Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Карнікі на Плошчы

25.09.2009 политика
Карнікі на Плошчы

Звярынай жорсткасцю нікога тут не здзівіш. Але тое, што адбывалася падчас вераснёўскіх апазіцыйных акцый у Мінску, выклікала шмат у каго неўразуменне.

Дзеянні ўлады патлумачыць немагчыма. Сапраўды, навошта было супраць жменькі пікетоўцаў кідаць роту спецназа і перад аб’ектывамі тэлекамер чыніць дзікі гвалт?

Нічога выпадковага ў нас не адбываецца. Тым больш, калі сцэнар карнай аперацыі паўтараецца дакладна. Гэта ўжо не самадурства нейкага злоснага начальніка. Хутчэй тэндэнцыя. Новы паварот у стратэгіі пятнаццацігадовай барацьбы за ўтрыманне асабістай улады. Толькі на першы погляд падаецца, што ніякай логікі ў дзяннях сілавых структур няма. Ёсць, ды яшчэ якая.

Брутальны разгон тых, хто выйшаў на Кастрычніцкую плошчу ў знак пратэсту супраць уводу ў Беларусь расійскіх войскаў, палітычныя аглядальнікі патлумачылі даволі традыцыйна. Нібыта нічога тут няма, акрамя жадання дыктатара выслужыцца перад Масквой. Узнікла добрая нагода паказаць саюзніку, як ён бароніць інтарэсы Расіі. Дзеля іх нікога не шкадуе. Ягоная ўлада – надзейны шчыт Крамля.

Магчыма, пра нейкую спробу паслаць недаверліваму суседу адпаведны сігнал зачыстка першай акцыі ў пэўнай меры сведчыць. Але якое дачыненне да гульняў з Расіяй мае ланцуг нераўнадушных людзей з нагоды знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага? І ўвогуле, ні адна з гэтых акцый, паводле тлумачэнняў Вярхоўнага суда Беларусі, ніякага дазволу не патрабавала. Аднак тыя, хто збіраўся адзначыць сумнае дзесяцігоддзе, усё ж звярнуліся да ўладаў па дазвол. Не мітынг задумалі яны правесці. Не дэманстрацыю. А ўсяго толькі сабрацца там, дзе адбылося жахлівае злачынства – на вуліцы Фабрычнай. І што ж? Не дазволілі. Нельга. Няйначай, улада пахіснецца ад таго, што некалькі чалавек у маўчанні разам пастаяць.

І тады людзі выйшлі на плошчу з партрэтамі зніклых. Што і якім чынам яны маглі парушыць, стоячы на плошчы?

Але ж парушылі, няйначай. Не законы. Ці нейкія там правілы. Яны парушылі ўпэўненасць улады ў яе ўсемагутнай непахіснасці. Столькі гадоў запар у краіне нагняталася атмасфера страху. Запалоханы ўсе. І тыя, што кіруюць. І тыя, хто кіраўніцтва гэта церпяць. А тут раптам з’яўляюцца людзі, якія нічога не баяцца. І дзе стаяць – на галоўнай плошчы. На якую грозны начальнік усёй краіны глядзіць з будынку былога ЦК нібы пенсіянер на свае шэсць сотак. Мала таго, яны яшчэ дэманструюць усім, што тутэйшы неадольны страх – смешны і жалю варты. Няхай гэтых адважных сёння толькі жменька. У пэўны момант побач з імі стануць тысячы. Было ўжо тое. І можа паўтарыцца.

А таму з-за Саркафага вырываецца атрад спецназу. І разам з імі – нейкія дэбілы ў цывільным, падобныя да дробных бандзюкоў. Разгон недарэчны, неверагодна цынічны на кожнай з вераснёўскіх акцый. Хіба што падчас другой людзі ў чорнай уніформе і іх паплечнікі ў цывільным абрынуліся яшчэ і на журналістаў. Напэўна, быў загад не дапусціць з’яўлення ненавіснай ім “карцінкі”, якая магла б сапсаваць рэпутацыю новаспечанага лібералізатара падчас ягонага трыумфальнага візіту ў Вільню.

Нават у такі момант улада не ўтрымалася ад гвалту і дзікунства. І гэта ўжо не проста выпадковасць. Пасля разгонаў, калі затрыманых везлі ў пастарункі, людзі ў чорным называлі сябе карнікамі. Вымаўлялі тое з гонарам. Зразумела, не самі дадумаліся. Подлае слова ім убілі ў галаву палітрукі-ідэолагі. Рыхтуюць да адпаведных подзвігаў. Спецназаўскія шыхты на цэнтральнай плошчы – зусім не сведчанне ўсплёску старой любові да Расіі. Дзве карныя аперацыі ў верасні здзейснены дзеля ўнутраных патрэб. Хутчэй за ўсё гэта першая рэпетыцыя прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

Так, Цэнтрвыбаркам на сваім месцы. І кадры там - надзейныя бязмежна. І ўсё тыя ж паслужлівыя настаўніцы разам з дробным чынавенствам будуць шчыраваць на выбарчых участках. Усё тое ж, ды не зусім. Падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў колькі людзей, не зважаючы на пагрозу арышту, выйшлі на плошчу. А цяпер у краіне крызіс. Падманутых мінулым разам зноў падмануць нашмат цяжэй. Падтрымка электарата дорага каштуе. Гэткіх сродкаў у рэзерве ўжо няма. Зіма набліжаецца цяжкая, з невядомымі яшчэ выпрабаваннямі. Ужо нават бюджэт Мінска скарачаць даводзіцца на пяцьсот мільярдаў рублёў. І калі цуд не адбудзецца, на шляху да выбараў можна страціць значную частку нават самых надзейных выбарцаў.

Усім ужо зразумела, што ў тэатры аднаго актора даўно наспеў час апусціць заслону. Аднак жа і сыходзіць так не хочацца. І ўвогуле, як гэта можна ўявіць, што ён спакуе клункі і пакіне родныя Дразды. І застанецца без пасады, без картэжу, без хакею за казённы кошт і нават без усенароднай лыжні. Толькі з-за той прыкрай дробязі, што ёсць яшчэ ў краіне нейкія там выбары. І ёсць таксама людзі, якія не могуць пагадзіцца, што ягоная перамога да скону дзён будзе “элегантнай”.

А таму калі нават неверагодна паглыбіцца крызіс, канчаткова лясне бюджэт ганарлівага Мінска і не будзе чым плаціць рабочым, тут застанецца ўсё ж шмат тых, чый дабрабыт не пахіснецца. Гэта – спецслужбы. Людзі ў чорным, гатовыя на ўсё. Скаваныя з ім адным ланцугом. Апошні аргумент недарэчнай улады ў дыялогу з цярплівым народам.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]