Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вайцюшкевіч прэзэнтаваў альбом "Варанок" у саўне

12.12.2013 культура
Вайцюшкевіч прэзэнтаваў альбом Варанок у саўне

Прэзэнтацыю свайго новага альбому "Варанок" Зьміцер Вайцюшкевіч вырашыў зрабіць у адной зь менскіх саўн. Каб падкрэсьліць задушэўнасьць сваёй працы.

 Апрануты ў белы гарнітур сьпявак сустрэў журналістаў з шырачэзнай усьмешкай на вуснах.

Ён запрасіў прадстаўнікоў прэсы ў адну зь менскіх саўн, набыў шашлыкоў ды піва. "Шчыра казаць, хвалююся, бо даўно прэс-канферэнцый не даваў, – сьцішаным голасам прызнаецца сьпявак ды тут жа голасна запрашае ўсіх частавацца. – Заўважце, усё без спонсараў!".

Новая праграма "Варанок" вырашана ў жанры шансону і запісаны разам з музыкамі WZ-orkiestra ды Apple Tea. "Ідэя альбому належыць Генадзю Бураўкіну. Спачатку як пачуў, дык мог пакруціць пальцам ля скроні, але тры гады забароны на прафэсію зрабілі сваю справу. Я падумаў, што адужаю такую праграму, хоць прынята лічыць, што песьні такога кшталту мусіць сьпяваць чалавек, які сядзеў. А я таксама меў пакараньне, трапіўшы ў "чорныя сьпісы". Па-другое хацелася зрабіць беларускамоўны альбом у такім жанры, раней ніхто ня верыў, што такое магчыма", – распавядае выканаўца.

Зрэшты, меркаваная праграма "турэмнага шансону" зь цягам часу трансфармавалася. Да альбому "Варанок" цяпер больш пасуе азначэньне "рэстаранны шансон". У дыск ўвайшлі задушэўныя песьні, якія лёгка могуць прыжыцца сярод людзей рознага веку. Разьлік ня толькі на таксістаў – патэнцыйных спажыўцоў такой музыкі, але і на людзей, "якія заходзяць у "Гіпа" ды могуць працягнуць руку да дыску". Словы да ўсіх песень напісаў Генадзь Бураўкін, акрамя адной, якая належыць аўтарству Уладзімера Някляева. Яна завецца "Ты – залаты", альбо "Віцебск 2030" – выканаўца верыць, што прынамсі ў гэтым годзе яго творчасць дазволяць і паклікаюць на "Славянскім базары", да якога твор з прыпевам "Я такі бедны, як той грош медны" пасуе выдатна, на яго меркаваньне.

З.Вайцюшкевіч "Варанок" – http://soundcloud.com/budzmaorg/7lycnoqpepuv

"На самой справе "Варанок" – гэта не хі-хі і не ха-ха, а сур’ёзная спроба распавесьці пра чалавека, які апынуўся ў цяжкіх жыцьцёвых абставінах. Пражыў 40 год і ня ведае як быць далей", – стаў на хвіліну сур’ёзным Вайцюшкевіч і параіў слухаць яго новыя песьні ўсім тым людзям, якія засумаваліся па беларускай песьні. Сьпявак зьбіраецца прадставіць сваю праграму маштабна ў сэнсе геаграфічнага ахопу. Яна ўжо прагучала ў Бэрліне, рыхтуюцца канцэрты ў Маскве, Піцеры, Варшаве, Гданьску, Беластоку і Вільні. "Сіменс Арэну браць ня будзем, нам хопіць залі на 500 месцаў", – сьціпла дадаў адзін з двух фігурантаў "чорнага сьпісу". Яго бліжэйшыя "кватэрнікі" у Менску адбудуцца 12 сьнежня на "Арт-сядзібе" і 17 сьнежня на сядзібе БНФ.

Частку песень з альбому "Варанок" Вайцюшкевіч прадставіў раней у выглядзе самотніка "Шо-шо", выдадзеным пад творчым псэўданімам Хведар Шчавель. У тым ліку і загалоўную.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]