У бліжэйшых планах гурта напісанне матэрыялу для новага альбома.
Гурт IQ48 запісаў сінгл «Зброя» і прэзентуе яго на Ultra-Music. Сінгл складаецца з двух песен — «Зброя» і «Гарэлка», — якія войдуць у новы альбом гурта.
— Цікава, калі нарадзіўся тэкст «Гарэлкі», я быў «за» бухач. Ну, гэткая рамантыка. Але калі зараз песня бачыць свет, я ўжо «супраць», — кажа гітарыст гурта Яўген Бузоўскі, які напісаў тэкст да песні. — Алкаголь — хітры жук, ён гадамі нам акуратненька навязваецца ў неразлучныя сябры. Бывае, дорыць прыгожыя ўспаміны, а калі няма ўжо сілаў, проста бязлітасна дабівае. Але кожны абірае «за» ці «супраць» — пра тое і песня.
Песні запісаныя на студыі «Таксафон» ў кастрычніку 2013 году. Гукарэжысурай займаўся гітарыст гурта Павел Яноўскі. Па словах музыкаў, сама песня «Зброя» адрозніваецца ад іншых твораў гурта, таму яны і вырашылі выдаць яе асобным сінглам.
— «Зброя» — гэта погляд на незаконны гандаль зброяй, стаўленне людзей да зброі, нават спроба адкрыць людскія комплексы, чалавечую гнілату, звязаную з гэтай тэмай, — кажа вакаліст гурта Аляксандр Ракавец. — Песня свежая, таму і вырашылі яе выкінуць у сеціва. На мой погляд, яна крыху адрозніваецца ад нашых іншых песен.
У бліжэйшых планах гурта напісанне матэрыялу для новага альбома, а таксама актыўная канцэртная дзейнасць. Бліжэйшы выступ IQ48 адбудзецца 17 лістапада ў клубе ТNT, уваход будзе вольны.