Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Аліна Талай: Мы сябе падаем як ВКЛ, асобная дзяржава

06.12.2013 общество
Аліна Талай:  Мы сябе падаем як ВКЛ, асобная дзяржава

Аліна Талай распавяла пра свае захапленнi і адносіны да беларускай гісторыі.

Прызёрка чэмпіянатаў свету і Эўропы ў бегу з бар’ерамі вядомая ў беларускіх медыях пазітыўнымі выказваннямі пра бел-чырвона-белы сцяг і беларускую мову. Аліна Талай распавядае generation.by пра тое, як завесціся на старце, як беларускія спартсменкі падпрацоўваюць у ЖЭС, пра рускіх і Рэч Паспалітую, а таксама пра адвечны сум і сарамлівасць нашых людзей.

Жыву цяперашнім, раблю тое, што падабаецца

Калі ўзгадваць дзяцінства, то ў мяне не было такой мары стаць касманаўтам, альбо супер-героем ці яшчэ кімсьці. Я задумвалася, што ўсе мае сябры хацелі стаць некім, а ў мяне такога ніколі не было. Максімум, што я думала, гэта пра ветэрынара. Бо вельмі любіла жывёл, як і ўсе ў дзяцінстве. Але такой канкрэтнай мары, кім я хачу стаць і чым займацца, ніколі не было. Я дагэтуль не ведаю, чым хачу займацца. Заўсёды хацелася займацца ўсім патроху. Проста я жыву цяперашнім і неяк так не задумваюся, кім хачу стаць. Раблю тое, што падабаецца. Дарэчы, я ніколі і не думала, што буду прафесійнай спартсменкай.

Рускія і Рэч Паспалітая

У школьны перыяд вельмі захаплялася гісторыяй. І потым чытала яшчэ не адзін артыкул альтэрнатыўнай гісторыі. Але вельмі складана бывае з некаторымі размаўляць на гэтую тэму. Такія стэрэатыпы бываюць, што цяжка іх пераканаць, асабліва рускіх. Спрачалася з адным рускім спартсменам наконт падзелаў Рэчы Паспалітай. Ясная справа, што ў кожнай краіны свая гісторыя, але з гэтымі імперыялістычнымі поглядамі цяжка змагацца. Мы сябе падаем як ВКЛ, асобная дзяржава. А ў іх трохі іншы погляд на гэтыя рэчы.

Я ўзгадваю, у школе гісторыя была такая: вось падзея, але не зразумела, як і чаму гэта адбылося. Напрыклад, рэвалюцыя. Называліся нейкія прычыны, але ты ўсё адно неяк не вельмі разумееш, што і адкуль бярэцца. Дагэтуль люблю гісторыю. Вось зараз чытаю кнігу Бушкова пра Сталіна.

Зразумела: не маё

Нават у адзінаццатым класе, калі ўсе вырашаюць, куды паступаць і кім хочуць стаць, я не ведала. У мяне толькі цяпер пачынае фармавацца паняцце таго, якой прафесіяй я хачу займацца. Тады ты абсалютна не разумееш, што хочаш ад жыцця. Спачатку я хацела паступаць у «Сахарава» на нейкае біялагічнае нешта. Пасля абрала «Максіма Танка», але на бясплатнае не прайшла. Пайшла ў медычны коледж, правучылася тыдзень. Зразумела: не маё. Забрала дакументы, а што рабіць? Жыла ў Воршы з бацькамі, трэніравалася.

У ЖЭС кантралёрам вымяральных прыладаў

Падумала, а ці не пайсці б мне працаваць, паспрабую, што гэта такое. А без адукацыі куды цябе возьмуць, тым болей у Воршы. Карацей, уладкавалася ў ЖЭС кантралёрам вымяральных прыладаў. Трэба было хадзіць па сутарэннях дамоў і запісваць паказанні. Было цёмна, страшна. Мяне хапіла на пяць месяцаў. Праца, канечне, за капейкі плюс кантынгент адпаведны. Калі браць людзей паасобку, яны, напэўна, усе нядрэнныя людзі. Але ясная справа, што амбіцый няма, памкненняў нешта дасягнуць у жыцці таксама. Бывала, у дзевяць ранку нехта ўжо прыходзіць нападпітку. Павучальна вельмі было. Гэта быў такі вельмі добры штуршок для таго, каб я нечага дасягнула ў жыцці. Бо мне жыць так, як яны, вельмі не хацелася. Прыйшлося далей развівацца.

