З савецкага мінулага да нас даходзяць юбілеі. Найчасцей – неадназначныя. Два гады таму пагрукаў трыццаць сёмы.
Круглая дата - сямідзесяцігоддзе крывавага патопу. Была нагода ўдакладніць стасункі з той савецкай спадчынай. Ад нечага адмовіцца. Або хаця б задумацца над тым, а ці варта крывавых катаў і надалей лічыць героямі, выкрэсліўшы з памяці сапраўдных.
Але ўлада прамаўчала. Нібы тады нічога не было. І трыццаць сёмы зусім звычайны год. Аднак жа і грамадства выглядала ў параўнанні з уладаю не лепш. Кожную дзесятую сям’ю калі не вынішчылі, то зачапілі моцна жахлівыя рэпрэсіі. Немагчыма за некалькі дзесяцігоддзяў так безнадзейна ўсё забыць. Павінна ж усё тое хоць нейкім чынам адгукнуцца ў памяці нашчадкаў. Не адгукнулася, на жаль. Кветачкі, ускладзеныя купкаю неабыякавых людзей у Курапатах, наўрад ці апраўданне ўсеагульнай глухаты.
І вось яшчэ адна не абы якая дата. Семдзесят гадоў з таго дня, калі чырвонае войска перайшло дзяржаўну мяжу і рушыла на Захад. Тут ужо ўлада, якая ўслаўляе ўсё савецкае, зацята не маўчыць. Ёсць чым ганарыцца. Паход быў пераможны. Амаль бліцкрыг. Сталёвую савецкую лавіну ніхто спыніць не мог. Выйшлі на Буг і на Балтыйскае ўзбярэжжа. Заходняй Беларусі на штыхах прынеслі вызваленне. І ёсць цяпер у нашай гісторыі слаўная дата 17 верасня 1939 года. Дзень, калі з’ядналіся беларус заходні і ўсходні. Як жа гэты юбілей не адзначаць?
Хто ў Беларусі не ведае плакат шчымліва-узнёслы: вусаты дзядзька ў вышыванай кашулі, няйначай заходні беларус, цалуе чырвонаармейца, які нават у гэткі ўрачысты момант вінтоўку з рук не выпускае. Трапны вобраз уз’яднання. Стагнаў мужык пад польскім прыгнётам, але прыйшоў з Усходу брат-чырвоны і вызваліў умомант. Потым да таго заходніка ён яшчэ раз завітае. Усё з той жа вінтоўкай. Але ўжо з іншай нагоды – з ордэрам на арышт.
Што б не здарылася там пазней, а факт застаецца фактам. Уз’ядналіся. Праўда, у віхуры святкаванняў, якія пачаліся потым, не заўважылі прыкрую акалічнасць. Уз’яднанне адбылося нейкае куртатае. У рэшце рэшт па-за межамі Беларусі апынуліся Вільня, Старадуб, Смаленск, Вяліж і шмат яшчэ беларускіх вёсак, гарадоў.
Ёсць і іншыя абставіны, пра якія сёння ніхто не хоча ўзгадваць. Але ад іх нікуды не падзенешся. Як гэта можна святкаваць юбілей і маўчаць пра тое, чаму ўсё гэта адбылося. Хіба не дзякуючы мудраму савецкаму кіраўніцтву, якое пайшло на пагадненне з нацыстскай Нямеччынай? І што ў такім выніку – перагледзець ранейшае стаўленне да пакту Молатава-Рыбентропа?
Праклятыя пытанні множацца і калісьці запатрабуюць недвухсэнсоўнага адказу. Што рабіць з хроснымі бацькамі тых гістарычных падзей – таварышамі Сталіным, Молатавым, Берыя ды яшчэ з іх тагачаснымі паплечнікамі Гітлерам, Рыбентропам, Шуленбургам? Гэта ж не ўсходнія беларусы раптам падхапіліся і пайшлі вызваляць заходніх братоў. Гэта Савецкі Саюз і Трэці Рэйх у супольнай вайсковай аперацыі перакрэслілі межы Еўропы. І падзялілі між сабой тэрыторыю захопленай дзяржавы.
