Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«У Фядуты - не шызафрэнія!»

26.04.2014 политика
«У Фядуты - не шызафрэнія!»

Сяргей Навумчык пiша пра Аляксандра Фядуту.

«Радыё Свабода» публикуе урывак за кнігі палітыка і журналіста, былога дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі пра падзеі 1994 года:

- Аляксандра Фядуту нельга лічыць тварам выбарчай кампаніі Лукашэнкі – на тэлеэкране ён зьяўляўся не часьцей за іншых асноўных членаў каманды.

Затое «голасам» кампаніі яго можна назваць сьмела: ён вёў прамыя тэлеэфіры з Лукашэнкам (кожнаму кандыдату быў выдаткаваны час на радыё). Таму многія лічылі яго прэсавым сакратаром Лукашэнкі (насамрэч, такім сакратаром быў Уладзімер Нісьцюк).

Вось як сам Фядута вызначыў свой статус у камандзе ў інтэрвію, дадзеным паміж першым і другім турамі галасаваньня:

«Я ня ведаю нават, як мяне прадставіць дакладна па адной прычыне: я не вызначаў свой статус у камандзе, я не патрабаваў сабе статусу... Калі мне гавораць, што патрэбны дакумэнты, я іх пішу. Калі гавораць, што трэба нешта зрабіць, правесьці, арганізаваць, я выконваю. Пытаюцца маёй парады – я яе даю». («Беларуская маладзёжная», 5 ліпеня 1994 году).

Вось як ягоны статус быў названы на наступны дзень у публікацыі адной з найбольш уплывовых дзяржаўных газэт:

«У камандзе Аляксандра Рыгоравіча Фядута ўваходзіць у так званую «інтэлектуальную групу», аказваючы істотную дапамогу пры падрыхтоўцы публічных выступаў кандыдата». («Советская Белоруссия», 6 ліпеня 1994 году).

А цяпер цытата з кнігі Фядуты, напісанай празь дзесяць гадоў пасьля выбараў:

«Галоўнымі прынцыпамі ўсёй выбарчай кампаніі 1994 году была сьвядомая хлусьня».

(Аляксандар Фядута, «Александр Лукашенко. Политическая биография», Масква, «Референдум», 2005, стар. 151).

У рэчышчы гэтага прызнаньня (на якое не адважыўся ніводны іншы член каманды Лукашэнкі) няпроста вызначыцца, як ставіцца да інтэрвію ды выказваньняў самога Фядуты – як да хлусьні ці як да праўды? Ці – як да напалову праўды – напалову хлусьні? Альбо, магчыма, найбольш аптымальны такі падзел: тое, што гаворыць Фядута ад імя свайго патрона – падман, хлусьня. Тое – што гаворыцца ад сябе, што выяўляе ягоную прыватную думку – шчыра. Далібог, пачынаеш задумвацца пра раздваеньне асобы, што ў псыхіятрыі мае зусім вызначаны тэрмін.

Упершыню імя Фядуты гучна прагучала ў канцы 1990 году, калі на адным са зьездаў камсамолу Беларусі настаўнік расейскай мовы і літаратуры з Горадні, дэлегат Аляксандар Фядута ўчыніў разнос рэдактару газэты «Зняма юности» Аляксандру Класкоўскаму за тое, што самая шматнакладная газэта рэспублікі (яе наклад дасягаў 800 тысяч асобнікаў) не надае належнай увагі апісаньню слаўных спраў камсамоліі, а друкуе ледзь не ідэалягічных ворагаў. «Знамя юности» нельга было параўнаць з латыскай «Советской молодёжью», дзе з нумару ў нумар друкаваліся матэрыялы Народнага Фронту, але гэта было выданьне ў рэчышчы перабудовы, прагрэсіўнае, якое давала чытачам разнастайную інфармацыю. Класкоўскі прыбраў абавязковы тады для партыйных і камсамольскіх выданьняў лёзунг «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!», зьмяніў у шапцы пазначэньне «орган ЦК ЛКСМБ» на «газэта ЦК ЛКСМБ», і перад самым зьездам надрукаваў дыскусію з рэзкімі ацэнкамі кіраўнікоў ЦК. Гэтага хапіла, каб на зьезьдзе раптам выйшаў да мікрафону дэлегат з Горадні настаўнік Аляксандар Фядута і заявіў, што рэдактар ледзь не ўсадзіў камсамолу нож у сьпіну, што рэдактара трэба зьняць, а калі ў ЦК няма кадраў – дык ён, Фядута, мае вопыт, бо выпускаў у Горадні насьценгазэту. Апошнія словы дэлегата патанулі ў сьмеху, але Класкоўскаму было не да весялосьці: з гэтага моманту яго пачалі цкаваць, а ў красавіку наступнага, 1991-га, ЦК камсамола не перапрызначыў яго на пасаду рэдактара газэты. У абарону выступілі Васіль Быкаў ды некалькі народных дэпутатаў БССР – Анатоль Вярцінскі, Іосіф Сярэдзіч, аўтар гэтых радкоў – але не дапамагло. Сам Класкоўскі пазьней ахарактарызаваў Фядуту таго часу як «шчырага камуністычнага фанатыка».