Калі нешта рабіць, то рабіць гэта класна

У дзяцінстве былі ў асноўным машынкі, таксама звярушкі. Усе мае сяброўкі, мы ўсе такія свавольніцы, заўсёды на вуліцы бегалі. А пасля з’явілася такая кампанія, гітара, усе справы. Вельмі, дарэчы, хацелася навучыцца граць на гітары. Гэта марай засталося дагэтуль. Нешта часам спрабую рабіць. Яшчэ, на жаль, няма голасу. Яго, канешне, ставяць, але ўсё адно ён не будзе гучаць так класна, як хочацца. А калі нешта рабіць, то рабіць гэта класна, я ў гэтым плане перфекцыяністка.

Металкор, каб завесціся

З музыкі люблю рознае. З беларускага — «Ляпіс Трубяцкі», «Дай дарогу!», Akute. А перад самім спаборніцтвам звычайна слухаю металкор, каб завесціся.

Пераходны перыяд

Да класа сёмага я была выдатніцай, але пасля пачаўся спорт. А калі пачынаецца спорт, ты становішся не такой захопленай вучобай, ужо захапляе спорт. Таму і адзнакі трохі скаціліся. Калі пачаўся пераходны перыяд (хаця можа ён у мяне зацягнуўся), са мной дастаткова цяжка было настаўнікам. Я вельмі такая запальчывая і не люблю, калі мяне прымушаюць нешта рабіць.

Толькі я засталася ў спорце

Дзіцёнкам была вельмі актыўным, увесь час недзе насіліся. Ясная справа, трэба было гэту энергію некуды накіраваць. Спачатку займалася ў школе турызмам. Неяк на спаборніцтвах трэнер заўважыў, што я добра бегала і скакала, і запрасіў у секцыю па лёгкай атлетыцы. У мяне не было такога, што я кучу секцый перабірала, перад тым як знайшла сваю. Мне адразу спадабалася. Тым больш, што там была такая кампанія, а ў такім узросце, калі шмат дзяцей і табе з імі цікава, то цябе туды цягне. Але з той кампаніі толькі я засталася ў спорце.

Не лічыла спорт прафесійнай дзейнасцю

На наступны год паступала ва ўніверсітэт фізкультуры. Пасля школы яшчэ напэўна гады два не зусім разумела, што далей у жыцці будзе, кім я буду. І не лічыла спорт прафесійнай дзейнасцю і не думала наогул, што далей усё будзе звязана з гэтым. Пайшлі пэўныя поспехі ў спорце. І калі заняла на чэмпіянаце Еўропы трэцяе месца сярод юніёраў, тады зразумела, што ў мяне гэта атрымліваецца і я магу спаборнічаць на пэўным узроўні.

Мяне складана пераканаць

Я з тых людзей, каторыя, не скажу, канешне, што не моцна прыслухоўваюся да меркавання астатніх, проста, калі я нешта для сябе вырашу, мяне складана пераканаць і паўплываць на мяне не моцна нехта можа.

Саромеюся падыходзіць да такіх людзей, якія нечага дасягнулі

Завочна я ведала Юлю Несцярэнку, напэўна, і яна таксама мяне ведала. Але ўпершыню падышла да яе ў 2010 годзе, маўляў, а можна з вамі сфатаграфавацца. Неяк так гэта было. Я вельмі саромеюся падыходзіць да такіх людзей, якія нечага дасягнулі. Мне падаецца, што я нешта такое незразумелае ў параўнанні з імі, што яны не звернуць на мяне ўвагі.

