Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Дзе на Каляды можна ўбачыць цароў і выйсці замуж

06.01.2014 общество
Дзе на Каляды можна ўбачыць цароў і выйсці замуж

Старажытныя народныя абрады Беларусі.

«Салідарнасць» склала свой ТОП-5 найцікавейшых відовішчаў, якія можна ўбачыць на Каляды.

1. «Цары каляды»

У 2009-м гэты калядны абрад быў унесены ў спіс аб’ектаў сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Абрад уключае ў сябе элементы каляднага карнавалу і народнай драмы. Ён характэрны толькі для вёскі Семежава (Капыльскі раён).

Абрад “Цары каляды” зарадзіўся ў XVIII стагоддзі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ён знік: відаць, не да абрадаў было ў пасляваенныя гады.

У сярэдзіне 90-х супрацоўніца Акадэміі навук Таццяна Кухаронак збірала фальклорны матэрыял на Капыльшчыне. Старыя семежаўцы распавялі ёй пра цароў-калядоўшчыкаў.

Мясцовыя жыхары загарэліся ідэяй аднавіць абрад, і ў 1996 годзе на Стары Новы год адбыўся сапраўдны цуд. Да вяскоўцаў прыйшлі калядныя героі іх продкаў: цары, Мамай, Міханож і дзед з бабай – увасабленне нячыстай сілы.

Ролі цароў выконваюць маладыя нежанатыя хлопцы, апранутыя ў спецыяльныя касцюмы: белыя штаны, белыя сарочкі, якія апаясаны чырвонымі семежаўскімі паясамі.

Пабачыць калядны спектакль – драму “Цар Макісімліан” – імкнуцца і старыя, і малыя жыхары Семежава. Гаспадары сустракаюць калядоўшчыкаў хлебам-соллю і шчодра адорваюць іх пірагамі, салам і грашыма.

Абрад адбудзецца ў Семежава 13 студзеня.

2. «Шчадрэц»

Праводзіцца на Шчодры вечар (13 студзеня) у вёсцы Восава (Салігорскі раён). «Шчодрык» адбываецца з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў.

У гурце шчадравальнікаў вы сустрэнеце дзеда ў берасцяной масцы, зробленай у выглядзе шапкі. Калі пашанцуе – такую ж маску падаруюць і вам. Дарэчы, казу ў гэтым абрадзе водзяць не пераапранутую, а ў выглядзе чучала.

— Абрад захапляе прыгажосцю народнай музыкі і песень, танцаў і гульняў, — расказала «Салідарнасці» метадыст дзяржаўнай установы культуры «Культурна-досуговый центр Солигорского района» Антаніна Данілевіч. — Яго ўдзельнікі — і бабулі, і дзяўчаты — сапраўды вераць у магічны рытуал. А яшчэ на Шчадрэц тут прынята варажыць: чый сабака блінец першы ўхопіць, у той жанчыны дачка першая замуж выйдзе.

Адбудзецца «Шчадрэц» і сёлета. Пачатак а 16-й гадзіне 13 студзеня. Збор удзельнікаў ля Восаўскага сельскага дома культуры.

3. «Куры»

Гэты ўнікальны абрад можна ўбачыць у трох вёсках Клічаўскага раёна на Магілёўшчыне.

Як паведамляў тэлеканал АНТ, у адрозненне ад усіх астатніх калядных абрадаў удзельнічаць у ім могуць толькі дзеці. Як правіла, дзяўчынкі.

За савецкім часам «Куры» былі пад забаронай, як і іншыя калядныя абрады.

4. «Жаніцьба Цярэшкі»

Старажытны народны абрад захавалі ў вёсцы Аношкі Лепельскага раёна.

Па традыцыі праводзяць яго напярэдадні праваслаўнага Раства.

Сутнасць вясёлага каляднага ігрышча ў тым, што на адзін вечар кожны малады хлопец становіцца Цярэшкам і выбірае сабе спадарожніцу. А потым усе пары гуляюць жартоўнае вяселле з песнямі, танцамі пад гармонік і гульнямі.

У 2012-м падчас абраду ў Лепельскім раёне ажанілі нават пасла Швецыі Стэфана Эрыксана.

У даўнія часы на Лепельшчыне існаваў эратычны культ Цярэшкі — уладальніка мужчынскай годнасці і сілы.

5. «Цягнуць каляду на дуба»

Гэтым вясёлым абрадам 21 студзеня нашыя продкі завяршалі цыкл калядных святкаванняў. На жаль, сёння ён захаваўся толькі ў вёсцы Навіны Бярэзінскага раёна.

Адбываецца гэта так. Спачатку ўпрыгожваюць Каляду: кола ад воза , на якім размяшчаецца сена і гаршчок з куццёю, альбо сноп, альбо барана – у залежнасці ад мясцовых традыцый.

Пасля Каляду зацягвалі на дуб альбо любое старое дрэва. Беларусы верылі, што гэта прыцягвае багаты ўраджай, поспех і шчасце на ўвесь будучы год.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]