І перш чым грымнуць святочныя аркестры, варта было б таксама узгадаць і тое, а з чыёй гэта ласкі палова Беларусі раптам стала часткаю Польшчы? Хіба гэта яны, заходнія суседзі, абвесцілі вайну Беларускай Народнай Рэспубліцы, або нават той, марыянеткавай БССР з пяці паветаў? Гэта Савецкая Расія, апантаная ідэяй выйсці на межы былой імперыі, пацярпела ганебную паразу ў сутыкненні з Войскам Польскім. Падчас заключэння Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе беларусаў нават на парог не пусцілі. Ленін аддаў загад сваёй дэлегацыі ісці на любыя саступкі. За той мір для Савецкай Расіі бальшавікі заплацілі паловай Беларусі. І цяпер яны ж – вызваліцелі?..
У тым трыццаць дзевятым не ўсё выглядала так прыгожа і ўзнёсла, як на згаданым плакаце. Заходнія беларусы ды ўкраінцы зусім не цікавілі крамлёўскае кіраўніцтва. Іншыя мэты былі ў таварыша Сталіна, пра што ён на пачатку верасня паведаміў генеральнаму сакратару Камінтэрна Георгію Дзімітраву. Вось красамўны фрагмент той размовы: “Что плохого было бы, если бы в результате разгрома Польши мы распространили социалистическую систему на новые территории и население”. Вось гэткая бязмежная шчырасць. Толькі дзе тут Беларусь і беларусы? Пашырэнне сацыялістычнай сістэмы найперш хвалюе правадыра. А тыя, каму пашчасціць потым сістэму гэтую атрымаць, пазначаны шэрым словам “насельніцтва”.
І нямецкія партнеры Крамля з выбарам тэрмінаў не цырымоняцца. У іх таксама усё названа сваімі імёнамі. Амбасадар Шуленбург паведамляе Молатаву пра тэлеграму Рыбентропа. Рэйхсміністр задае канкрэтнае пытанне: “Не считает ли Советский Союз желательным, чтобы русские выступили в соответствующий момент против польских вооруженных сил в районе сферы русских интересов и со своей стороны оккупировали эту территорию?”
Польшча яшчэ змагалася з фашыстамі. Спрабавала перагрупаваць сваё войска. Боездольныя часткі вывесці ў Румынію, каб працягваць змаганне. Але ўжо з Усходу быў нанесены магутны ўдар. Амаль паўмільённае чырвонае войска перайшло ў наступ. Не, гэта не была асобная вайна. Адрозная ад той, якую вяла супраць Польшчы Нямеччына. Дырэктыва, накіраваная з Масквы савецкім войскам, сумневу на гэты конт не пакідае. “При обращении германских представителей к командованию Красной Армии об оказании помощи в деле уничтожения польских частей и банд, стоящих на пути германских войск, начальники колонн выделяют необходимые силы, обеспечивающие уничтожение препятствий на пути их движения”. Такія вось браты па зброі.
Паход на Захад скончыцца сумесным парадам у Брэсце. Яго будуць прымаць савецкі камбрыг Крывашэін і нямецкі генерал Гудэрыян. Захавалася шмат здымкаў таго урачыстага маршу. Адзін з іх надзвычай выразны. Стаіць ланцуг немцаў. А за ім – чырвонаармейцы і іх камандзіры. І чамусьці надзвычай змрочны іх выгляд. Хто ведае, можа, яны прадчувалі ўжо, чым для кожнага з іх можа скончыцца гэтая гульня. Да 22 чэрвеня сорак першага года было ўжо так недалёка.
Пасля Брэсцкага параду пераможцаў пачнецца патаемная фаза вайны. Потым, па сканчэнні яе, Берыя адрапартуе Сталіну, што з далучаных тэрыторый Украіны і Беларусі ў ГУЛАГ адпраўлена 700 тысяч чалавек. Да мільёна і значна вышэй таго яны давядуць гэтую лічбу пасля сорак пятага года.
Не вераснёўскі дзень з’яднаў усходніх і заходніх беларусаў. А тая неадольная бяда, якая абрынулася потым на краіну.
Дык што ж мы святкуем 17 верасня?