Класкоўскі пакінуў крэсла рэдактара, але сеў ў яго не Фядута. Ён узьняўся, калі лічыць па намэнклятурнай ерархіі, на значна больш высокую прыступку – сакратара ЦК камсамола. Яшчэ за некалькі гадоў перад гэтым гэта была даволі высокая пасада, роўная намесьніку міністра (першы сакратар ЦК ЛКСМБ увогуле на правах кандыдата ўваходзіў у склад Бюро ЦК КПБ – вышэйшы арэапаг рэспубліканскай улады, куды ўключаліся ня ўсе першыя сакратары абкамаў партыі і віцэ-прэм'еры). Але ў пачатку 1991 году ўплыў камсамолу (як і «старэйшага таварыша» – кампартыі) скарачаўся, як чыгрынавая скура. Людзі пакідалі пасады ў партыйным апараце – ня кажучы ўжо пра камсамол.

Адны ўладкоўваліся ў выканкамы, іншыя – у камэрцыйныя структуры. Камсамол у гэтым сэнсе абышоў партыю – многія цяперашнія бізнэс-магнаты пачыналі сваю дзейнасьць якраз з утвораных камсамолам каапэратываў.

Усе імкнуліся зьбегчы з ЦК камсамола, а Фядута туды прыйшоў. Шчыры камуністычны фанатык? Ці не зусім фанатык? Ці – не зусім шчыры?

Дзейнасьць Фядуты ў камсамоле (як і ягоныя артыкулы ў гарадзенскай камуністычнай газэце) цяпер могуць успрымацца з адценьнем камізму. Гэтак жа гадоў праз дваццаць пяць будуць сьмяяцца з заяваў пра «бандэраўцаў», «украінскіх нацыянал-фашыстаў» ды «праплочаных Захадам майданаўцаў», якія не сыходзяць з эфіру пэўных тэлекампаніяў у дні, калі я пішу гэтыя радкі; але сёньня такія словы моцна ўплываюць на вялікую частку насельніцтва, фармуюць грамадзкую думку. Тады, у канцы 80-пачатку 90-ых, калі Народны Фронт зьбіраў усе нацыянальныя сілы дзеля барацьбы за Адраджэньня, за незалежнасьць і дэмакратыю («барацьба» у гэтым кантэксьце – ніякае не перабольшваньне) – супрацьстаяньне гэтым нацыянальна-дэмакратычным сілам з арсэналам ад падсьмейваньня да паклёпу ў адрас БНФ і яго лідэра, - дорага абышлося Беларусі.

Пасьля жнівеньскага путчу і абвяшчэньня Незалежнасьці ў жніўні 1991-га, калі дзейнасьць КПБ-КПСС была прыпыненая, камсамол памяняў назоў на Саюз Моладзі. Першым сакратаром ЦК Саюзу моладзі быў абраны Фядута. Колькасна арганізацыя была непараўнальна меншая за камсамол. Уплыву яна ня мела – уласна, я нават і ня чуў у той час ні пра Саюз, ні пра самога Фядуту (пазьней, праўда, усплыве дапамога Фядуты актывістам прамаскоўскай арганізацыі ў Вільні, якія ў дні ГКЧП у жніўні 1991-га вяшчалі па радыё супраць незалежнасьці Літвы – пасьля правалу путчу яны зьбеглі ў Беларусь, і Фядута нейкі час іх хаваў у Менску).

