Гурт J:Морс прадстаўляе сваю новую беларускамоўную кампазыцыю.
«Джала» - адзін зь першых вынікаў працы па падрыхтоўцы новага альбому, якую распачаў гурт J:Морс пры канцы лета 2013 году, піша tuzin.fm.
Уладзімер Пугач кажа, што гатова яшчэ некалькі кампазыцый, але менавіта гэты твор найлепш выглядае на «сынглавую рэч», таму і паказваюць яго ў першую чаргу. «Я падумаў, што будзе слушна, каб менавіта гэтую песьню паказаць, бо па духу і ўспрыманьню яна для мяне найбліжэйшая за ўсе ў дадзены момант», - кажа лідэр J:Морс.
Менавіта «Джала» папрасілі выканаць J:Морс для падтрыманьня баявога духу кіраўніцтва баскетбольнага клюбу «Цмокі» падчас іх гульні ў «Менск-Арэне» зь літоўскім «Няптунас». Будзе гучаць песьня і непасрэдна на сольных канцэртах гурта.