Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Мінск прыйшла вясна. Пражская

27.03.2013 культура
У Мінск прыйшла вясна. Пражская

У межах фестывалю сярэднееўрапейскай літаратуры «Шэнгенка» адбылася прэзентацыя адразу чатырох кніг культавых чэшскіх аўтараў.

Калі меркаваць з імпрэзы, ніводнае з прадстаўленых выданняў немагчыма абмінуць увагай, піша budzma.org.

«Для беларусаў чэшская літаратура блізкая і актуальная», — лічыць Сяргей Сматрычэнка. Восем гадоў таму ён пачаў «Чэшскую калекцыю», у межах якой пабачылі свет у перакладзе на беларускую мову шэраг кніг класікаў і сучасных папулярных аўтараў. Адкрылася серыя раманамі «Зваўчэнне» Антаніна Баяі і «Гук сонечнага гадзінніка» Ганы Адранікавай. Сёлета выйшла ажно чатыры кнігі, якія прывезлі з друкарні літаральна за гадзіну да пачатку літаратурна-тэатральнай імпрэзы. Перакладчыкі расказвалі пра творы, а акторы чыталі ўрыўкі з іх.

Рэдактар беларускага выдання рамана «Я абслугоўваў англійскага караля» аўтара «піўной» літаратуры Багуміла Грабала Лявон Баршчэўскі заўважыў, што для яго гэты твор — адзін з самых улюбёных. Дагэтуль паважаны філолаг чытаў яго па-польску і ў арыгінале. Цяпер з раманам у перакладзе Марыйкі Мартысевіч можа пазнаёміцца і беларускамоўная публіка.

«Для чаго ўласна патрэбны пераклад?» — задаўся пытаннем Баршчэўскі. Для таго, каб з дапамогай перакладной літаратуры закрануць пласты, якіх не хапае ў нас, і развіць гарадскую беларускую мову. Грабала вельмі актыўна перакладаюць ва ўсім свеце, а для беларусаў яго «славянская плынь свядомасці» будзе зразумелай і практычна роднай.

Урывак з «Я абслугоўваў англійскага караля» чытаў актор Павел Харланчук, які канчаткова пераканаў прысутных, што з гэтым творам неабходна пазнаёміцца. Аповед вядзецца ад імя афіцыянта, які марыць спазнаць і скарыць свет ды трапляе ў розныя прыгоды.

Другую кнігу — раман «Моцны Жбуць» Ірэны Доўскавай — прадстаўляла перакладчыца Вераніка Бяльковіч, якая ўжо пераклала на беларускую шыкоўны твор «Гук сонечнага гадзінніка».

Яна ўсімі сіламі імкнулася захаваць інтрыгу кнігі, а таму не захацела тлумачыць сэнс назвы, у якой уласна і ёсць асноўнае напружанне твора. Падчас працы над беларускім перакладам Вераніка кансультавалася з самой аўтаркай і заўважыла, што шмат у чым раман аўтабіяграфічны. У ім вядзецца пра гісторыю шасцігадовай дзяўчынкі, якая жыве ў сацыялістычнай Чэхаславакіі. Рэдактарка кнігі Ганна Янкута заўважыла, што не сустракала яшчэ ў літаратуры такога яскравага выяўлення ўнутранага свету дзіцяці. Хоць кніга, канечне, разлічаная на дарослую публіку. Эпізод з рамана вельмі эмацыйна і пранікнёна прачытала Ганна Хітрык, у якой цудоўна атрымалася прапусціць тэкст праз сябе. Акторцы твор падаўся вельмі блізкім, яна пабачыла саму сябе ў галоўнай гераіні, якая нарадзілася ў акторскай сям’і, а таму штодня бывае ў тэатры. Чакае перакладу працяг «Моцнага Жбуця», які аўтарка ўжо напісала.

Кнігу выбраных твораў гуру чэшскага андэрграунда Эгана Бонды прадстаўляў рэдактар выдання Віктар Жыбуль. Гэты аўтар — культавы для чэхаў, але беларусам практычна не вядомы. Яго прыхільнасць да сацыялістычнай ідэалогіі спалучалася з будызмам, ён пісаў тэксты для рок-каманды The Plastic People of the Universe, творчасць якой у ЧССР была пад забаронай, аднак ў 1989 годзе расчараваўся ў аксамітнай рэвалюцыі ды з’ехаў у знак пратэсту супраць падзелу краіны з Прагі ў Браціславу. Памёр паэт і філосаф трагічна — заснуў з цыгарэтай і згарэў.

Прадэкламаваць адзін з яго вершаў ад імя чэшскай працоўнай узяўся сам Жыбуль. Дарэчы, твораў Бонды ў перакладзе на беларускую больш, чым у перакладзе на рускую. Раней чэха перакладаў Ян Максімюк, гэтую ж кнігу ўзяў на сябе Макс Шчур.

Чацвертая кніга — раман «Цудоўныя гады сабаку пад хвост» аўтарства Міхала Вівега, які пераклаў Сяргей Сматрычэнка. Шмат каму запомніўся яго ж пераклад Вівега «Выхаванне дзяўчат у Чэхіі», што друкаваўся ў часопісе «Arche» 11 гадоў таму, але так і не выйшаў асобнай кнігай. За «Цудоўныя гады» перакладчык узяўся, бо гэта, бадай што, самая знакавая кніга для самога аўтара: дзякуючы ёй Вівег атрымаў вядомасць у Чэхіі, а потым і ва ўсім свеце. Цяпер Вівег — адзін з нешматлікіх камерцыйна паспяховых сучасных аўтараў у сваёй краіне. Яго раман у нечым падобны да «Моцнага Жбуця»: у нечым аўтабіяграфічны аповед, прасякнуты гумарам і іроніяй, таксама вядзецца ад імя дзіцяці. Раман зрабіўся бестселерам у шэрагу краінаў Еўропы, паводле яго быў зняты мастацкі фільм. Урыўкі, ці дзённікавыя запісы, ад імя галоўнага героя, хлопчыка Квіда, пад агульны смех залы Ганна Хітрык і Павел Харланчук чыталі разам.

«Чэхі пішуць так плённа, захапляльна і цікава, што не варта засяроджвацца на нейкім пэўным аўтары, бо хочацца паказаць як мага больш шырокую карціну гэтай у нечым роднаснай нам літаратуры», — падсумаваў Сяргей Сматрычэнка, з чаго можна зрабіць выснову, што «Чэшская калекцыя» будзе мець працяг.

Сам жа фестываль сярэднееўрапейскай літаратуры «Шэнгенка» працягнецца ў пятніцу, 29 сакавіка. У гэты вечар будуць таксама прадстаўленая чатыры кнігі, у якіх пра трагічныя падзеі еўрапейскай гісторыі ХХ стагоддзя расказваецца не праз цытаты, лічбы і факты, а праз успаміны, эмоцыі і перажыванні. Сярод іх — твор Нобеля-2002 венгра Імрэ Кертэса, які на аснове ўласных успамінаў пра Асвенцым і Бухенвальд напісаў кнігу «Страчаны лёс».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]