Але ў Саюзу моладзі было тое, што ўжо ў тыя часы (пачатак 90-ых) цанілася высока: памяшканьне ў цэнтры Менску. І не абы-якое, а тое самае, дзе раней месьціўся ЦК ЛКСМБ – насупраць будынку былога ЦК КПБ, дзе з 1992 году месьціўся апарат Вярхоўнага Савету. Гэта той самы чатырохпавярховы будынак, у якім пазьней Лукашэнка паселіць свой так званы «сэнат».

Пазьней Фядута будзе казаць, што ягоны Саюз крыўдзілі. Аднак, напрыклад, Народны Фронт і марыць ня мог пра такі будынак (хай бы нават фядуцінскі саюз займаў там ня ўсе чатыры паверхі, а толькі адзін). Да 1993 году, калі дэпутат Менскага гарсавету Галіна Вашчанка «прабіла» ў выканкаме некалькі пакояў на Варвашэні, 8 – Народны Фронт ня меў свайго памяшканьня і праводзіў Соймы ў розных месцах, там, дзе ўдавалася дамовіцца. Размова, падкрэсьлю, ідзе пра самую ўплывовую дэмакратычную палітычную арганізацыю, якая мела сваю фракцыю ў парлямэнце.

Саюз ня меў у парлямэнце ніводнага дэпутата – але меў шыкоўнае памяшканьне, якое мог здаваць камэрсантам у арэнду.

Але найвыгаднейшы «арэндатар» прыйшоў не з камэрцыі.

«Я не зьбіраўся далучацца ні да кога. У позьнекебічаўскія часы я быў кіраўніком Саюзу моладзі, меў кабінэт, сакратарку, службовую машыну, часам выступаў на тэлеэкране, спрабаваў арганізаваць розныя моладзевыя акцыі і лічыў, што страшней за Пазьняка зьвера няма. Але тут высьветлілася, што на апошнюю ўласнасьць разрабаванай і напаўзадушанай дэпутацкім корпусам 12-га скліканьня моладзевай арганізацыі паклалі вока бізнэсоўцы, да якіх благаваліў тагачасны начальнік службы інфармацыі Савету Міністраў і адзін з маіх папярэднікаў па ЦК ВЛКСМ Васіль Драгавец. Пачалася неабвешчаная вайна. І паколькі скардзіцца Кебічу на Драгаўца было гэтак жа бессэнсоўна, як скардзіцца Лукашэнку на Ціцянкова, заставалася шукаць абарону ў іншым баку.

Гэта супала з прыняцьцём новай Канстытуцыі. Зрабілася зразумелым, што абаронцам можа быць такі кандыдат, у якога хопіць сілаў калі не перамагчы Кебіча, дык, як найменей, паўстаць на абарону тых, хто яму дапамагаў. Такім мне падаўся член Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Дзьмітры Булахаў.

Але ў Дзьмітрыя Пятровіча не хапіла мужнасьці прызнацца мне ў той момант, што ён проста занадта малады для такой пасады. Ён доўга распавядаў пра нядаўна створаны ў парлямэнце саюз трох, які ўключыў яго, Віктара Ганчара і Аляксандра Лукашэнку. Лукашэнка павінен зрабіцца таранам, якім будзе зламаная старая адміністрацыйна-камандная сыстэма. «Дзьмітры Пятровіч, я табе веру» – сказаў я і прапанаваў «вялікай тройцы» тую слабую дапамогу, якую ўвогуле мог прапанаваць: кабінэт, стул са сталом і тэлефонам, дзяжурнага і ўласныя слабыя арганізатарскія здольнасьці» (Аляксандар Фядута, «Народная воля», №93, кастрычнік 1996 году).

Не бяруся ацаніць арганізатарскія здольнасьці Фядуты, але наконт «стула і стала» ён выказаўся празьмерна сьціпла: Лукашэнка атрымаў памяшканьне ў крытычны для сябе (і будучай выбарчай кампаніі) час. Той, хто хоць раз удзельнічаў у выбарах, ведае, наколькі важна мець сталае памяшканьне – нават у выглядзе аднаго кабінэту з адным сталом і адным тэлефонам. А ў былога камсамола быў не адзін стол і не адзін тэлефон, ды і кабінэтаў – не адзін і ня два.

