18 сакавіка 1921 году ў Рызе была падпісаная дамова, згодна зь якой Беларусь была падзеленая паміж Польшчай і Савецкай Расеяй.
Рэзалі па-жывому, не саромеючыся — адны пачуваліся хірургамі, іншыя краўцамі, трэція наогул мастакамі-каляжыстамі: чаго і каго саромецца? Застаўся вядомы здымак, зроблены адразу пасьля падпісаньня: махляры на ім сапраўды стаяць з дужа махлярскім выглядам, не раўнуючы пэрсанажы з фотаархіву Шэрлака Голмса, і відавочна сумуюць па сваіх цёмных дарогах, раскіданых паміж Масквой і Варшавай. Праўда, шмат хто прыплюшчыў вочы, але вінаватая была, вядома ж, магніевая ўспышка... Увага, зараз вылеціць птушка!
«Обе договаривающиеся стороны, согласно принципа самоопределения народов, признают независимость Украины и Беларуси, а также соглашаются и постановляют, что восточную границу Польши, т. е. границу между Россией, Беларусью и Украиной, с одной стороны, и Польшей — с другой, составляет линия...»
Вось у лініі і была галоўная праблема. Лінія падзяліла беларусаў на польскіх і савецкіх — беларусы беларускія, тыя, якія хацелі быць самі па сабе, успрымаліся як нонсэнс, ня варты таго, каб браць яго пад увагу. Лінія гэтая існуе дагэтуль, уецца, ледзь улоўная, па гісторыі, па сьветапоглядзе, па біяграфіях... Беларуская Беларусь лунае недзе па-над ёй і спрабуе ў яе сеяць, кожнага разу прамахваючыся; што нас аб’яднае: мова? Кава? Кафка?
...Калі б нехта ў 1921 сказаў дэлегацыям, якія сабраліся ў Рызе, што гадоў празь семдзесят на парэзаных імі абшарах паўстане нейкая там Рэспубліка Беларусь, усе тыя «махляры» разрагаталіся б і плюнулі гэтаму фантазёру ў твар. Беларускі праект не лічыўся рэалістычным — дый цяпер ён сам па сабе, а РБ сама па сабе; а лінія вось засталася... На яе натыкаешся ў самых нечаканых месцах, як яшчэ зусім нядаўна ў Бэрліне на парэшткі муру. І дзьве душы абапал, маўклівыя, як дрэвы, і, як дрэвы, жывыя і нерухомыя. А нас вецер гоніць...
Прынята лічыць, што пра Беларусь на тых рыскіх перамовах ніхто й ня думаў. «Незавісімость Белоруссіі» «адстойвала» ад імя «белорусского правіцяльства» дэлегацыя РСФСР — праўда, самое «правіцяльства» БССР пра гэта ніхто не парупіўся папярэдзіць. Але слова «Беларусь» на перамовах гучала, асабліва на неафіцыйных, закулісных, якія вяліся ад пачатку савецка-польскага замірэньня — яшчэ задоўга да падпісаньня Рыскай дамовы яе ўдзельнікі думалі пра Беларусь ня горш за Леніна і Акудовіча і нават намагаліся вызначыць яе месца ў новым усходнеэўрапейскім парадку. Думкі гэтыя, асабліва ў палякаў, былі даволі цьвярозыя — толькі вось рамантычнаму беларускаму руху гэтая цьвярозасьць адно толькі замінала.
Удзельнік тых перамоваў з польскага боку Станіслаў Грабскі ў сваіх успамінах пісаў пра тое, як успрымалася тады будучая мяжа — «пэўнае, хоць і не празьмерна вялікае, для нас значэньне мае тое, што Расея разам з Украінай і Беларусьсю прызнаюць, што на захад ад нашай зь імі мяжы ёсьць не якая-небудзь „Заходняя Ўкраіна“ ці „Заходняя Беларусь“, але папросту Польшча».
Іншы перамоўнік, Ян Домбскі, што ні кажы, шмат у чым меў рацыю: «Савецкія Ўкраіна і Беларусь — гэта фікцыі, створаныя бальшавікамі для маскіраваньня іх агульнасавецкага імпэрыялізму. Бальшавікі, магчыма, маюць намер калісьці ліквідаваць гэтыя ўкраінскія і беларускія фікцыі. У выпадку ж зьнішчэньня незалежнасьці Ўкраіны і Беларусі і ліквідацыі саміх іх назваў нашая мяжа павісла б нібы ў паветры. Адзіным трывалым быў бы адрэзак, які мяжуе з Расеяй, які потым можна было б аўтаматычна падоўжыць на поўдзень, бо Расея была б, несумненна, тады спадкаемцам Беларусі і Ўкраіны. Маю ўражаньне, што апошняя бальшавіцкая прапанова можа зьмяшчаць у сабе менавіта прадказаньне ліквідацыі Беларусі, якую бальшавікі... зьвялі да сьмешных памераў... Савецкая Беларусь ня мае ніякіх аб’ектыўных рысаў самастойнасьці і дзяржаўнай незалежнасьці».
Пра БНР ніхто ня згадваў.
Наогул, кожны, хто пачынае гуляцца з этнаграфічнымі межамі, рызыкуе ў іх заблудзіць і выйсьці не з таго боку на міннае поле гісторыі і насустрач уласнай гібелі. Рыскі падзел не прынёс шчасьця нікому з тых, хто яго ажыцьцявіў, і скончыўся ўрэшце тым, чым мусіў скончыцца — вялікай вайной і новымі падзеламі. Апошні зь іх уплывае на Беларусь ня менш за той ганебны Рыскі, і зноў хочацца цытаваць Коласа. Ці перайначваць, што таксама мае сэнс. Бо, сапраўды, к д’яблу іх візы, к чорту граніцы: чалавек нараджаецца не для таго, каб яго рэзалі, расклаўшы тушкай на дзяржаўных мапах, і не для таго, каб ананімная цётачка ў акенцы амбасады вызначала, ехаць яму заўтра ў Парыж ці застацца дома — і калі межы Эўразьвязу не супадаюць з Эўропай і супадаць не зьбіраюцца, значыць, нешта зноў пайшло ня так — і на дарогах паміж Масквой і Брусэлем для нас зноў стала неяк цемнавата.
Альгерд Бахарэвіч, «Радыё Свабода»