Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«ПрайдзіСветы», якія робяць беларускамоўнай сусветную літаратуру

27.06.2013 культура
«ПрайдзіСветы», якія робяць беларускамоўнай сусветную літаратуру

Джэйн Остэн, Артур Конан Дойл, Чак Паланюк, Кафка... Гэта далёка не поўны спіс аўтараў, якіх можна пачытаць па-беларуску ў інтэрнэце.

Часопіс «ПрайдзіСвет» ужо 4 гады займаецца ўзбагачэннем беларускай мовы і за гэты час 1126 твораў зрабіліся беларускамоўнымі. Generation.by напрасіўся ў госці да маладой рэдакцыі некамерцыйнага праекта, які днямі выпусціў новую порцыю перакладаў замежнай літаратуры пра бунтарскі дух біт-пакалення 60-х.

Каманда маладых людзей, якія некалі сустрэліся на менскіх літаратурных курсах, цяпер у свой вольны час перакладае слынных замежных аўтараў на беларускую. На старонках часопіса ўпершыню з’явіліся пераклады на беларускую з ісландскай, афрыкаанс ды рымскага дыялекту італьянскай мовы.

Пачыналася ўсё яшчэ ў 2008, калі завадатарка ўсёй «прайдзісветаўскай» справы Юля Цімафеева і кампанія аднадумцаў выпусцілі першы нумар электроннага часопіса і ледзь паспелі перад ягонай прэзентацыяй паставіць яго на сайт.

«27 траўня ў нас быў такі мандраж, мы баяліся, што наш праграміст не паспее, то бок мы прэзентуем электронны часопіс, якога яшчэ няма ў інтэрнэце. Але ж усё атрымалася, прэзентацыя была ў сем, а нумар выйшаў у чатыры», — узгадвае Ганна Янкута.

Часопіс мае ўжо 11 нумароў і, калі іх раздрукаваць, то можа атрымацца нармальны такі томік памерам з савецкую энцыклапедыю. Кіруюць перакладніцкім працэсам пераважна дзяўчаты.

«Ды я тут толькі для статыстыкі, каб можна было сказаць, што ў нас не адны дзяўчаты», — жартуе Уладзь.

Інтэрнэт-старонка з хуліганскай назвай «ПрайдзіСвет» (штукар, хітрэц) не пакінула абыякавымі літаратурных мэтраў, што пасля першага нумару нават пасмяяліся, маўляў, чаго яны хочуць дабіцца з часопісам «Проходимец»?

«Прайдзісветаўцы» таксама вядуць працу па пошуку даўно забытых перакладаў, таму ў кожным нумары звычайна публікуецца стары пераклад (зроблены ў мінулым стагоддзі), пазначаны барадатым дзядзечкам (лагатып «ПрайдзіСвета»).

«Ёсць такая праблема ў нас, і не толькі ў літаратуры: кожнае пакаленне імкнецца зрабіць нешта наноў, зрабіць тое, што ўжо зроблена, няма традыцыі захавання вось гэтага багажу», — тлумачыць Уладзь.

За чатыры гады ў праекце паўдзельнічала 140 перакладчыкаў, але ж рада заўпэўнівае, што далёка не кожны твор, які дасылаецца, якасна перакладзены і аўтаматычна трапляе на сайт.

«Ходзяць чуткі сярод перакладчыкаў, што наша рэдакцыя самая строгая, усё парэжа, парэдагуе, нічога не пакіне», — усміхаецца Уладзь.

«Але ж так яно і ёсць», — дадае Юля.

Праект трымаецца цалкам на імпэце валанцёраў, якія ў вольны час «штурхаюць» сябе і іншых, каб своечасова былі гатовыя тэксты. Сярод перакладчыкаў людзі розных прафесій, ёсць нават праграмісты, якія ў перапынках паміж пісаннем кода корпаюцца ў слоўніках, робячы паралельна ўнёсак у развіццё роднай мовы.

