Суд Маскоўскага раёна Мінска 14 студзеня 2014 года прыняў беспрэцэдэнтнае рашэнне.
Яно заключаецца ў тым, каб высяліць на вуліцу «без прадастаўлення іншага жылога памяшкання» сям’ю з двума непаўналетнімі дзецьмі. Прычым, не «нядбайных бацькоў», а сям’ю даволі добрую. Дом, у якім жыла сям’я Завілейскіх, раптоўна спатрэбіўся пад знос для новай забудовы СЗАТ «ЛадаГарант».
Дом, які пабудавалі… хто?
У дом барачнага тыпу па 2 -й вуліцы Шчорса, 6, сям’я Завілейскіх засялілася 16 снежня 2003 года. Гэта дом дзяржаўнага жыллёвага фонду, якім распараджалася прадпрыемства «Мінскі зааветснаб». Тады кватэру №3 Яніна Завілейская атрымала ў гэтым доме на падставе загаду па прадпрыемстве «Мінскі зааветснаб».
Паколькі выканкам Маскоўскага раёна не забяспечваў кватэрамі жыхароў гэтага дома, прапіска ў ім забароненая з 1982 года. Фактычна, прадпрыемства засяляла гэты дом для таго, каб за ім глядзелі жыхары. І засяляўся ён у мэтах захавання дзяржаўнага жыллёвага фонду.
У гэтую кватэру Яніна Завілейская пусціла пражываць і сына Віталя з цяжарнай на той момант жонкай Аленай. У 2004 і 2007 годзе ў Віталя і Алены Завілейскай нарадзіліся дзеці.
Людзі жылі, і, канешне, рабілі ўсё, каб ім было жыць зручна. Замянялі падлогі, уцяплілі сцены, паставілі вокны, правялі ваду, абсталявалі каналізацыю. Увогуле, зрабілі дом прыдатным для жылля. І жылі там дзесяць год, спраўна плоцячы за кватэру, за святло, кожны год выпісвалі вугаль для бойлернага ацяплення. Падавалася, іх нічога акрамя гэтага хваляваць не павінна.
У 2006 годзе змянілася заканадаўства: арганізацыі, якія далі грамадзянам дзяржаўнае жыллё, павінны былі заключыць з гэтым грамадзянамі дамову найму жылога памяшкання.Жыхары, зразумела, нічога пра гэта не ведалі: быў загад па прадпрыемстве на выдзяленне жытла, акт прыёмкі-перадачы кватэры, былі аформленыя лічыльнікі газавы балон.
«Зразумела, статута прадпрыемства мы не бачылі, але ў адпаведнасці са зменамі нацыянальнага заканадаўства павінны былі быць дамовы найму памяшкання. Але афармленне гэтых дамоваў мы лічым, было задачай прадпрыемства. Наша задача — спраўна ўсё аплачваць і пражываць, што мы і рабілі. Яніна Завілейскага на прадпрыемстве прапрацавала 40 гадоў, ёй далі гэта жыллё, і яна жыла з намі», — кажа Алена Завілейская.
І, уласна, ніякіх праблем не было — да таго часу, пакуль «ЛадзеГарант» тэрміновым чынам не спатрэбілася зямля для забудовы, і дом не вырашылі зносіць.
Як знесці дом
Як такое адбываецца ў звычайным парадку? Людзям, якія жылі ў старым доме, прапануюць новае жыллё, яны перасяляюцца, дом зносяць — ніякіх пытанняў, акрамя дробязяў пераезда. Відавочна, так павінна было быць і ў гэтым выпадку. Але чамусці не атрымалася.
У лютым Яніне Завілейскай была дасланая нейкая паперка аб тым, што памяшканне па вуліцы 2 — я Шчорса дом 6, кв. 3 ёй належыць вызваліць. У сувязі з чым вызваліць, на якой падставе і рашэнні — не тлумачылася. Яна сабрала даведкі, акт прыёму-перадачы кватэры, загад аб выдзяленні ёй памяшкання, усё, што яна плаціла за жытло і гэтак далей, і пайшла высвятляць, што ўсё гэта значыць. Дзіўна, але на якой падставе і куды высяляюць сям’ю, Яніна Завілейская так і не высветліла.
Па ідэі, Завілейскім павінны былі прадаставіць новае жылое памяшканне. У рашэннях Мінгарвыканкама аб выдзяленні «ЛадзеГарант» участкаў пад забудову гаворыцца пра тое, што «ЛадаГарант» павінна перадаць у дзяржаўны жыллёвы фонд жылыя памяшканні, якія прызначаны для рассялення тых, у каго дом ідзе пад знос.
