Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Першыя крокі да дыфузіі робіць менавіта рэжым

26.02.2009 политика

Канфрантацыя можа быць апраўданая як вымушаны тып паводзінаў, але як тып мысьленьня яна заўсёды асуджаная на паразу.

Памятаеце показку пра партызана, які праз 30 гадоў пасьля вайны выйшаў зь лесу, каб падарваць варожую камэндатуру? Дык вось вам сіквэл. Сустракае партызан нашых сёньняшніх дэмактывістаў. “Здароў, хлопцы!” “Здароў, дзед!” “Іду камэндатуру падрываць”. “Ну то бог у помач!”

Калі 30 гадоў таму сьмяяліся з партызана, дык сёньня крывую ўсьмешку выклікае мысьленьне нашых сучасьнікаў у катэгорыях глябальнага супрацьстаяньня. “Вайна пасярод г...на”, — такую мэтафару беларускі народ прыдумаў да зацятых адно супраць аднаго мужыка й жонкі на ўласнай кухні. Дзяліць ім няма чаго – толькі страчваць агульнае й занепадаць разам пасярод кухоннага гармідару.

За апошнія 15 гадоў шмат якія апанэнты ППРБ настолькі зрасьліся з сытуацыяй халоднай цывільнай вайны, што й не заўважылі, як мэтаю іхнага змаганьня стала гэтая самая сытуацыя. “Вакол ворагі й здрада!” – бубняць яны ў губы словы Мікалая ІІ, які гэткім чынам тлумачыў сваё адрачэньне ад палітыкі.

Але сьвет выжывае й наладжваецца тады, калі на зьмену глябальнаму супрацьстаяньню прыходзіць абмен, узаемапранікненьне, дыфузія. Такі закон прыроды.

Нашы дэмактывісты не зьбіраюць арсэналы зброі, каб даць рашучы бой рэжыму. Але сьняць, што зьбіраюць. І “Салідарнасьць” яны на заводах не ствараюць, каб падняць народную рэвалюцыю ці хоць бы пасадзіць дыктатара за круглы стол. Але самапачуваюцца так, быццам ствараюць.

Лібэралізацыя! – абвяшчаюць чыноўнікі й першымі робяць крокі да дыфузіі. Першыя крокі заўсёды сьмешныя й няўпэўненыя. Ніякая гэта не лібэралізацыя! — адказваюць апанэнты. Вайна працягваецца! Да перамогі. З кім і за што – ня так важна.

Салана прыехаў — здрадзіў прынцыпам глябальнага супрацьстаяньня! І на кухні вайна сканчаецца, калі нехта першы здрадзіць сваім “прынцыпам”, а ў адказ – другі. І тады разам пачнуць прыборку таго, што нарабілася за час вайны.

Сілы бакоў надта няроўныя. Гэта як з нажом на паравоз. І сьвет ужо ня той, якім быў у часы Чэмбэрлена. Нельга жыць сёньня так, як тады, калі дыпляматы хадзілі зь пісталетамі, а народы складаліся напалову са шпіёнаў, а на другую — з ворагаў народу. Нельга на кожнае слова апанэнта крычаць, як той Станіслаўскі, “ня веру!” Ня верыш? Ну й ня вер. А што ты гэтым вырашаеш, чаго дамогся, апроч як падсьвяжыў свой вобраз халоднай цывільнай вайны?

Ясна, што ППРБ хоча ўтрымаць уладу. І гэта яму ўдаецца. Але ясна й тое, што апошні дыктатар Эўропы і крывавы рэжым – усё тое, што трэба скідаць, зьнішчаць і ліквідоўваць, — не супадае па контурах зь беларускай дзяржавай і, тым больш, зь беларускім грамадзтвам. Наша паштарка ці сантэхнік ці прадавачка ў краме ці моладзь, якую ўступілі ў бээрэсэм, ці добрая палова радні — усе яны, хто галасуе за ППРБ, — крывавы рэжым? Усіх трэба зьмятаць з твару зямлі, біць у стане афэкту кухонным нажом? Ці ўсё ж – гэта нашы людзі й нам трэба жыць разам?

Нават БТ ужо не сьпявае на адной ноце. Шкада толькі, што першыя (хай сабе й няшчырыя) крокі да дыфузіі робіць менавіта рэжым. І ня толькі таму, што магчымасьцяў у яго болей. У кухоннай вайне перамагае той, у каго болей мазгоў. Хоць бы на тое, каб дапусьціць магчымасьць адмены глябальнага супрацьстаяньня.

Чорна-белае мысьленьне ў катэгорыях халоднай вайны што ў геапалітычным кантэксьце, што ў рамках свайго народа – зусім не ўнівэрсальнае і ўжо сёньня ўспрымаецца як атавізм. На зьмену яму прыходзіць унівэрсальнае кантактнае спаборніцтва інтэлектаў і ідэй. Больш звыкла, вядома, стаяць непарушна ў белых вопратках, увасабляючы сабою ідэал. Але так можна дастаяцца да таго, што ідэал акажацца нікому непатрэбным. Асабліва ў часе глябальнае пераацэнкі каштоўнасьцяў, якая пачынаецца сёньня па ўсім сьвеце.

Нядаўна мы зь сяброўкай сустрэлі менскага пісьменьніка, старога дысыдэнта, прызнанага інтэлектуала й нашага даўняга сябра.

— Вы ад’яжджаеце, — сказаў пісьменьнік, — а мы застаемся закладнікамі рэжыму.

— Дык вы ж і ёсьць рэжым, — адказала сяброўка зьдзіўленаму літаратару. – Вы тут духоўная ўлада. Іншае я ня ведаю.

Последние новости:
Популярные:
Путин лжет 23.11.2024 Путин лжет
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]