Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Кірыла Насаеў: Мы ўсе павінны стаміцца ад папсы

19.04.2013 культура
Кірыла Насаеў: Мы ўсе павінны стаміцца ад папсы

Кiраўнік мужчынскага хору “Унія” спрычыніўся да знакавых праектаў, што ўзбагацілі беларускую музыку.

Вядомы беларускі хормайстра, музыколяг й пэдагог Кірыла Насаеў – чалавек надзвычай сьціплы. Ён ніколі не выхваляецца сваімі дасягненьнямі і рэдка дае інтэрвію. Ад таго інфармацыі пра яго дзейнасць не так багата. Між тым, Кірыла спрычыніўся да знакавых праектаў - “Музыка Літвы і Кароны”, “Музыка беларускіх храмаў” і, канечне ж, "Беларускія маршы й песьні”.

З пачатку 90-х ён кіруе мужчынскім хорам “Унія”, зь якім зараз зьбіраецца ў Польшчу, каб выступіць на фэстывалі царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы. Мяркуецца даць канцэрт і ў Варшаве. Перад адказнымі гастролямі за мяжу, дырыжор даў інтэрвію сайту charter97.org.

Інтэрв'ю запісаў Сяргей Будкін.

- Ваша імя найперш зьвязваюць з хорам “Унія”. Можна сказаць, што “Унія” – гэта галоўная справа вашага жыцця?

- Ёсьць такая мудрасьць, што ў чалавека мусіць быць справа казённая і справа для душы. Дык вось “Унія” – гэта для душы.

- У чым унікальнасьць гэтага хору?

- Унікальнасьць  у самім стварэньні такога хору. Ён паўстаў на пачатку 90-х, у часы рамантычнай хвалі, калі здавалася, што ўсё зараз “папрэ” ў гэтым накірунку. Таму разам сабраліся людзі: праваслаўныя, каталікі, вуніяты, пратэстанты з адной мэтай - зрабіць “Унію”, каб сьпяваць беларускія царкоўныя, касьцёльныя й храмавыя песьні.

- Вас называюць адраджальнікам мужчынскага камэрнага сьпеву ў Беларусі. Гэта сапраўды так?

- Гэта памылка лічыць “Унію” камэрным хорам. Хоць часам так называюць, бо ў нас камэрны склад. У “Беларускай энцыкляпэдыі” пра хор “Унія” напісана слушна, што наш калектыў вылучаецца арыгінальным канцэртным стылем выкананьня. Мужчынскія хары ў Беларусі былі і да нас, але не на такім узроўні. Гэта былі хоры савецкіх часоў, якія сьпявалі “Полюшко, поле”, “Выйду в степь широкую” ды таму падобнае. Першыя два гады сваёй дзейнасьці мы не сьпявалі сьвецкія песьні, а толькі царкоўныя старадаўнія напевы, псальмы, канты – менавіта беларускія. На гэтым мы выхоўваліся. І толькі потым пачалі сьпяваць такія творы, як “О, Беларусь, мая шыпшына”.

- Атрымліваецца “Унія” узьняла цэлы музычны пласт нячутых раней песень?

- Так, у гэтым кірунку быў заняпад, бо можна было выконваць Моцарта, “Авэ Марыю”, напрыклад, і іншыя духоўныя песьнясьпевы на лацінскай мове, бо ніхто не разумеў пра што гэта, а сьпяваць “Хвала Госпаду” у савецкай краіне, ясная справа, было забаронена. Пры канцы 80-х у Беларусі разгарнулі дзейнасьць айцец Аляксандар Надсан і Гай Пікарда, брытанскі дасьледчык беларускай культуры. І ноты сьпеваў зь беларускай бібліятэкі Францішка Скарыны ў Лёндане сталі распаўсюджвацца па ўсёй краіне. Была мода ў пэўны час на гэта, якую ўзялі некаторыя, а пасьля скончылі. Мы ж сваю справу працягваем.

- Як прынялі сьпевы “Уніі” у той час?

-Найперш “Унію” успрынялі не ў акадэмічна-музычных колах, а ў пісьменьніцкіх, бо мы выступалі па два разы на месяц у Доме літаратара. І толькі калі мы сталі пераможцамі на першым фэстывалі духоўнай музыкі “Магутны Божа” у 1993 годзе, тады ўжо пра нас загаварылі і ў музычных колах, і мы сталі прафэсыяналамі, працавалі пры Магілёўскай дзяржаўнай філярмоніі.