Гэтае тлумачэньне Фядута даў праз больш чым два гады пасьля выбарчай кампаніі ў сваім артыкуле «Памылка», дзе спрабаваў апраўдаць прычыны свайго прыходу да Лукашэнкі, у восень 1996-га, калі палітычнае банкруцтва Лукашэнкі не выклікала сумневу нават у яго колішніх бліжэйшых паплечнікаў. Ніжэй – урывак з інтэрвію Тацьцяне Нічыпарук з газэты «Беларуская маладзёжная», дадзенага паміж першым і другім турам – тады, калі паплечнікі Лукашэнкі знаходзіліся ў зусім зразумелым (і, трэба прызнаць, псыхалягічна апраўданым) стане эўфарыі ад перамогі, якая ўжо амаль была ў кішэні.

«Адзіны, хто мог абараніць нават у выпадку пройгрышу арганізацыю, на чале якой я знаходзіўся – Саюз Моладзі Беларусі... быў Лукашэнка. У ва ўсіх астатніх сілы б не хапіла на гэта. Сытуацыя ж атрымалася вельмі і вельмі складаная для мяне асабіста. Было зразумела, супраць каго я – было ясна, што я буду працаваць супраць каманды, на чале якой стаіць Кебіч. Але было ня ясна, з кім я. Тое, што я прыйшоў да Лукашэнкі, для мяне самога было, як найменш, нечаканым. Ва ўсялякім разе ўсе, хто мяне ведае, хто ўбачыў мяне раптам на тэлеэкране з Аляксандрам Рыгоравічам, зрэагавалі гэтак: у Фядуты пачалася шызафрэнія. «Дах паехаў».

У Фядуты не пачалася шызафрэнія. Я цалкам сьвядома працаваў супраць Кебіча. А той, хто мог выбіць гэтую каманду зь сядла, быў Лукашэнка. Ужо таму я павінен быў да яго прыйсьці» («Беларуская маладзёжная», 5 ліпеня 1994 году).

Але сьвядома працаваў Фядута ня толькі супраць Кебіча, пра што пазьней. Цяпер жа адзначым, што ўжо ў тыя дні некаторыя знаёмыя Фядуты, як вынікае зь ягоных слоў, крытычна ставіліся да ягонага выбару. І нават падазравалі псыхічнае захворваньне.

Ніякага псыхічнага захворваньня ў Фядуты, канечне, не было.

З усіх членаў каманды Лукашэнкі на выбарах 1994 году Фядута найчасьцей тлумачыў прычыны свайго прыходу да Лукашэнкі.

Асобна ў гэтай плыні рэфлексіяў стаіць, безумоўна, ягоная кніга «Александр Лукашенко. Политическая биография», якая ў 2005 годзе выйшла ў Маскве і якую ў сваіх нататках я даволі часта цытую. У час працы над ёй Фядута зьвярнуўся да мяне з просьбай адказаць на некалькі пытаньняў – я даслаў разгорнутыя адказы. У кніжку яны не патрапілі – затое я атрымаў тэкст кнігі ў кампутарным рукапісу. А пазьней набыў і само выданьне.

Тое, што я прачытаў у рукапісу – было літаратурай мэмуарнага жанру. Літаратурай, павінен прызнаць, якаснай. А вось кніга мне падалася агітацыйным тэкстам, асабліва там, дзе казалася пра актуаліі канца 1990 – пачатку 2000-х гадоў. Мэта якога – паказаць чытачам найперш у Маскве (і верагодна, у Крамлі), як яны там у сабе ў Крамлі памыляюцца, калі вераць Лукашэнку. Адчувалася, што па тэксьце пахадзіла рука рэдактара Яўгена Будзінаса, пазначанага ў выходных зьвестках пад дзіўнаватым тытулам «кіраўнік праекту». І ўсё ж шмат апісаньня перадвыбарчай барацьбы ў кнізе засталося, і на сёньня гэта – найбольш поўная і дэталёвая карціна таго, што адбывалася ў штабе Лукашэнкі, прычым – намаляваная непасрэдным удзельнікам падзеяў.

У гэтай кнізе Фядута прызнаўся, што на самой справе ніякай праграмы ў Лукашэнкі не было. Не было і высокакваліфікаваных адмыслоўцаў. А абапіраўся Лукашэнка на спэцыфічны сэгмэнт электарату.