Нармальна жыць і тут таксама можна

Жыць можна паўсюль. Галоўнае, якія ў цябе патрабаванні і амбіцыі. І самае важнае пытанне — гэта з кім жыць. Нармальна жыць і тут таксама можна. За мяжу з’ехаць — гэта таксама не так усё лёгка, там сваіх праблем хапае. У мяне няма такога, што тут усё дрэнна, трэба з’язджаць.

Сумныя беларусы

Не ад аднаго чалавека чула, што беларусы спакойныя. У нас жа вельмі шмат таленавітых людзей, якія з’язджаюць ва Ўкраіну, Расію і там дасягаюць нечага. Вельмі хацелася, каб у нас былі таксама такія ўмовы. Ясна, што гэта не так і ў грошах ацэньваецца і агулам. Хацелася, каб больш цанілі таленавітых людзей. Яшчэ хацелася б, каб людзі былі больш добрымі і ўсміхаліся. Яны ўсе такія ў сваіх праблемах, сумныя. У рэгіёнах усё яшчэ больш кантрастна. Невялікія зарплаты і людзі болей азлобленыя.

Семкі лузгаюць і такія: «Чё?»

Аб Воршы склаўся такі стэрэатып, як аб бандыцкім горадзе. Але я на вуліцах ніколі не бачыла такіх людзей, каб семкі лузгалі і такія: «Чё?». Такога даўно не было. Адзін з любімых гарадоў — гэта Берасце. З аднаго боку ён такі невялікі, з іншага і размах такі прысутнічае. Але вельмі ўтульны. Плюс там не мала там маіх сяброў жыве.

Шалік завязаў — і ты ўжо стылёвы

Самыя класныя замежныя гарады — Барселона і Рым. З адкрытым ротам ходзіш і глядзіш, не можаш зразумець, што тут стаіць Калізей, а тут будынак 18 стагоддзя. І людзі там такія вельмі стылёвыя. І там літаральна шалік завязаў — і ты ўжо стылёвы, там усе з шалікамі ходзяць.

«Опачкі!» раптоўна адкрываецца краявід

Не асабліва ўдаецца паглядзець нешта падчас спаборніцтваў. У Лондане былі, схадзілі на Таўэрскі мост, Біг Бэн, сфатаграфаваліся і далей пабеглі. Неяк гэта так атрымліваецца. Але ў вольны ад трэніровак час імкнуся вандраваць. Вось нядаўна ездзілі ў Нясвіж і Мір. Мірскі замак бачыла раней толькі на фотаздымках. Там атрымліваецца, што едзеш на машыне, заязджаеш на такі ўзгорак і потым так «Опачкі!» раптоўна адкрываецца краявід. Уразіў. Падобнае адчуванне, калі я на моры была. Таксама выходзіш, нічога не відаць, кусты нейкія, і потым выходзіш і рэзка мора, прастора захоплівае.

Інвестыцыі

Калі ты заваёўваеш медалі, калі ёсць імя і дасягненні, то, зразумела, узровень заробку вышэй, чым у людзей, якія толькі пачынаюць нешта паказваць. Узровень заробку юніёраў ну зусім не вельмі. Таму многія з іх кідаюць спорт і ідуць некуды працаваць, каб нармальна зарабляць. Сумяшчаць немагчыма: дзве трэніроўкі ў дзень і праца. Цябе хопіць на два-тры месяцы і ты не пакажаш ні там нармальнага выніку, ні там. Прафесійнаму спорту трэба надзяляць вельмі шмат увагі. Альбо ты ў спорце, альбо ты працуеш. Таму і хацелася б, каб яны ўжо нешта атрымлівалі, а не так, маўляў, пакажыце спачатку вынік. Проста гэта інвестыцыі.