- Вы самі як пачалі шлях у музыцы?

- У мяне тата быў ваенным інжынэрам, але дужа цікавіўся музыкай, а маці настаўніцай па музыцы. Бацькі раз на месяц хадзілі ў Опэру, ясна, што і мяне з маленства бралі. Калі ў хаце маці грала Рахманінава, то я сядзеў побач і проста адстукваў рытм на барабане. Пайшоў у хор хлопчыкаў пры кансэрваторыі, а потым паступіў і ў саму кансэрваторыю з марай пра тое, хто хор павінны быць мужчынскім. Лічу, што музыка – справа мужчынская.

- Адкуль узялася цікавасьць менавіта да беларускага сьпеву?

- Нягледзячы на тое, што ў мяне самога ніякіх беларускіх каранёў няма, я абсалютна ясна для сябе разумею, што калі ты жывеш у краіне, якая цябе выхавала, ты мусіш сьпяваць не “Эх, дороги”,а рабіць справу на карысьць гэтай краіны, дзе жывеш. Падчас перабудовы, калі ўсё закруцілася, я задумаўся хто я і што буду рабіць: ці я буду займацца казачаствам, ці праваслаўнымі сьпевамі, ці паеду рэгентам у Кліўленд, ці ў Маскву. І зрабіў для сябе выбар.

- Як зьявілася ідэя сабраць разам шэдэўры беларускай патрыятычнай песьні і зрабіць праект “Беларускія маршы і песьні”?

- Я праходзіў вайсковую службу у ансамблі песьні і пляскі Чырвонаармейскай акругі, таму добра разумеў гэтую традыцыю й паступова зьбіраў беларускія песьні на патрыятычную тэматыку. У 1993 годзе зрабіў на просьбу кіраўніка ансамбля песьні і пляскі “Пагоню” і “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Тады ж выбіраўся гімн, таму гэтыя песьні былі запісаны для конкурсу. Але ж прыйшоў 1994 год, і ўсё ляснулася, а матэрыял застаўся, таму праз пару год, дзякуючы ініцыятыве Сяргея Дубаўца і “Нашай Ніве”, мы запісалі альбом “Беларускія маршы й песьні. Лірыка змаганьня”.

- Памятаю, што той альбом вельмі хутка стаў рарытэтам. Вы самі можаце назваць праект пасьпяховым у камэрцыйным і ідэйным пляне?

- У камэрцыйным пляне не сказаў бы (сьмяецца). Хоць якраз тады зьявілася новая генэрацыя, якая зацікавілася такімі песьнямі. У сэнсе ідэйным атрымалася ўдала, бо было вельмі добра прадумана. Сяргей Дубавец напісаў, што “Унія” раставіла ўсе “за” і “супраць” наконт усіх пытаньняў, датычных беларускіх гімнаў. Мы сабралі гістарычныя песьні і аўтарскія творы XX стагодьдзя. Там былі і песьні, якія прапаноўваліся раней у якасьці беларускіх гімнаў – “Не пагаснуць зоркі ў небе”, “Пагоня”, “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” і мы паказалі іх стылістыку, што гімнам яны ня могуць быць, гэта проста песьні й маршы. Гэтыя песьні не паслухаеш у машыне і ў канцэртным выкананьні, гэта варыянт для слухавак.  Саму назву “Лірыка змаганьня” прыдумаў Ігар Бабкоў, а фота да вокладкі знайшоў Віктар Корзун, фота датуецца ліпенем 1941-га году й зроблена ў Берасьці. Гэты здымак, дарэчы, пабачыла Алена Адамчык, якая тады фатаграфавала хлопчыкаў з голымі торсамі, і па-добраму пазайздросьціла, настолькі стылёва ён выглядаў.  

- З пазыцыі сёньняшняга дня вы можаце сказаць, што гэтыя сьпевы прыжыліся ў сучаснасьці ці ўсё ж гэта быў толькі экскурс у гісторыю?

- Ведаю, што людзі сёньня выстаўляюць сьпевы з таго альбому ў якасьці мэлёдыі на свой тэлефон (усьміхаецца). Шмат хто рабіў пад натхненьнем ад гэтых сьпеваў нешта сваё, я гэта прымаю з радасьцю, бо якраз і задумваўся праект дзеля таго, каб людзі ведалі і рабілі потым сваё, няхай сабе й гучыць гэта па-іншаму, як тое было, напрыклад, у праекце “Я нарадзіўся тут”. Наогул жа, зараз ёсьць ідэя перавыдаць гэты альбом на CD.