«Мы з нашым штабным аналітыкам Сяргеем Чалым па ўказаньні Сініцына думалі пра тое, як адкалупаць ад чужой і, здавалася, гарантаванай «порцыі» кавалак паболей. Задача была ня зь лёгкіх: наш электарат мог адрозьнівацца толькі адным – гранічнай ступеньню люмпэнізаванасьці. Люмпэн не валодае ўласнай ідэалёгіяй, а таму магчымасьць прыцягнуць яго на свой бок была зусім рэальнай» (Аляксандар Фядута, «Александр Лукашенко...», стар. 124).

Але гэтае прызнаньне будзе зроблена празь дзесяць гадоў. Пакуль жа Фядута ў інтэрвію газэце, чыя аўдыторыя складала пераважна прагрэсіўную моладзь, тлумачыць, што –

«Праграма кандыдата і праграма прэзыдэнта – гэта розныя рэчы. Кандыдат можа абяцаць шмат што... А заўтра трэба будзе прыйсьці і стаць перад тэлекамэрай, сказаць: «Рабяты, цяпер лепей ня будзе. Але праз два гады вы адчуеце»... Няшчасьце Кебіча ня ў тым, што ён ня быў кампэтэнтны, ня ведаў, як працуе завод, райвыканкам... Ён усё гэта ведаў, і каманда яго ведала. Няшчасьце Кебіча ў тым, што яго атачалі людзі, якія схлусілі. І, пакуль яны хлусілі, абараняючы сябе, адцягваючы сваю агонію, аганізавала Беларусь. І зараз справа не ў праграме. Справа ў тым, каб спыніць неадкладна гэтую агонію. Агонію дзяржаўнай улады. Узьняць уладу з бруду, у якім яна коўзаецца, ачысьціць, прывесьці ў нармальны працоўны стан і пачаць з трох рэчаў.

Першае. Усталяваньне дысцыпліны і парадку на дзяржаўных прадпрыемствах. Дырэктар ёсьць асоба нанятая, а не гаспадар. Ён ня мае права прадаваць тавар бяз грошай, прасіць потым у дзяржавы, каб яна выплочвала зарплату...

Патрэбна навесьці парадак на вуліцы... Злачыннасьць у першую чаргу... Трэба, каб на вуліцах Менску і ўсёй рэспублікі зрабілася чыста. Падаткаплацельшчык мог прайсьці спакойна, не баючыся, што яго абрабуюць, не баючыся, што яму наб'юць морду...

І трэцяе, самае галоўнае, з майго пункту гледжаньня. Трэба пры якім заўгодна раскладзе пачаць нармальнае фінансаваньне сыстэмы адукацыі. Як бы бедна не жыла Беларусь, трэба, каб школа не абвальвалася, каб там не асыпалася столь, каб былі падручнікі, каб у дзіцёнка не было гастрыту пасьля школьнай сталоўкі. З гэтага трэба пачынаць. Калі дзіцёнак будзе накормлены, калі настаўнік будзе весьці ўрок, не баючыся, што перакрыцьце зваліцца яму на галаву, калі будзе хапаць грошай, каб аддрукаваць новы падручнік – гэта азначае, што новае пакаленьне абярэ беларускую (мову – С.Н.) абсалютна спакойна. Бяз вопляў, крыкаў і абсалютна ідыёцкіх паводзінаў Міністэрства адукацыі.

Пачаць трэба з трох момантаў. А потым тры прыярытэты ў эканоміцы, якія, з майго пункту гледжаньня, Аляксандар Рыгоравіч вызначыў вельмі дакладна. Жыльлёвае будаўніцтва... сельская гаспадарка, якую трэба вывесьці з крызісу. І трэцяе – адукацыя і навука. Як кажа Аляксандар Рыгоравіч, няма тавараў, якія можам прадаваць, будзем прадаваць мазгі» («Беларуская маладзёжная», 5 ліпеня 1994 году).

Уся тэма нацыянальнага Адраджэньня ўклалася ў рэпліку пра нібыта няправільныя «паводзіны» Міністэрства адукацыі (трэба думаць, мелася на ўвазе адкрыцьцё беларускамоўных школаў). Будуць грошы – будзе вам і беларуская мова. Такое вось разуменьне нацыянальных каштоўнасьцяў.

Выказаўся Фядута і адносна свабоды прэсы: будзе вам свабода!

