На мінулых выходных у Каўнасе адбылася рэканструкцыя адной з бітваў часоў паўстання 1863 году.
Рэканструкцыя адбылася ў рамках фестывалю жывой гісторыі “Каўнас 1863. За вашу і нашу свабоду!”.
Аднавіць падзеі 150 гадовай даўніны з’ехаліся аматары гісторыі з Літвы, Польшчы, Беларусі, Расіі і Украіны, піша "Салідарнасць".
Сапраўдны лагер паўстанцаў разгарнуўся ў парку Сантакас. Усе ахвотныя маглі пабачыць зброю тых часоў, крэмневыя і капсульныя стрэльбы, амуніцыю і, канешне, славутыя касінерскія пікі, пераробленыя з косаў. Дарэчы, кавалі з Варшавы давалі майстар-клас кавальскай справы, дэманструючы як звычайная каса пераўтвараецца ў грозную зброю, якую паўстанцы актыўна выкарыстоўвалі супраць рускай кавалерыі.
Інсцэніроўка бітвы, якая разгарнулася пад Каўнасам на беразе Нёмана, развівалася паводле класічнага сцэнару – аддзел рускай арміі прыехаў набіраць рэкрутаў, дазор паўстанцаў адбіў сваіх хлопцаў, але рэгулярная руская армія даведалася, дзе знаходзіцца лагер паўстанцаў і зрабіла спробу атакаваць яго.
Стрэлы сапраўдных гарматаў і стрэльбаў, зараджаных хоць і халастымі набоямі, гучалі вельмі ўражліва, перакрываючы паўстанцкі покліч “На маскаля!”. Шэрагі касінераў і аддзелаў пастанцаў мужна адбівалі напады рускай арміі, пакідаючы параненых і забітых, але пасля некалькіх няўдалых штурмаў лагера паўстанцаў з боку рэканструктараў рускага войска прагучала: “Отступаем, этот лагерь слишком хорошо защищен!”
Трэба адзначыць, што ўсе ўдзельнікі ставіліся да рэканструкцыі з вялікім пачуцццам гумару і, сыходзячыся блізка, сыпалі жартамі. “Пекна паненка, едем со мной в Сибирь”, – рэкламаваў незабыўнае падарожжа рускі кавалерыст, якога тут жа ўзялі ў палон паўстанцы.
— Мы тут сабраліся не дзеля палітыкі, а з мэтай адпачыць і адзначыць славутую дату нашай гісторыі, — кажа адзін з літоўскіх удзельнікаў. – Атмасфера ў лагеры сяброўская.