Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Аляксандар Памідораў: Як можна сур'ёзна абмяркоўваць «Эўрабачаньне»?

27.05.2013 культура
Аляксандар Памідораў: Як можна сур'ёзна абмяркоўваць «Эўрабачаньне»?

Аляксандр Крывашэеў, больш вядомы ўсім пад мянушкай «Памідораў», пэўна адзін з самых пазнавальных айчынных музыкаў.

Ён паўдзельнічаў бадай што ва ўсіх значных праектах апошніх 15 год у беларускай музыцы ды стварыў з сваім гуртом Pomidor/off нямала песень, якія ўжо можна лічыць класікай нашага року. Дзіва, але пры ўсёй запатрабаванасьці Памідорава, як музыканта, шоўмэна, радыйшчыка, сталага занятку ён знайсьці ня можа. Пра цяжкасьці ў працаўладкаваньні, адсутнасьць у беларусаў пачуцьця гумару і пра свае спраўджаныя мары музыкант паразважаў у эксклюзыўным інтэрвію для сайта charter97.org.

- Ведаю, што вы зараз у пошуках працы.

- Хутка будзе два гады ў беспрацоўным стане. Менавіта столькі часу ў мяне стаж не ідзе (сьмяецца). Я не кабінэтны і ня офісны супрацоўнік, гэта бачна, таму ў гэтым кірунку знайсьці нешта цяжка. Па-другое, калі справа тычыцца радыё, то маю пацьверджаньне таго, што мяне проста баяцца. І я не лічу, што гэта дрэнна. Калі чалавек робіць глупства, я ніколі ня буду трываць і наўпрост пра гэта скажу. Натуральна, гэта спадабаецца ня кожнаму кіраўніку.

- Музыка не ратуе?

- З музыкі пражыць у нашым краі немагчыма. Зь яе не жывуць і тыя людзі, якія мільгацяць у тэлебачаньні. Няшмат хто зь іх зьяўляецца аўтарам і выканаўцам, звычайна магчымы прыбытак дзеліцца на 3-6 асобаў. А мой аўтарскі рахунак заблякаваны ці што, бо на ім ужо месяцаў пяць ляжыць 1000 беларускіх рублёў і ўсё. Хоць ведаю дакладна, што мае песьні часам гучаць у этэры радыёстанцый. Ледзь не сказаў «дзяржаўных і ня толькі», але акром дзяржаўных у нас няма іншых.

- Не было думкі пайсьці дворнікам ці вартаўніком, як тое рабілі музыкі раней?

- Мы якраз пэрыядычна даем кватэрныя канцэрты, як тое было ў савецкія часы… Я сапраўды спрабаваў уладкавацца і дворнікам, і грузчыкам, але высьветлілася, што гэта яшчэ тая мафія. Неяк мы з тагачасным маім гітарыстам паперліся шукаць працы грузчыкаў, дык на Таварнай і на Сьцяпянцы нас ледзьве не пабілі, успрыняўшы за штрэйхбрэйкераў. Зараз трошкі іншая сыстэма, чым раней. Цікава было б дасьледаваць гэтую плынь: свае людзі ёсьць на разгрузцы лядоўняў, тэлевізараў, усё ў іх сэгмэнтавана і падзелена.

- Вы вучыліся на рэжысэра тэатра. Чаму справа не пайшла ў гэтым кірунку?

- Мае жыцьцё было зьвязана з тэатрам з малых год. Мая цётка – вядомы тэатральны крытык, маці пасьпяхова грала ў студэнцкім тэатры. Калі мне было пяць год, я пускаў ужо мыльныя бурбалкі ў кабінэце ў Валерыя Раеўскага, да якога пазьней трапіў на курс… Я сябе называю «рэжысэр на пакаяньні», гэта значыць калі аднойчы здрадзіў прафэсіі, то не адчуваеш маральнага права ў яе вярнуцца.

- Чаму не склалася з тэатрам?

- Наш выпуск прыпаў на магічныя часы, 1994 год. Апынулася, што мы, як рэжысэры ды акторы нікому не патрэбныя. З усяго курса хіба чатыры чалавекі працуюць акторамі ў тэатрах, а рэжысэра ніводнага. Хіба што Дзьмітры Марынін, які пазначаны рэжысэрам у фільме «Вышэй за неба», але, прабачце, рэжысурай там ён не займаўся…

- Вы наогул можаце сказаць, ці знайшлі сябе па жыцьці?

