Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларускія сляды Маркеса

18.04.2014 общество
Беларускія сляды Маркеса

Дзякуючы народжанаму ва Ўругваі беларускаму пісьменьніку Карласу Шэрману, творы нобэлеўскага ляўрэата Габрыэля Гарсія Маркеса загучалі па-беларуску.

А зроблены разам з Валянцінам Тарасам і надрукаваны ў беларускім літаратурным часопісе «Нёман» яшчэ ў 1970-я гады расейскі пераклад «Восені патрыярха» стаў падзеяй усесаюзнага гучаньня. Якія яшчэ творы Маркеса перакладзеныя на беларускую мову, хто іх перакладаў?

Гісторыя перакладаў твораў Маркеса на беларускую мову даволі складаная, перадае «Радыё Свабода».

У Карласа Шэрмана была ідэя яшчэ ў 1970-я гады выдаць «Восень патрыярха» па-беларуску. Ён прапанаваў выдавецтву «Мастацкая літаратура» зрабіць пераклад на беларускую мову. Але расейскага перакладу «Восені патрыярха» тады яшчэ не было, і выдавецтва не рызыкнула — маўляў, у Маскве не зразумеюць. І прапанавала перакласьці «Восень патрыярха» на расейскую мову. І Карлас Шэрман разам з Валянцінам Тарасам зрабілі пераклад на расейскую мову, які доўгі час быў адзіным і галоўным перакладам, які друкаваўся ў Савецкім Саюзе. Друкаваўся, праўда, з купюрамі — у савецкі час ніхто аўтарскіх правоў не шанаваў, і шмат якія месцы зь перакладу былі выразаныя ці зьмененыя — не па волі перакладчыкаў.

Апавядае перакладчык, паліглёт Лявон Баршчэўскі:

«Урэшце толькі ў 1981 годзе Карласу Шэрману ўдалося надрукаваць невялікую аповесьць пра донью Эрэндзіру, якая выйшла па-беларуску ўпершыню. Потым ён пераклаў раман „Каханьне падчас халеры“. На жаль, таксама да кніжнага выданьня не дайшло. Прычына — адсутнасьць грошай, у першую чаргу. Складанасьці з аўтарскімі правамі маглі быць лёгка вырашаныя, бо Шэрман асабіста быў знаёмы з Маркесам, яны сябравалі. Друкавалася гэта толькі ў выглядзе вялікага фрагмэнту ў часопісе «ARCHE». На жаль, нашая беднасьць так і не дазволіла выдаць гэты раман па-беларуску».

Потым былі спробы іншых перакладчыкаў — Віялета Яфіменка перакладала апавяданьні Маркеса, якія друкаваліся ў пэрыядычным друку. Валер Буйвал перакладаў асобныя творы зь нізкі «12 дзіўных навэл», якія друкаваліся ў «ЛіМе» і «Дзеяслове». Перакладчык Валер Буйвал назваў Маркеса «калюмбійскім Караткевічам»:

«Такія ж фантастычныя, шматслойныя вобразы, такая ж паэтыка прозы... Вось гэта ж з таго якраз сьвету летуценьнікаў, якія вельмі пранізьліва бачаць рэчаіснасьць, умеюць прадбачыць яе.

Гасподзь дазволіў, даў магчымасьць і мне зрабіць экзэрцыс, зрабіць пераклад на беларускую мову, за што я, вядома, вельмі ўдзячны лёсу. Вельмі шкада, што чалавецтва, што ўсясьветная літаратура страціла гэтага чалавека, страціла гэты талент».

А вось першы раман, якія зрабіў Маркеса ўсясьветна вядомым — «Сто гадоў адзіноты» — на беларускую мову так і не перакладзены, і таксама з-за нашай беднасьці, кажа Лявон Баршчэўскі:

«Некалі Якуб Лапатка пачынаў перакладаць галоўны і, можа, самы вядомы раман «Сто гадоў адзіноты», але прыхільнасьці сярод выдаўцоў не знайшоў і фактычна закінуў гэты пераклад».

У 2004 годзе тады яшчэ студэнт-выпускнік факультэту гішпанскай мовы Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Багдан Арлоў перакладаў невялікі фрагмэнт аднаго з апошніх твораў Маркеса «Ўспамін пра маіх сумных прастытутак»:

«Узгадваю, што тры альбо пяць старонак я перакладаў ці не два тыдні. Вельмі цяжка было перадаць тую незвычайную мову маркесаўскую. Мова Маркеса сапраўды незвычайная, зусім ня простая, далёка ня кожны перакладчык з гішпанскай можа адважыцца на такое. Я мяркую, што менавіта з гэтым зьвязанае тое, што ў нас, на жаль, далёка ня ўсе творы Маркеса па-беларуску, вартыя перакладу, выйшлі».

Багдан Арлоў прачытаў і фрагмэнт апавяданьня Маркеса «Ўспамін пра маіх сумных прастытутак» у сваім перакладзе:

«Усе грошы, якія заставаліся ў мяне, ейныя і мае — я пакінуў на падушцы і назаўсёды разьвітаўся пацалункам у лоб. Дом, як і кожны бардэль на раніцу, выглядаў нечым надта блізкім да раю. Я выйшаў празь дзьверы ў сад, каб ні з кім не сустрэцца. Зь пяклівым сонцам вуліцы я пачаў адчуваць цяжар маіх 90 гадоў і пачаў лічыць адну за адной хвілі начэй, што мне заставаліся да сьмерці...»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]