«Тацьцяна, ты не была на першай прэсавай канфэрэнцыі, якую даў пасьля выбараў Лукашэнка? Ён зьвярнуўся да журналістаў: у выпадку перамогі Аляксандар Лукашэнка гарантуе скасаваньне палітычнай цэнзуры, спыненьне перасьледу ўсіх журналістаў, незалежна ад таго, якую пазыцыю яны займалі ў выбарчай кампаніі, гарантуе свабоднае атрыманьне інфармацыі журналістамі ў чыноўнікаў. А вось далей ідуць цудоўныя словы: трэба, нарэшце, каб народ расправіў плечы, а прэса зрабіла глыток свабоды. Таму што нельга быць рабамі, кіраваць рабамі і выхоўваць рабоў.

Кар.: Аляксандар, ці варта мне разумець усё сказанае Вамі так, што Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка да кожнага грамадзяніна Беларусі, уключна тых, хто сказаў «не», будзе ставіцца аднолькава?

Фядута: Лукашэнка будзе ставіцца аднолькава да кожнага грамадзяніна Беларусі, паколькі Лукашэнка будзе не прэзыдэнтам каманды, але Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь» (Тамсама).

Фядута адкрываў перад чытачамі самыя заманлівыя пэрспэктывы ў выпадку абраньня Лукашэнкі. І ня толькі перад чытачамі, але і перад актывістамі партый:

«Аляксандар Рыгоравіч не зьяўляеца партыйным прэзыдэнтам, за ім няма партыі. Я не выключаю, што будучы ўрад будзе з элемэнтамі кааліцыйнасьці. Так, туды патрапяць тыя прадстаўнікі ўраду Кебіча, што не заўважаны ў казнакрадзтве і хто не дыскрэдытаваў Рэспубліку Беларусь... Пэўна ва ўрадзе апынуцца людзі з каманды А. Дубко – больш кампэтэнтных людзей у галіне сельскай гаспадаркі проста няма.

Кар.: Ты выпадкова альбо не, але абмінуў Народны Фронт і БНФ як партыю.

Фядута: ... і ПКБ.

Кар.: Альбо вы будзеце трымаць іх у ролі «кусачай апазыцыі»? Вы ня вызначыліся па магчымасьці супрацоўніцтва?

Фядута: А гэта пытаньне да Лукашэнкі. У мяне ёсьць асабістае меркаваньне, але не магу казаць ад імя кандыдата» (Тамсама).

Тут я перапыню цытаваньне і нагадаю прызнаньне Фядуты, што выбарчая кампанія («уся») была пабудаваная на хлусьні, так што ўсе гэтыя словы – абяцаньні пра будучую дзейнасьць Лукашэнкі можна ўспрыняць адпаведным чынам. А вось там, дзе Фядута кажа «ад сябе» – тут ён гаворыць шчыра.

«Маё асабістае стаўленьне фармулюецца наступным чынам: хто б не перамог, Зянон Станіслававіч асабіста ніводнага партфэлю атрымаць ня можа. Гэта вельмі адыёзная фігура. Гэта мае асабістыя адносіны, магчыма, нейкая і крыўда ад таго, што ён не прыехаў на зьезд Саюзу Моладзі – Шушкевіч прыехаў, а ён не, ах, прабач Госпадзе! Хаця справа ня ў гэтым. А сярод БНФаўцаў дастатковая колькасьць разумных асобаў, што ж іх адштурхоўваць?» (Тамсама).

Што ж да «асабістага стаўленьня» Аляксандра Фядуты, дык яно цалкам супадзе з «асабістым» стаўленьнем Аляксандра Лукашэнкі і стратэгіі выбарчай кампаніі: каманда выступала супраць БНФ і яго кандыдата.

Пройдзе два гады, і ў кастрычніку 1996-га, калі ўзьнікла рэальная пагроза імпічмэнту Лукашэнкі, Фядута апублікуе ў «Народнай волі» артыкул, у якім прызнаецца, што ўжо ў часе выбарчай кампаніі яго шмат што павінна было насьцярожыць у Лукашэнку. І тое, што не пажадаў скарыстаць тэкст пра грамадзянскі мір. І тое, што пасьля першага туру не пажадаў сам рабіць заяву пра свабоду прэсы, а перадаручыў гэта Сініцыну (у інтэрвію Тацьцяне Нічыпарук, як мы памятаем, Фядута казаў, што заява была зробленая Лукашэнкам). Фядута абвяргаў шмат якія свае ранейшыя ацэнкі, і нават ставіў Лукашэнку ў прыклад тагачасных сьпікера Сямёна Шарэцкага і старшыню Канстытуцыйнага Суду Валерыя Ціхіню. Ад былога захапленьня Лукашэнкам няма і сьледу – ёсьць толькі змрочная пэрспэктыва для тых, хто пакуль яшчэ каля яго – змрочная аж да судовых працэсаў. І нават – яшчэ больш апакаліптычная, чым гэтыя працэсы:

«Але калі падзе створаная самім прэзыдэнтам вэртыкаль улады, падзе і ён. Бо тады замест дакладна акрэсьленай сыстэмы кіраваньня надыдзе анархія, а на чале анархічнай дзяржавы можа стаць толькі абсалютны анархіст-адмаўляльнік. І імя яму будзе на гэты раз Зянон Пазьняк. І чым болей будзе кіраваць Лукашэнка, тым болей шанцаў у Пазьняка. Так на зьмену псэўда-Напалеону Керанскаму і Напалеону Карнілаву ў 1917 годзе прыйшоў Ленін. Так на зьмену Эбэрту і Гіндэнбургу прыйшоў Гітлер» («Народная воля», №93, кастрычнік 1996 году).

Многія (практычна ўсе) ацэнкі Фядуты з моманту выбарчай кампаніі зьмяніліся, нязьменным засталося толькі стаўленьне да лідэра БНФ. Такім чынам, на выбарах 1994 году аўтарам выступаў Лукашэнкі, а таксама вядучым ягоных радыёэфіраў быў чалавек, у якога, паводле яго ўласнага прызнаньня, былі два праціўнікі (калі не сказаць – ворагі) – Кебіч і Пазьняк. Прычым, Кебіча ў сваім адзіным паміж першым і другім турамі інтэрвію Фядута часткова апраўдваў (ведаў, што рабіць, але атачэньне няўдалае), а Пазьняка – катэгарычна адрынаў. Свае адносіны да Пазьняка Фядута выказваў і пазьней – адзін зь ягоных артыкулаў нават атрымаў ацэнку як “гнюсны” ад Васіля Быкава, які ня часта карыстаўся экспрэсінай лексікай.

Чытач, які сёньня разгорне кнігу Фядуты пра Лукашэнку, заўважыць адну дзіўную асаблівасьць.

Вось аўтар піша пра рэфэрэндум 1995 году.

«... паколькі менавіта ў Народным Фронце Лукашэнка бачыў галоўную пагрозу патэнцыйнай магчымасьці смуты, яму трэба было скончыць з палітычным уплывам аднойчы і назаўсёды. Зрабіць гэта можна было, толькі рубануўшы парасткі смуты пад корань, адняўшы ў «праціўніка» яго галоўныя заваёвы.

«Заваёваў» у БНФ было ўсяго дзьве – прыняцьце ў дзяржаве гістарычнай беларускай сымболікі і прызнаньне беларускай мовы дзяржаўнай» (Фядута, «Александр Лукашенко...», стар. 230).

Строга кажучы, дзяржаўнасьць беларускай мовы была аформленая яшчэ Вярхоўным Саветам 11-га скліканьня ў студзені 1990-га – але, сапраўды, пад уплывам Народнага Фронту, які набываў сілу ў грамадзтве. Паказальна, што «заваёвы» бяруцца ў двукосьсі (як і «праціўнік») – што павінна ўспрымацца не інакш як з сумневам.

Але самае галоўнае тут іншае.

У кароткім пераліку заваёў БНФ адсутнічае дасягненьне незалежнасьці Беларусі.

Гэта як бы пушкініст Аляксандар Фядута, кажучы пра галоўныя паэтычныя творы Аляксандра Пушкіна, прыгадаў «Полтаву» ды «Медный всадник», і ні слова не сказаў пра раман у вершах «Евгений Онегин». Словаў няма, першыя два – шэдэўры. Але найвялікшым паэтычным дасягненьнем Пушкіна, якое, да таго ж, найбольш паўплывала на разьвіцьцё расейскай літаратуры, быў, безумоўна, «Евгений Онегин».