- Пэўная частка таго, пра што я марыў – спраўдзілася. Магу сказаць, што я шчасьлівы чалавек. Якраз тая рэжысэрская адукацыі па жыцьці, і ў працы, і ў музыцы вельмі дапамагае.

- А на радыё вы самі сабе перакрылі дарогу?

- Там мяне баяцца, я ж кажу. Я вяртаўся, але тое, што зараз робіцца на радыё мне не падабаецца. Радыё ў нас цяпер пераўтварылася ў плэй-ліст у вінампе і там пануюць густы людзей, якім наогул ня варта даваць слова, у якіх няма нічога ў галаве і якія ня могуць зьвязаць два словы. Нейкі незразумелы «фармат», цэнзура, неабходнасьць зацьверджаньня – гэта ўсё нецікава, гэта ня праца.

- Вы паўдзельнічалі ў здымках двух апошніх гучных фільмаў – «Вышэй за неба» і «Жыве Беларусь». Які зь іх вам мілейшы?

«Вышэй за неба» я не магу назваць фільмам, гэта саматужнае відэа. Праца няўдалая па шмат якіх пунктах. Слабы сцэнар, нявызначаная тэма, ніякай рэжысуры. Фільм «Жыве Беларусь» выклікае шмат пытаньняў, але ён зроблены прафэсыйна. Мая роля і там, і там была зусім нязначнай, фактычна камэо. У «Жыве Беларусь» я браў удзел толькі ў двух здымачных днях, але для мяне было задавальненьнем працаваць з гэтай здымачнай групай. Бачыў, як здымаюць сцэны ў вайсковай частцы і думаю, што ў палякаў ёсьць чаму павучыцца нашым кіношнікам. Я лічу, што фільм у Кшыштафа Лукашэвіча атрымаўся. Не думаю, што варта было выказвацца пра стужку, як тое зрабіла беларуская амбасада. Гэта ж кіно! І самае простае было – паказаць яго ў нашых кінатэатрах і па тэлевізары.

- Вы самі адрэагавалі на апошнія падзеі іранічным праектам «Чорныя грушкі пагрому». Гэта можна назваць сьмехам скрозь сьлёзы?

- Гэты цыкль іранічна-зьдзеклівых песень дагэтуль пішацца. З падобных песень уласна ўсё ў мяне і пачыналася ў гурце «П’яныя госьці». Яны вытрыманыя ў традыцыі хохмы. Як, напрыклад, песьня «Натальлю Радзіну ізноў арыштавалі». Гэта ўсяго толькі твор, ня трэба яго ўспрымаць за дакумэнтальны аповед. І асоба там нерэальная, а проста пэрсанаж. Тое самае, як і пэрсанаж ад імя якога я сьпяваю песьню «Беларускамоўная», якая пісалася з 1997 да 2011 году. Такіх песень шмат і ў нашай традыцыі, і ў традыцыі той краіны, якой зараз, дзякуй Богу ці Гарбачову, няма.

- Гэта такі спосаб ратаваньня ад дэпрэсіі?

- Можа быць і так. Бо трэба заставацца людзьмі і разумець, што на пэўных момантах жыцьцё не сканчаецца і ва ўсім гэтым трэба заставацца свабодным. Мы ня мусім траціць такую каштоўную рэч, як пачуцьцё гумару, якому ў нашым мэнталітэце сёньня проста бракуе месца. Усе сур’ёзна абмяркоўваюць любую зьяву і лаюцца з гэтай нагоды. Але як можна сур’ёзна абмяркоўваць, скажам, «Эўрабачаньне»? І да чаго ў краіне дойдзе справа, калі людзі ў межах адной сям’і рвуць усялякія сувязі, толькі таму што нехта за, а нехта супраць уладаў. Трэба ўсьведамляць, што ў тваім жыцьці важнае, а што часовае. Хоць наша краіна нясе цяжар савецкай спадчыны, калі няма нічога больш пастаяннага, чым часовае.

У вашым жыцьці што самае важнае?

- Для мяне важна само жыцьцё, настрой, каханьне, родныя, музыка і людзі.

Размаўляў Сяргей Будкін, спэцыяльна для charter97.org

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]