- Ведаю, што вы рыхтуеце працяг праекту.

- Так, зараз распрацоўваецца матэрыял, праект будзе звацца “Беларускія маршы й песьні. Ноч ІДЗЕнь”. У ім будуць песьні менш вядомыя, але вельмі прыгожыя, якія мусілі б увайсьці ў першы альбом, але не ўвайшлі. Напрыклад, “Ах ты, Нёман-рака” на словы Алеся Гаруна, шыкоўны твор, які выконваецца ў палешуцкай традыцыі. Будуць песьні ня толькі невядомых кампазытараў, але й вядомых дзеячоў, як Альбін Стэповіч. Плянуецца, што ў альбом увойдзе і ўкраінская песьня пра бітву на Сініх Водах, хочам скарыстаць украінскую бандуру і беларускую дуду ў ёй. Мы хочам, каб гэтыя сьпевы зноў сталі папулярнымі, як гэта адбылося зь першым альбомам.

- А вы адчуваеце цяпер хоць бы патэнцыйную зацікаўленасьць беларусаў такімі сьпевамі і такімі тэмамі?

- Нядаўна мы зрабілі зь дзіцячым хорам на тры гітары “Простыя словы” на словы Міхала Анемпадыстава, гэты запіс быў выкладзены на дзень народзінаў аўтара “Народнага альбому” і яго адразу ж пагледзелі з паўтысячы чалавек. Мне здаецца, што гэта сьведчыць пра інтарэс да беларускага сьпеву. Бачу, што самім дзеткам ды іх бацькам вельмі падабаюцца беларускія сьпевы. Пад канец году зробім яшчэ зь дзеткамі “Сьнежань, студзень і люты”. Заўважаю, што станоўчыя зьмены адбываюцца, у школах становіцца папулярным этнафальклёр, гэта падабаецца і раённаму, і гарадскому начальству. З харавым мастацтвам, на жаль, сытуацыя іншая.

- Але не сказаць, што сёньня беларускія песьні выконваюцца масава. Што павінна адбыцца, каб беларускі песенны матэрыял стаў запатрабаваным?

- Усе павінны стаміцца ад папсы. Патрэбны час на тое, каб усялякія дзіцячыя “Эўрабачаньні” людзям надакучылі і яны зразумелі, што гэта хвароба й такія конкурсы не вартыя ўвагі. Такое адчуваньне, што дзіцячае “Эўрабачаньне” наогул прыдумалі пэдафілы, даруйце.

- Вернемся да пытаньня беларускага гімна. Вы сказалі раней, што ні “Пагоня”, ні “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” у якасьці нацыянальнага гімна не пасуюць. Раней вы скептычна адгукаліся наконт існуючага варыянту “Мы беларусы, мірныя людзі” і не прымалі ў якасьці прапановы “Магутны Божа”. Ці можа быць гімн, які б задаволіў асабіста вас ды быў станоўча прыняты большасьцю беларусаў?

- “Магутны Божа” сапраўды не пасуе ў ніякім разе. Гэта песьня, якая мусіць яднаць усіх вернікаў Беларусі, але гэта не палітычны гімн, ён ніяк ня можа звацца маніфэстам сучаснай краіны. А што да існуючага варыянту, то я згадваю стары савецкі мульцік пра Нільса і гусей. Дык вось у адным з эпізодаў Нільс граў на чароўнай флейце, каб зачараваць пацукоў. Сам сеў на гуся ды паляцеў, а пацукі, што рушылі за ім, зайшлі ў мора ды патапіліся. Дык вось пад тое, што ён граў, можна было б якраз падкласьці “Мы беларусы…”. Я лічу, што найлепшы варыянт беларускага гімна – гэта мэлёдыя з “Полацкага сшытку”, якая так і называецца – “Гімн”. Гэты твор запісаны, апрацаваў яго наш кампазітар Вячаслаў Кузьняцоў і зрабіў гэта проста шыкоўна. Засталося толькі напісаць пад яго словы. Я тут магу разважаць толькі пра музыку, а не пра словы, бо я не палітык і не паэт, а музыкант.  

Размаўляў Сяргей Будкін, спэцыяльна для charter97.org

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]