Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Мінск пачуў Pink Floyd ужывую

27.05.2013 культура
Мінск пачуў Pink Floyd ужывую

25 мая прыйшло свята на вуліцу беларускіх аматараў Pink Floyd.

У Мінск прыехаў праект The Australian Pink Floyd Show, каб адзначыць 40 гадоў са з’яўлення шэдэўральнага альбому “The Dark Side Of The Moon”, піша budzma.org.

Гэтыя музыкі сабраліся роўна 25 гадоў таму ў Адэлаідзе, каб іграць выключна песні сваёй улюбёнай каманды. Сам па сабе факт малапрыкметны. Інтарэс па ўсім свеце выклікала тое, што аўстралійцы набраліся смеласці аднавіць на сваіх канцэртах атмасферу канцэртаў Pink Floyd ды зрабіць раўназначнае шоў. Амбітная ідэя з поспехам была рэалізавана і яны сталі адзінымі трыб’ют-музыкамі, якія выступалі разам з арыгінальнымі ўдзельнікамі Pink Floyd. На адным з канцэртаў у Лондане да іх далучыліся гітарыст Дэвід Гілмар ды клавішнік Рык Райт, а выказванне Ніка Мэйсана давяршыла сваю справу: “Яны выдатныя, магчыма нават лепшыя за нас”, – зазначыў бубнач Pink Floyd. Праўда, невядома меркаванне Роджэра Ўотэрса на гэты конт.

The Australian Pink Floyd Show прыехалі ў Беларусь у межах сусветнага тура, прысвечанага 40-годдзю шэдэўральнага альбома “The Dark Side Of The Moon”. Да гэтага яны з поспехам далі больш за паўсотню канцэртаў з гэтай праграмай. Шоў аўстралійскіх музыкаў разлічана на вялікія канцэртныя залі. І паўсюль яны збіраюць аншлагі. У Парыжы ім давялося даць два канцэрты запар, не ўсе ахвочыя трапілі на шоў у Маскве, таму гурт адразу пасля мінскага канцэрту ізноў паехаў у расійскую сталіцу з дадатковым выступам.

Танцпляц у Мінску, як і ў астатніх гарадах, на пажаданне музыкаў быў зроблены сядзячым, але ўсядзець слухачам было складана. На сцэне адбывалася сапраўднае таемства. Аўстралійцы гралі, як багі і былі сапраўды максімальна блізкімі да арыгіналу.

Хіба толькі не зусім управіліся з чароўнай “The Great Gig In The Sky”, якую расклалі на трох вакалістак. Гук і светлавыя эфекты былі на найвышэйшым узроўні. Пры ўсім імкненні аўстралійцаў “быць ідэнтычнымі” і аднавіць арыгінальныя “пінкфлойдаўскія” шоў, яны не забыліся на тое, што на двары 2013 год (Pink Floyd апошні раз збіраліся 19 год таму). Адпаведна, музыкі дадумалі за класікаў і відэашэраг, у якім мільгацелі твары Хусэйна, Буша-малодшаша і Блэра. Калі ў залі і была напружанасць у першыя хвіліны, то яе канчаткова зняў саксафаніст Майк Кідсан, які перад сваёй партыяй у “Мoney” імпэтна прытанцоўваў на сцэне. Ну, а поўнае захапленне ў публікі выклікала з’яўленне падчас выканання “Another Brick in the Wall” вялікай фігуры настаўніка, якая сягала столі Палаца спорту. Шкада, што не было жывога дзіцячага хору.

Практычна кожны нумар людзі пазнавалі з паўнамёку. Асабліва гэта тычылася “Shine On You Crazy Diamond” і “Wish You Were Here”. Партыі вакалу выконвалі па чарзе – саліст Алекс Макнамара, басіст Колін Уілсан, гітарыст Стыў Мак, цудоўна падпявалі тры вакалісткі. Дарэчы, адна з іх – чарнаскурая Лорэлай Макбрум спявала ў рэальных “Pink Floyd” і “Rolling Stones”. З некаторай прахалодай хіба прынялі “Astronomy Domine” – песню з самай першай кружэлкі Pink Floyd, што выконвалася Сідам Барэтам. Безумоўна варта асаблівай павагі тое, што аўстралійцы надаюць належнае не толькі класічнаму Pink Floyd, але і ранняй творчасці каманды. Шоў доўжылася дзве з паловай гадзіны і ўвесь гэты час трымала ўвагу гледачоў. Пад канец канцэрта на гуках “Comfortably Numb”, калі ўсё ж узняўся ўвесь партэр ды трыбуны, скептычна настроеных ды абыякавых ў залі папросту не засталося.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]