, і фільм выйдзе афіцыйна на экраны. Мяркую, па той вэрсіі, што зьявілася ў інтэрнэце, стала зразумела, што гэта вельмі важная карціна для сучаснага беларускага кінематографу, які знаходзіцца ня ў лепшым стане. Упершыню за колькі год зьнялі стужку, якая хоць неяк адлюстроўвае сучасную Беларусь, таму спадзяюся, што яна будзе ацэнена належна. І справа тут ня ў тым, добры фільм сам па сабе ці кепскі, розныя меркаваньні ўжо чуў. Гэта штуршок, такога раней не было – і з гэтай пэрспектывы варта глядзець на гэтую працу. Я сам лічу яе абсалютна ўдалай, яна вылучаецца на фоне ўсяго, што было зроблена дагэтуль.

-  Якія ў цябе чаканьні ад стужкі «Жыве Беларусь»?

- Для мяне гэта іншы фільм, бо калі ў «Вышэй за неба» у мяне была другасная роля, то тут граў галоўную. Была праведзена вялізарныя праца і магу сказаць, што ў гэтым фільме ёсьць частка мяне. Ён у прынцыпе прадэманструе, на што здольныя беларускія акторы, бо там задзейнічаныя прадстаўнікі найлепшых беларускіх тэатраў. Спадзяюся, самаадданая праца кінагрупы будзе годна ацэненая гледачамі. Кожны пакідаў усе свае сілы на здымачнай пляцоўцы, каб трошкі адпачыць, узнавіць сілы здаровым сном і зноў выкласьціся на наступны дзень. Думаю ён будзе значным і сімвалічным для ўсёй нашай краіны. Стужка паказвае змаганьне і супрацьстаяньне, што доўжылася на працягу апошніх 20 гадоў, таму будзе часам балюча і складана яе глядзець.

- Маючы сам, як выканаўца, этэры на дзяржаўных каналах, інтэрвію і кліпы, якія паказвалі на дзяржаўным ТВ, чаму ты ад гэтага адмовіўся і фактычна самаліквідаваўся з этэру?

- Прычынаў шмат, але асноўная тая, што нашае дзяржаўнае тэлебачаньне ў большасьці выпадкаў ёсьць сьметніцай прадуктаў другога гатунку, поўная хлусьні і маразму. Ня бачу сэнсу там капацца. На пачатку мае кліпы  на бяскрыўдныя творы «Восеньскі вальс» і «Я працягваю жыць» сапраўды бралі ў этэр, мяне клікалі на праграмы і інтэрвію, але потым зьявіліся такія песьні, як «Слава героям» і «Бог. Радзіма. Воля», то запрашэньні спыніліся. Але мне гэтага ня трэба, бо мяне праз 10 хвілін прагляду дзяржаўнага тэлебачаньня цягне ванітаваць. Цяпер я нават не маю тэлевізара, каб яго гледзець.

- А вось калі раптам паклікаюць на здымкі – пойдзеш?

- Я ня супраць. Але хто паставіць у этэр, напрыклад, песьню «Наша слова ў небясьпецы»? (усьміхаецца). Тым больш, што цяпер я стаў больш асацыявацца з андэграўндам і музыкай пратэсту, таму аддаю сабе справаздачу, што дарога ў некаторыя месцы мне зачынена. Але не пераймаюся з гэтай нагоды, мне пляваць, бо пра ўзровень культуры прыгонных артыстаў і міністраў сьведчыць «Славянскі базар» і «Дажынкі».  

- Чаму ты сам пайшоў вучыцца на журналіста радыё і тэлебачаньня і ці было карысьці з таго?

- Пайшоў на журфак БДУ, бо ён падаўся вельмі жывым. Найперш, дзякуючы людзям. Хоць гэта адзін з самых кантраляваных факультэтаў і вельмі спэцыфічны з пункту гледжаньня ідэалёгіі, а кіраўніцтва факультэта - поўныя прыхлябацелі ды дупалізы, якія душаць сьведамых студэнтаў. Некаторыя асобы, якія стаяць ніжэй за кіраўніцтва, - куды разумнейшыя, але з ідэалягічных матываў ім проста не даюць прасоўвацца. Частка выкладчыкаў вельмі файная, асабліва клясна выкладаецца філялёгія і літаратура. А я ж якраз працую са словам у сваіх тэкстах. Мне тыя заняткі вельмі дапамаглі ў далейшай працы. Менавіта на журфаку БДУ адбыўся і мой першы выступ у 2007 годзе. Мы стварылі нацыяналістычную суполку на факультэце, куды ўваходзілі такія асобы, як Адар’я Гуштын, Ягор Марціновіч, Ася Паплаўская, Франак Вячорка і шмат хто яшчэ.

- Цікавасьць да ўсяго беларускага ў цябе зьявілася падчас вучобы ці ўжо была раней?

- Я нарадзіўся ў цікавых і прыгожых мясьцінах у Заходняй Беларусі, у Івацэвічах. Менавіта ў тых краях нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка, побач - Косаўскі палац, Ружанскі палац. Так што ў мяне перад вачыма была гісторыя. Мусіць адтуль і ўзялася ў мяне прага да беларускай мовы, да беларускага слова, да беларускай гісторыі і да ўсяго патаемнага, што схавана ў вяках.

- Як бы ты ахарактарызаваў цяперашнюю сваю творчасьць?  Яна істотна адрозьніваецца ад таго, што ты рабіў раней.

- Сёньня я імкнуся да экспэрымэнтаў, як з электроннай музыкай, так і з жывой. У прынцыпе тое, што рыхтуецца для новага альбому, будзе істотна адрозьнівацца ад таго, што было раней. Наогул жа не пераймаюся наконт таго, каб трымацца ў нейкім кірунку, і раблю тое, што мне падабаецца. Тыя першыя трэкі, запісаныя яшчэ ў той час, калі я выступаў адзін, без жывога складу, зараз не магу прыняць, бо яны гучаць непрафесійна. Зь іншага боку разумею, што гэта добра, бо я набраўся досьведу і разьвіваюся далей. Шмат ад якіх ранейшых песень я не адмаўляюся, яны цяпер гучаць па-іншаму з жывым складам.

- Калі раптам паўстанеш перад выбарам - музыка ці кіно, дык што тады?

- Мяркую, такога выбару не паўстане, таму што здымкі і канцэрты плянуюцца загадзя, ёсьць пэўны графік. Таму што і ў музыцы, і ў кіно акрамя мяне задзейнічаная вялікая колькасьць людзей, якія плянуюць сваю працу на будучыню. Мне падабаецца граць цікавыя ролі, мне падабаецца пісаць і выконваць песьні. Я атрымліваю задавальненьне ад абодвух заняткаў. Я ўвогуле люблю мастацтва, розныя віды мастацтва. Я люблю слухаць опэру, глядзець спэктаклі, балет з масавымі танцамі - фантастыка. Летам я быў у Парыскім музэі «Арсэй», пабачыў карціны выбітных імпрэсіяністаў і быў вельмі ўражаны. Я хаджу на канцэрты андэграўндных малавядомых шырокаму колу артыстаў электроннай сцэны. І ўсё гэта мне падабаецца! Я прыхільнік мастацтва ў любым выглядзе.

Размаўляў Сяргей Будкін, сьпецыяльна для charter97.org

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]