Увогуле, ва ўсёй кнізе Фядуты, дзе прыгадваецца шмат падзеяў найноўшай беларускай гісторыі, якія папярэднічалі прыходу Лукашэнкі, абвяшчэньне Незалежнасьці 25 жніўня 1991 году ня ўзгадваецца ні словам.

Ёсьць тут, праўда, адна акалічнасьць, якая хай і не апраўдвае, але часткова тлумачыць такое ігнараваньне. Кніга выдавалася ў 2005 годзе, пісалася яшчэ раней, а гэта быў час, калі ў тых, каго называлі «ўладальнікамі думак», было своеасаблівае разуменьне найноўшай беларускай гісторыі. Лічылася, што БНФ пацярпеў паразу, Пазьняк – няўдачнік, ну а Незалежнасьць «звалілася на беларусаў зь неба». Былыя дэпутаты Апазыцыі БНФ былі выштурхнутыя з актыўнага палітычнага жыцьця, на чале апазыцыі паўсталі асобы, якія (за рэдкім выключэньнем) да нацыянальнага Адраджэньня ніякага дачыненьня ня мелі, а тыя, хто меў – не маглі альбо не жадалі ісьці супраць агульнай тэндэнцыі. І не гучала, што галоўны плён дзейнасьці БНФ – гэта здабыцьцё Незалежнасьці, а ва ўсіх краінах гэта лічыцца найвялікшым палітычным дасягненьнем. Што яна ня «ўпала зь неба», а была вынікам змаганьня пакаленьняў, і зьявілася яна ня вынікам распаду СССР – а наадварот, распад Савецкага Саюзу быў вынікам заваёвы народамі сваёй незалежнасьці.

Мушу прызнацца, што менавіта пасьля кнігі Фядуты ў мяне ўзьнікла жаданьне ўзяцца за рэтраспэкцыю найноўшай беларускай гісторыі (першай была кніга «Сем гадоў Адраджэньня»). Уласна, напісаць гісторыю нацыянальнага руху – такое слова ўзяў зь мяне Васіль Уладзімеравіч Быкаў, я б гэта зрабіў, рана ці позна, але менавіта тая кніга пераканала мяне, што яшчэ крыху – і можа быць позна.

У інтэрвію Фядуты ёсьць апраўданьні на які заўгодна густ, і па ўсіх парамэтрах: ідэалягічных, асабістых, нават псыхалягічных. Няма толькі аднаго – таго, што адсутнічае ня толькі ў ягоных інтэрвію, але і ў прысьвечанай Лукашэнку кнізе. На больш чым 600 старонках няма нават спробы патлумачыць, – а чаму ж ён падтрымаў чалавека, які сваёй галоўнай мэтай дэкляраваў зьнішчэньне дзяржавы? І ў гэтым Фядута не адзіны – гэтую тэму абыходзяць усе, як адзін, былыя паплечнікі Лукашэнкі.

У пасьлявыбарчай кар'еры Фядуты асобна стаяць «белыя плямы» замест дакладу дэпутата Апазыцыі БНФ Сяргея Антончыка аб карупцыі ў бліжэйшым атачэньні Лукашэнкі – я перакананы, што калі б тады, у сьнежні 1994-га, даклад быў апублікаваны, рэйтынг стаўленікаў улады на наступных парлямэнцкіх выбарах быў бы істотна ніжэйшы. Фядута ўзяў адказнасьць на сябе і пайшоў у адстаўку, ну а далей – праца ў «Белорусской деловой газете», удзел у розных выбарчых кампаніях, зьняволеньне ў «амэрыканцы», праца па-за межамі Беларусі (барані божа – не эміграцыя!) – апісаньне паваротаў лёсу магло б скласьці раман, жанр якога літаратуразнаўца Фядута вызначыў, напэўна б, як авантурны. Пасябраваў Фядута і зь некаторымі былымі лідэрамі БНФ ды дзеячамі Адраджэньня. Выдаў у «Беларускім кнігазборы» кнігу твораў Фадзея Булгарына, спрыяў выхаду складзенай Міхасём Скоблам анталёгіі беларускай паэзіі «Краса і сіла». Але ўсё гэта ўжо – пасьля таго, як да ўлады пры ягоным актыўным удзеле быў прыведзены той, для каго краса ня вартая нічога, а сіла азначае ўсё.

Последние новости:
Путин умер 24.11.2024 Путин умер
Популярные:
Путин лжет 23.11.2024 Путин лжет
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]