Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Гітлер таксама «любіў» дзяцей

21.08.2009 политика
Гітлер таксама «любіў» дзяцей

Так павялося ва ўсім свеце. Якія б там жарсці ні хвалявалі краіну, але на пачатку новага навучальнага года нават самыя надзённыя праблемы паціху адступаюць у цень.

А у сонечным святле і моры кветак застаюцца толькі яны, нашы дзеткі. Наша ўсё.

І з паступовым набліжэннем таго дзівоснага дня, калі павінен празвінець першы званочак, нават у самых заможных краінах усё больш выразна чуецца буркатанне незадаволеных бацькоў. У школах і тое не так, і шмат што яшчэ не гэтак. Дзеля чаго тады збіраюцца падаткі? Куды глядзіць урад? Чаму маўчыць парламент?

І толькі ў дыктатарскіх краінах няма і тут праблем. Толькі адно замілаванне. Бо не было яшчэ дыктатара, які не любіў бы малых дзетак. Тым болей, калі яго здымаюць для гісторыі. Калісьці Міхаіл Ром, гартаючы ў сваім знакамітым фільме нямецкую кінахроніку, заўважыў гэтую сентыментальнасць у паводзінах сумнавядомага Адольфа Алаізавіча: “Вот он с девочкой, а это – с белочкой”. І савецкі правадыр гэткім жа чынам дэманстраваў кінааператарам сваю прыхільнасць да падрастаючага пакалення. Ён у шэрым шынялі, а дзяўчынка ў нечым легкім, нібы само паветра. Ды яшчэ з белым банцікам. Па ўсім відаць, што на свяце тым - халадэча лютая. Але дзеля прапаганды і малая можа пацярпець. Затое які кадр для гісторыі! Сам правадыр дзіцё бярэ на рукі і ставіць перад сабой на парапет трыбуны маўзалею. Дэманстрацыя працоўных на Краснай плошчы раве і плача ад бязмежнай гордасці за сваю краіну. Вось ён, сымбалічны партрэт дзяржавы рабочых і сялян – правадыр у салдацкім шынялі і дзяўчынка з белым банцікам.

Тутэйшы кіраўнік з гэткай жа дзяўчынкай на руках перад калонамі працоўных таксама для гісторыі быў зафіксаваны. Але відавочная другаснасць прапагандысцкай кампазіцыі безнадзейна псавала тыя здымкі. І тады ён сам пачаў ствараць сабе піяр. Узяў Колю і пакатаў яго на матацыкле. Байкеры, сведкі эксклюзіўнага відовішча, ачмурэлі ад нечаканага шчасця. Даішнікі аслупянелі. Без адпаведных шлемаў на матацыкл і садзіцца забаронена. Але хто ж пасмее тут нават чырыкнуць. Да таго ж ёсць катэгорыя грамадзян, для якіх закон не пісаны. І ўвогуле, што казаць! Матацыклы, байкеры ў піяркампаніі – знаходка неблагая. Гэта вам не голы Пуцін на кані. Вось толькі з падрастаючым пакаленнем зноў нейкая нявыкрутка. Толькі ў першы клас сабралася сёлета ажно восемдзесят сем тысяч. На матацыкле ўсіх не пакатаеш. А хочацца ж ахапіць і гэты кантынгент.

І тады абраны быў стары, але надзейны ход. Усім здаўна вядома, што кніга - найлепшы падарунак. Вось менавіта ў гэткай ролі яе і вырашыла ўлада скарыстаць. Пакрыўджаных не будзе. Цяпер кожны, хто пойдзе ў першы клас, атрымае кнігу са шчымлівай назвай “Мая Радзіма Беларусь”. У якасці асабістага падарунка ад таго, хто сёння на чале дзяржавы. Ведае той першакласнік літары ці не, гэта не істотна. Але ён павінен змалку ведаць, хто ў ягоным краі найгалоўнейшы начальнік. А дзеля гэткай высакароднай мэты ніякіх сродкаў не шкада. А тым больш дзяржаўных.

Пра што тая кніга? Ды гэта таксама не істотна. А важна толькі тое, што зазірнуўшы ў кнігу, малое адразу ўбачыць парадны партрэт кіраўніка ўсенароднай вертыкалі. Дзеля гэтага ж і быў задуманы той нечаканы “падарунак”.

Толькі ў гэтай прапагандысцкай ідыліі ўзнікае мімаволі адно прыкрае пытанне. А ці варта чыноўніку, калі ён нават самы найвышэйшы, так навязліва торкаць сваю выяву ў школьныя падручнікі, нават факультатыўныя? Чыноўнік – чалавек часовы. І лёс яго непрадказальны. У свой час да чаго ўжо сталёва-непахісным здаваўся ўсяму свету той правадыр у салдацкім шынялі. А прыйшоў таварыш Хрушчоў і загадаў павыдзіраць яго з усіх падручнікаў. Нялёгкай была праца. Ледзь паспелі вынішчыць, як выдзіраць давялося ўжо самога таварыша Хрушчова. І працэс той быў няспынны. Засвоіць бы нам неяк гэты прыклад. Тым болей, што саўковыя традыцыі ва ўладзе тутэйшай захаваліся ў найлепшым выглядзе.

І з гэткім падарункам ці варта было да малодшых школьнікаў спяшацца. Можа, калі ўжо так карцела, большую карысць прынесла б першакласнікам кніга беларускіх казак? Або варта было б вярнуць школьнікам бясплатны праезд на грамадскім транспарце, так у іх нахабна адабраны. Можа не збяднелі б? Ёсць жа у дзяржавы сродкі на партрэты, вострай неабходнасці ў якіх пакуль што выявіць нікому не ўдалося. Да таго ж зусім у іншых падручніках сёння востая патрэба. Дарэфармаваліся ужо да таго, што замест дэкляраванай нядаўна дванаццацігодкі ўводзяць зноў адзінаццацігадовае навучанне. І няшчасныя старшакласнікі ўвесь цяжар чынавенскага глупства прыняць павінны на сябе. З падручнікамі зноў праблема. Як заўсёды, не паспелі зарыентавацца. Але ў Міністэрстве адукацыі пануе аптымізм. Школьнікі ў нас разумныя, у выпадку чаго здолеюць патрэбнае скачаць і з інтэрнэту.

Сапраўды, пра што размова! Так і ўяўляецца лірычнае відовішча напярэдадні Калядаў. Позні вечар. Да страхі занесеная снегам хата ў нейкай вёсачцы. Бацька каля печы.

Рамантуе зношаны хамут. А сынок - каля кампутара. Па хуткасным інтэрнэце на прынтэр скачвае падручнік. У тэлевізары спяваюць жаласна анёлы. А на сцяне – партрэт парадны. З белым банцікам.

Новы навучальны год няўмольна набліжаецца. Краіна рапартуе пра гатовасць да яго. І дасягненні немалыя. Адчынена ажно чатыры новых школы. Праўда, зачынена дзевяноста восем, але настрой святочны псаваць статыстыкай не варта. А тым больш, трывожыцца, што колькасць тых, хто навучаецца па-беларуску, за апошнія пятнаццаць год зменшылася ўжо катастрафічна. Вунь у жодзінскіх рупліўцаў народнай асветы – сапраўднае дасягненне. Зачынены нарэшце апошні беларускі клас. Толькі з трэцяй атакі чынавенству тое ўдалося. Цяпер спакойна можна калупаць дзірку пад узнагароду. Улада подзьвіг не забудзе. Можа даць нават ордэн Скарыны.

Таго, што з Піцера.

Последние новости:
Путин лжет 23.11.2024 Путин лжет
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]