«Пераклад — гэта перш за ўсё творчасць. А прага творчасці — гэта абсалютна нармальнае, нават прыроднае пакліканне, якое, дарэчы, ніякім чынам не замінае таму, каб сядзець у кавярнях і адпачываць на пляжы. Што тычыцца беларускай мовы, то тут нашмат шырэйшае поле для творчасці і працы. Столькі ўсяго яшчэ не перакладзена! Бярыся хоць за Шэрлака Холмса, хоць за Тома Соера! А часам нават прыходзіцца распрацоўваць пэўныя літаратурныя стылі, на якіх беларускамоўных твораў не пісалі. І гэта ўсё страшна цікава!» — упэўненая Юля.

Юля Цімафеева

Мовы перакладу: англійская, іспанская, партугальская

«Ўітмэна хачу перакласці, але для яго патрэбны настрой. Ўітмэн настолькі пачуццёвы, там столькі шмат гэтага пачуцця, што каб яго перакладаць, таксама трэба быць у гэтым настроі, нельга проста яго ўзяць, а трэба закахацца, тады толькі можна перакладаць.

Я неяк знайшла такога цікавага паэта — Мэцью Дзікмана, спісалася з ім, выявілася, што ён на той час у піцэрыіі працаваў. Ён не быў яшчэ такім знакамітым паэтам. Я пераклала, даслала яму, ён расказаў, што раздрукаваў, павесіў на сцяне. Гэта ж першы пераклад на замежныя мовы ягонай творчасці быў! Цяпер ён дастаткова знакаміты паэт, так апынулася, што мы адкрылі яго да таго, як ён стаў вядомым».

Уладзь Лянкевіч

Мовы перакладу: французская, старафранцузская, польская, руская, англійская, украінская

«Пітэра Пэна хачу даперакладаць. Перакладчык, які займаецца выключна перакладам, каціруецца вышэй, але, на жаль, я не з такіх. Гэта значыць, што пераклад для такога перакладчыка — гэта не нешта такое, кшталту „я не магу прыдумаць вершы, пайду тады перакладу чужыя“. У Беларусі традыцыйна большасць перакладчыкаў былі заўсёды паэты, якія не прыдумалі што напісаць, альбо празаікі, у якіх усе думкі скончыліся, альбо іх не друкавалі за савецкім часам, вось яны і перакладалі.

Калі пішаш свае думкі, гэта ж не значыць, што яны харошыя, лепш перакладаць чужыя добрыя, чым пісаць свае паганыя. Меней зганьбішся»

Ганна Янкута

Мовы перакладу: англійская, польская, нідэрландская, афрыканс, ідыш, лаціна, ісландская, шведская, нямецкая

«Хачу скончыць раман Джэйн Остэн «Пыха і перадузятасць», пераклала пакуль толькі 7 раздзелаў.

Пераклад — гэта таксама творчасць. Напрыклад, ты бярэш замежнага аўтара, у якога стыль пісання такі, якога у беларускай літаратуры і блізка не было і табе трэба ўявіць, як па-беларуску гэты стыль выглядае.

Наша перакладчыца Наста Гвоздзева пераклала сучаснага бразільскага пісьменніка Радрыгеша. Потым яна знайшла неяк у інтэрнэце блог невядомага бразільца, дзе была спасылка на беларускі пераклад і прыблізна такі подпіс па-партугальску: «Вось беларусы ведаюць сучаснага бразільскага пісьменніка Алешандры Радрыгеша, а мы, гады, не ведаем, такія мы неадукаваныя».

Алеся Башарымава

Мовы перакладу: дацкая, шведская, англійская, украінская

«Хачу перакласці чацвертую і пятую кніжку пра мумітроляў. («Капялюш чарадзея» Тувэ Янсан, перакладзены Алесяй Башарымавай, выйшаў у 2011 годзе ў выдавецтве Змітра Коласа)

Я эканаміст-маркетолаг паводле адукацыі. Аднойчы мне прачыталі ўрывак з адной з кніжак пра мумітроляў Тувэ Янсан, і я тады вырашыла пачытаць усіх гэтых мумітроляў. Прачытала, праніклася, пачала потым шукаць, дзе пачытаць па-беларуску — і не знайшла. Больш за тое, я знайшла ў інтэрнэце мапу, на якой пазначана, у якіх краінах кніга выйшла на сваёй мове, у якіх — не. І Беларусь такая беленькая дзірачка. Трэба, значыць, перакладаць, таму і пачала вучыць шведскую. Калі б твор быў бы па-фінску, то вучыла б фінскую».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]