Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Бэртан Грын: Хачу выступіць у Менску, на радзіме продкаў

25.01.2014 культура
Бэртан Грын: Хачу выступіць у Менску, на радзіме продкаў

Славуты джазавы піяніст распавёў пра свае карані ды патлумачыў наколькі важна пачувацца не музыкантам, а інструмэнтам.

Не сакрэт, што беларускае паходжаньне маюць вялікія амэрыканскія кампазытары Ірвінг Бэрлін, Вэрнан Дзюк і Джордж Гэршвін. У Менску адшукаліся карані аднаго зь піянэраў фры-джазу Бэртана Грына (Burton Greene). Выбітны піяніста й кампазытар нарадзіўся ў Чыкага ў 1937. У 1963 стварыў Free Form Improvisation Ensemble і праз год увайшоў у Гільдыю джазавых кампазытараў. З таго часу шмат выступае ў ЗША ды Эўропе, стварае музыку ў межах розных праектаў, спалучае джаз з ўсходнеэўрапейскімі матывамі. Апошні факт мае канкрэтнае тлумачэньне – дзед містэра Грына перабраўся ў ЗША зь Менску. Пра тое сам музыка распавёў у інтэрвію для Tuzin.fm.

«Бацькі майго таты жылі ў Менску й насілі прозьвішча Грынбэргаў. Бабуля і дзядуля пераехалі ў Амэрыку ў першыя гады ХХ ст. Пасяліліся на Брайтан-Біч у Брукліне. Яны зьяўляліся ўпэўненымі сацыялістамі і на працягу многіх гадоў змагаліся з уплывовымі асобамі швейнай індустрыі. Спачатку яны працавалі ў крамах вопраткі ў невыносных умовах, нібыта рабы, па 16 ці нават 18 гадзінаў у дзень! Яны дапамаглі рабочым арганізавацца супраць босаў, а таксама палепшыць умовы працы, у тым ліку зьмяніць працягласьць працоўнага дня да 8 або 10 гадзінаў ў дзень. Яны ня мелі аніякіх ілюзіяў наконт так званае «амэрыканскае мары». Аднойчы ў інтэрвію бабуля адказала газэтчыку: «Амэрыкан дрым? Амэрыкан шмым… У чым розьніца між гэтай зямлёй і Расеяй? Там нас спрабаваў забіць цар, а тут босы!», - распавядае ён.

Зь юнацтва Бэртан Грын вучыўся граць бі-боп, непасрэдна слухаючы ў Чыкага ўсіх майстроў джазу 50-ых гг. На пачатку 60-ых музыка зразумеў, што няма сэнсу нікога імітаваць, але варта знайсьці свой шлях у больш вольнай імправізацыйнай музыцы.

«Створаны мною разам з басістам Аланам Сільвам «Ансамбаль Імправізацыі Свабоднае Формы», хутчэй за ўсё, зьяўляўся першым гуртом ў сьвеце, які выконваў цалкам імправізацыйную музыку! Калі вы добра ведаеце ваш інструмэнт, ён становіцца вашым «слоўнікам». Вы можаце сказаць нашмат больш інтуітыўным і спантанным чынам, чым вы можаце сказаць тое словамі. Калі, вядома, вы не зьяўляецеся вялікім паэтам. Чым большы ваш «слоўнікавы запас», тым больш вы можаце сказаць, і сказаць менавіта тое, што вы адчуваеце! Калі вы можаце зрабіць гэта без асаблівай фармальнай музычнай адукацыі – сьцяг вам у рукі! Большасьць сапраўды творчых людзей, якіх я сустракаў у сваім жыцьці, у значнай ступені вывучыліся самі. Імправізацыя не павінна ведаць межаў. Мы ўсе – інструмэнты ўнутранага Духу, усьведамляем гэта ці не. Мы павінны ісьці разам з гэтым патокам, і не дазваляць нашым эгаізму або нікчэмнаму «я» блякаваць творчую энэргію! Значная рэч заключаецца ў тым, каб мець магчымасьць добра чуць ваш інструмэнт і музыкаў, зь якімі вы граеце. Тады вы будзеце ведаць менавіта тое, што вы павінны граць або сьпяваць! Тое, што мела на мяне найвялікшы ўплыў, галоўны пэдагог для мяне – гэта фартэпіяна! Мой настаўнік ёгі Свамі Сатчыдананда сказаў шмат гадоў таму: «Вы – не музыка, вы – інструмэнт. Зрабіце вашае суцэльнае жыцьцё вялікай музыкай, наладзьце сябе як сьлед», - кажа музыкант.

За плячыма ў 76-гадовага Бэртана Грына безьліч запісаў, праектаў, створаных супольна зь вялікай колькасьцю вядомых музыкаў. Містэр Бэртан кажа, што яму падабаюцца практычна ўсе ўласныя кружэлкі, а іх болей за 70.

«Збольшага ўсе мае альбомы розныя. Так што цяжка параўноўваць адно з другім. То бок, ці можна параўнаць яблыкі й сланоў? Зараз самая натуральная рэч для мяне – сумяшчаць фальклёрныя карані з джазавай і імправізацыйнай музыкай. Так, шмат вялікіх музыкаў рабілі гэта! Асабліва ў клясычнай музыцы. Бартак – мой улюбёны кампазытар ХХ стагодзьдзя. Кампазытары такога кшталту значна бліжэй да мяне, чым тыя, што працуюць выключна з абстрактнымі ідэямі. Я не адчуваю чалавечы аспэкт ў такіх цалкам абстрактных кампазыцыях – занадта шмат канцэптуальных роздумаў і не хапае пачуцьцяў», - распавядае Бэртан Грын.

Адзін з сучасных праектаў Бэртана Грына Klez-Edge базуецца ў Амстэрдаме й выконвае сярод іншага клезьмерскую музыку беларускага паходжаньня. Фрагмэнтарна яна прысутнічае на кружэлцы «Ancestors, Mindreles, Na-Gila Monsters», выдадзенай ню-ёрксім лэйблам Джона Зорна Tzadik у 2008. На вокладцы дыску зьмешчаны фотаздымак менскага ансамблю канца ХІХ ст.

«Я і Лары Фішкінд, наш тубіста, адшукалі гэтае фота ў сеціве і атрымалі дазвол ад старой ледзі зь Ізраілю на яго выкарыстаньне. Мы з Лары ніколі не размаўлялі пра нашых продкаў. Але пасьля гісторыі з тым фота выявілася, што ягоныя дзед і бабуля нарадзіліся на Піншчыне. Нейкая інтуітыўная празорлівасьць між намі спрацавала!», - кажа ён.

Бэртан Грын ніколі не выступаў у Беларусі, аднак мае такое жаданьне. Ён хоча непасрэдна адчуць мясцовых людзей, культуру. Але зацікавіць нашых мясцовых арганізатараў пакуль не атрымоўваецца. Між тым, «свабодны джазмэн» прынцыпова ня марыць пра будучыню.

«Як казалі старадаўнія майстры: «Жывіце зараз, і будучыня паклапоціцца сама пра сябе». Калі вы турбуецеся пра будучыню, вы згубіце свой шанец на «зараз», як адзіную рэчаіснасьць, у якой вы можаце існаваць і выказваць сябе. Калі вы жывяцё ў мінулым, вы таксама адсутнічаеце «зараз», дзе ўсё існуе й усё адбываецца. Вы можаце разважаць пра розныя рэчы, але знаходзіцца «зараз», інакш вы прапусьціце жыцьцё. Вядома, гэта тое, чым прыкладна й зьяўляецца спантанная імправізацыя!» - кажа музыкант.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]