Дзяцей ну проста не заўважыш на вуліцах

Неяк была ў Нямеччыне, прыходзіла на стадыён патрэніравацца. Вельмі шмат людзей бачыла сталага веку, яны ледзьве ходзяць, а спрабуюць яшчэ і бегаць. Бацька з дачкой. Вельмі шмат людзей звычайных. У Даніі неяк быў прабег, прыйшло вельмі шмат людзей. І я пабачыла бабульку, якая так бегала, напэўна кайф атрымлівала ад гэтага. А ў нас ёсць і актыўныя людзі, але хацелася б, каб іх было больш. Каб яны не толькі прыходзілі дадому і адпачывалі, але і хадзілі на стадыён. Не трэба нават грошы плаціць за фітнэс-цэнтры, проста на стадыён можна прыйсці пабегаць і нешта парабіць. У свет камп’ютэрызацыі гэта асабліва важна, таму што дзяцей ну проста не заўважыш на вуліцах. У нас у двары раней было куды больш дзяцей, чым цяпер.

Чаму я не магу сказаць пра праблемы лёгкай атлетыкі?

Што тычыцца шуміхі наконт майго выказвання, то мая пазіцыя такая: кожны мае права выражаць сваё меркаванне. Чаму я не магу сказаць пра праблемы лёгкай атлетыкі? Можа гэта і рэзкавата выйшла, але я так думаю. Дай Бог, каб у нас зараз усё атрымалася. Мне падаецца, што мы ўжо адштурхнуліся ад дна і магчыма ў бліжэйшыя гады будзе відаць вынік.

Трэнер — гэта адзіны чалавек, які можа мяне «наладзіць»

Калі б на Ўніверсіядзе не было майго трэнера, то не было б такога выніку. Таму што ён змог мяне так наладзіць, унёс карэктывы ў бег. Калі б гэта ўсё было ў Маскве, то ўсё б па-іншаму склалася. Асоба трэнера вельмі важная асабліва на спаборніцтвах, у цябе такі ідзе псіхалагічны разброс, ты не разумееш, што дзе. Трэнер — гэта адзіны чалавек, які можа мяне «наладзіць».

«О, а як гэта слова?»

На самой справе, вельмі падабаецца беларуская мова, але не магу размаўляць без памылак. Вельмі шмат рускіх словаў трапляецца і часам падвісаеш: «О, а як гэта слова?» У нас дзве дзяржаўныя мовы. Але аб чым можна казаць, калі павінна быць раўнапраўе моў, але такога па сутнасці і няма. Менавіта гэта і не радуе. Хаця мае бацькі вучыліся нават у Савецкім саюзе і то па беларускамоўных падручніках.

Жыццё можа прайсці, пакуль ты будзеш думаць

Калі задумвацца, кім ты будзеш праз 5-10 год, то і жыццё можа прайсці, пакуль ты будзеш думаць. Трэба жыць цяперашнім момантам, рабіць тое, што падабаецца. Можа ў будучыні ў мяне будзе трэнерская кар’ера. Таму што вельмі цікава трэніраваць дзетак. Не проста фізічна ўдасканальваць, а выхоўваць з іх асобаў. Нават не выхоўваць, а дапамагаць ім стаць асобамі. Гэта таксама вялікая заслуга трэнера.

У цябе іракез на галаве, ну і маладзец

Зараз вялікі выбар вопраткі, нейкіх стыляў, захапленняў. Я прыйду ў адным строі і буду сябе паводзіць так. Кожны чалавек ужо не падобны на іншага. Але, каб спецыяльна нешта рабіць, каб неяк выдзеліцца, я не з такіх людзей. Я не асуджаю такіх. У цябе іракез на галаве, ну і маладзец.

Жанчынам патрэбна быць мацней

Жанчыны ў нас псіхалагічна мацней, у плане ментальнасці. У нас свет зараз такі, раўнапраўе палоў, і таму жанчынам патрэбна быць мацней. Не ў плане там моцная і строгія касцюмы, такі абсалютны фемінізм. Не, проста са стрэсамі жанчыны ў нас лепей спраўляюцца.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]