Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі звярнулася да беларусаў напярэдадні Дня Волі.
«Зьвяртаюся да вас сёньня з трывогай на душы. Падзеі на Украіне паказалі сьвету да якой скрайнасьці Масква гатовая пайсьці, каб вярнуць імпэрыю. Не зважаючы на законы міжнароднага сужыцьця, на міжнародныя - ёю падпісаныя - дагаворы і на аднагалоснае асуджэньне ўсяго сьвету, Расея напала на суседнюю дзяржаву пад выдуманым прэтэкстам небясьпекі, якая маўляў пагражае «рускамоўнаму» насельніцтву гэтае дзяржавы. У трыццатыя гады напад на суседнюю дзяржаву пад падобным прэтэкстам быў першым крокам да найстрашнейшай сусьветнай вайны, якую перажыло чалавецтва», - гаворыцца ў звароце Івонкі Сурвілы.
Старшыня Рады БНР лічыць, што для нашай краіны маскоўская агрэсія на Украіну асабліва трывожная.
«Калі сьвет адэкватна не зарэагуе, мы можам стацца наступнай ахвярай маскоўскага імпэрыялізму. Прэтэкст будзе той самы: рускамоўнае насельніцтва Беларусі, - кажа яна. - Дарагія Суродзічы! У 96-я ўгодкі нашага слаўнага 25-га Сакавіка, дзякуючы якому Беларусь яшчэ жыве, заклікаю вас годна адзначыць гэты Дзень. Гэтым вы прыпомніце сьвету, што і вы хочаце быць гаспадарамі на сваёй зямлі.
Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, выказваю салідарнасьць з Украінскім народам і ягонымі героямі, якія сёньня змагаюцца супраць пуцінскай «імпэрыі зла». Не давайце рэжыму ўцягнуць вас у гэтую імпэрыю. Мы на баку цывілізаванага сьвету, а не дзікіх агрэсараў».