«У пастанове Мінгарвыканкама сказана: перадаць у бязвыплатную камунальную ўласнасць для рассялення грамадзян, якія пражываюць у доме № 6 па дамовах найму. Не прапісаных, а якія пражываюць па дамовах найму, тых, хто ўсяліўся ў гэты дом да 2006 года. Мы ўсяліліся ў 2003-м, але ніякага новага жылля нам не прапанавалі», — кажа Aлена Завілейская.
Што ж здарылася? А здарылася тое, што невядома, ёсць дамова найма, альбо не. У прынцыпе, гэтай дамовы Завілейскія не бачылі. Але кожны год дырэктар прадпрыемства «Мінскі зааветснаб» Мікалай Іванішкін падпісваў накладныя на вугаль, у якім была фармулёўка, што Завіллейская «прапісаная і пражывае» па адрэсе 2-я, вуліца Шчорча 6, кв. 3. Больш за тое, электралічыльнік у Мінскіх электрасетках зарэгістраваны на Завілейскую, як на «наймальніка памяшкання». То бок, ускосна дамова наймальніка ёсць.
Дарэчы, як кажа Алена Завілейская, з некаторымі іншыі жыхарамі дамова найма заключалася «заднім чыслом», — нават у жніўні 2013 года. Завілейскім жа такой прапановы не было. Прадпрыемства «Мінскі зааветснаб» чамусці вырашыла, што Завілейскія пражываюць у доме незаконна, і вырашылі іх праз суд высяліць на вуліцу без прадстаўлення іншага жылога памяшканння.
Спробы урэгуляваць канфлікт
Нельга сказаць, каб адказныя асобы не рабілі спробы вырашэння жыллёвага пытання. Дырэктар «Мінскага зааветснаба» Мікалай Іванішкін выклікаў Віталя Завілейскага «на размову». Маўляў, ён, дырэктар, можа дамовіцца з забудоўшчыкам, каб сям’я Завілейскіх, якая стаіць на чарзе па паляпшэнні жыллёвых умоваў ва Фрунзенскім раёне, пабудавалася тут жа — у доме, які будуе «ЛадаГарант», з прыцягненнем ільготнага крэдыту. «Але ў той момант у Віталя быў не выплачаны яшчэ адзін крэдыт, і ўзяць новы на жыллё ён не мог. А працаваў у сям’і ён адзін», — кажа Алена Завілейская.
Аднак нельга сказаць і тое, што Завілейскія не пагадзіліся на перамовы і спрэс адмовіліся высяляцца. Проста яны папрасілі неяк больш прадметна пагаварыць на гэтую тэму, можа быць, заключыць нейкую дамову або пагадненне з забудоўшчыкам. Але ... Больш размоваў наконт «дапамагчы пабудавацца» з боку Іванішкіна не было.
«Нам сказалі проста прыбірацца адсюль, прычым, кіраўнік прадпрыемства, з якім мы віталіся ці не кожны дзень усе гэтыя дзесяць гадоў (яго офіс знаходзіцца ў суседнім доме), да якога мы хадзілі па ўзгадненне рамонтаў і іншага, заявіў, што нас у першы раз бачыць. А яшчэ ён сказаў, што мы тут перашкаджаем будавацца «вельмі ўплывовым людзям», — кажа Алена Завілейская.
Высяленне вар’яцкім чынам
Дзіўна, але цывілізавана рассяліць людзей ніхто чамусці не пажадаў. Замест гэтага да Завілейскіх неаднаразова выклікалі міліцыю — маўляў, тут жывуць нейкія «самасёлы». «Да нас уварваўся маёр Сямёнаў з УУС Маскоўскага раёна. Нікога з дарослых дома не было, дзверы адкрыла непаўнагадовая дачка, ён проста адштурхнуў яе. Я тут была недалёка, дачка прыбегла за мной, плача, кажа, што ў доме міліцыя. Гэты маёр пагражаў тут пошукам наркотыкаў, крычаў, што мы бамжы, ўсяліліся сюды самавольна і гэтак далей, выламаў ручку ў дзвярах», — распавядае Алена.
Алена заявіла, што выкліча «сапраўдную міліцыю», і, як ні дзіўна, маёр Сямёнаў сышоў.
Чаму ён сышоў, стала ясна, калі Алена паскардзілася на дзеянні гэтага маёра ў ГУУС Мінгарвыканкама. У выніку праверкі высветлілася што да Завілейскіх маёра ніхто не выклікаў і не пасылаў: сродкі спецсувязі не зарэгістравалі падобнага выкліку, а значыць, ягоны прыход выклікае вялікія сумневы з боку законнасці такіх дзеянняў.
Да ціску прыцягнулі прадстаўнікоў органаў адукацыі і органаў апекі. «Маўляў, «дзіця ў садок не ходзіць», хоць у гэты час мы хадзілі на гурткі і на падрыхтоўку ў школе. Той жа маёр Сямёнаў напісаў ва ўпраўленне адукацыі Маскоўскага раёна, што ў хаце няма ложкаў, няма пасцельнай бялізны, і наогул, няма ўмоў для пражывання дзяцей, і бацькі за імі не сочаць. Камісію па высвятленні жыллёвых умоў чамусьці даслалі са школы №3, хаця нашая школа —№105. Нам гэта патлумачылі, што настаўнікі 105- й школы могуць быць «перадузятымі», — кажа Алена Завілейская.
Але ў выніку прадстаўнікі Мінадукацыі і органаў апекі вымушаныя былі прызнаць: у дзяцей годныя ўмовы пражывання, і ўсё неабходнае для жыцця і развіцця ў дзяцей маецца. «Што, увогуле, не перашкодзіла прадстаўнікам органаў апекі ў судзе голасна абмяркоўваць з прадстаўнікамі «Мінскага зааветснаба»і прадстаўнікамі забудоўшчыка тое, як у нас забяруць дзяцей у інтэрнат, а нас тым часам выкінуць на вуліцу. І няма праблемаў. Замест таго, каб дапамагчы дзецям, органы апекі наадварот, імкнуцца каб адабраць дзяцей», — распавядае Алена Завілейская.
Дзіўны суд
У выніку «Мінскі зааветснаб» падаў у суд пазоў аб высяленні Яніны Завілейскай з дому, у якім сям’я Завілейскіх пражывала 10 гадоў. «Мінскі зааветснаб» ўпіраў на тое, што сям’я Завілейскіх у доме пражывае незаконна. Сумеснае рашэнне адміністрацыі і прафкама УП «Мінскі Зааветснаб» аб прадастаўленні ў 2003 годзе кватэры Яніне Завілейскай кудысьці «згубілася». А паколькі яно «згубілася», то 6 снежня 2013 года быў выдадзены загад аб адмене таго загада, якім Завілейскай выдзялялася кватэра.
Пра сам загад аб выдзяленні кватэры Завілейскай, на падставе якога яна засялілася ў кватэру, дырэктар «не ведаў» 10 гадоў. Яніна Завілейскага, аказваецца, «без згоды УП «Мінскі зааветснаб» падала кватэру для пражывання Алене і Віталю Завілейскім. Дзесяць год Іванішкін падпісваў для гэтай сям’і дакументы на вугаль, на дабудову кватэры, на рамонты, і, аказваецца — ён не ведае, хто яны, не даваў згоды на іх засяленне, і гэтак далей!
Ці не апошнім аргументам УП «Мінскі зааветснаб» было тое, што на спрэчную кватэру не быў адкрыты рахунак за аплату камунальных паслуг, і электраэнергіі ў прыватнасці. Але, па-першае, калі дом знаходзіўся пад наглядам прадпрыемства, ці справа жыхароў адкрываць такі рахунак? Па-другое, за жыллё плацілі ўсе, якія пражывалі ў гэтым доме, і плацілі яны на агульны рахунак прадпрыемства. Разлікі па аплаце паслуг праводзіла бухгалтэрыя прадпрыемства , а сама плата уносілася праз банк.
Не гледзячы на тое, што ўсе памылкі (напрыклад, незаключэнне дамовы найму або «страта» дакументаў) дапусціла УП «Мінскі Зааветснаб», а ў Завілейскіх ёсць усе доказы, што яны з'яўляюцца «добрасумленнымі наймальнікамі» (нават пры адсутнасці дамовы найму) і ўсё 10 гадоў спраўна выконвалі свае абавязацельствы, суд пастанавіў: выселіць сям’ю з непаўналетнімі дзецьмі «без прадастаўлення іншага жылога памяшкання».
Ці можна было пазбегнуць канфлікту?
Зараз Завілейскія падалі касацыйную скаргу на рашэнне суда Маскоўскага раёна. Сама Алена Завілейская лічыць, што сутнасць канфлікта ў іншым — кватэры «ЛадыГарант», прызначаныя для рассялення дома №6 па 2-й вуліцы Шчорса, недзе «завіслі». Каб не даведаліся, дзе яны «завіслі», і прадпрымаюцца такія дзеянні.
Завілейскія не настойваюць на тым, каб застацца ў бараку па 2-й вуліцы Шчорса. Яны маюць права на прадастаўленне іншага жылога памяшкання — хаця б таму, што ў іх непаўнагадовыя дзеці, а Мінгарвыканкам абавязаў «ЛадуГарант» альбо Міністэрства сельскай гаспадаркі прадставіць памяшканні.