Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Жорсткая стратэгія дзіцячай пляцоўкі

08.10.2009 политика
Жорсткая стратэгія дзіцячай пляцоўкі

Журналістка наведала ў Кеніі вёску Кагела. Звычайная афрыканская вёсачка. Знакамітая хіба тым, што жыве там бабуля Барака Абамы.

Яна таксама ўвходзіла ў лік ганаровых гасцей на інаўгурацыі ўдалага нашчадка. Зразумела, адно з першых пытанняў было пра тое, а ці дапаможа яе заакіянскі ўнук гэтаму далёка не квітнеючаму краю. Старая здзівілася: а з якой нагоды? Ён – амерыканскі прэзідэнт. І клапаціцца будзе найперш аб сваёй краіне.

Бабулі восемдзесят сем гадкоў. А які рэалістычны погляд на наш цудоўны свет. Яна, кенійская старая, цудоўна ведае, што кожны разлічваць павінен толькі на сябе. А вось дасведчаныя, выдатна адукаваныя дэмакраты адной з цэнтральнаеўрапейскіх краін ніяк не могуць даспець да гэтай простай думкі. І ўсё спадзяюцца на кагосьці па-за межамі краіны. Вось прыйдуць тыя дабрадзеі і ў момант вызваляць краіну-прыгажуню ад яе недарэчнай дыктатуры.

Спачатку шмат хто тут быў проста ўпэўнены, што вызваленне павінна прыйсці да нас з Расіі. Старанна шукалі аднадумцаў на палітычных тусоўках Масквы. Сачылі за кожным рухам Крамля. Вось правіцель пакрыўдзіў Ельцына – нешта будзе. Пасварыўся з Пуціным. Канфлікруе з Мядзьведзевым. Ды вось жа газавая вайна. За ёю - малочная. Толькі крыху яшчэ пратрымацца, і пачнецца рашучы націск. Але час ішоў. Грымелі навальніцы па той бок мяжы. Ды толькі ўсе маланкі сыходзілі ў пясок. І высветлілася ў хуткім часе, што наша незалежнасць і свабода на тым напрамку хвалюе хіба што Навадворскую. Для перамогі малавата.

І тады ўсе погляды скіраваліся на Захад. Прагна лавілі кожнае слова адтуль. Але словы былі надзіва невыразныя. І незразумела было нават, на чыім баку аплот заходняй дэмакратыі. А гэтай восенню і ўвогуле надышоў час расчараванняў. Літва на вышэйшым узроўні прыняла апошняга дыктара Еўропы. І там ён атрымаў выдатную магчымасць распавесці пра неверагодныя поспехі дэмакратыі на падкантрольнай тэрыторыі. Менавіта ў тыя дні, калі ў Мінску спецназаўцы тапталі ботамі ўсіх, хто выказаў пратэст супраць уводу чужога войска ў краіну. Выпадковасці ніякай не было. Усё паўтарылася дакладна і на пазнейшых акцыях. Ён такім чынам тэставаў узровень цярплівасці заходніх партнераў па дэмакратызацыі. Высветліў, што ўсё на яго карысць.

Нагода пераканацца ў тым, што Еўразвяз рэцыдывы дзікай паліцэйшчыны не цікавяць увогуле, узнікла яшчэ раз на гэтым тыдні. У Ветцы адбылося ўрачыстае адкрыццё дзіцячай пляцоўкі, падараванай нам Еўропай і ААН. У межах праграмы па пераадоленню наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра, які ўзначальвае адпаведную Еўракамісію, выказаўся і наконт сітуацыі ў Беларусі, адзначыўшы пэўны прагрэс у дэмакратызацыі. Зразумела, гэта не прыватнае меркаванне. Ягоны погляд адпавядае афіцыйнай пазіцыі Еўразвязу: “За апошні час мы адзначаем пэўныя паляпшэнні ў сферы палітычных зняволеных, свабоды СМІ і неўрадавых арганізацый”. Проста надзіва ўсё цудоўна ў гэтай краіне.

Яны не хочуць заўважаць таго, што тут адбавыецца. Захад зрабіў стаўку на перавыхаванне існуючай улады. На яе пакрокавую дэмакратызацыю. А таму на бліжэйшы час сітуацыя ў Беларусі будзе бачыцца ў святле “пэўнага прагрэсу”. Начальнік тэрыторыі, на якой праводзіцца маштабны педагагічны эксперымент, зразумеў, што незалежна ад ягоных выбрыкаў інерцыя абранай Брусэлем методыкі пэўны час будзе яшчэ дзейнічаць. Чорнае будзе лічыцца белым. А таму можна дазволіць сабе шмат чаго. І ён дазваляе. Сваіх экзатычных поглядаў наконт нібыта магчымага збліжэння з Захадам ён ужо не хавае. І нават выпрошваючы заходнія крэдыты, здзекуецца з тамтэйшай рахманасці: “Полтора миллиона нам дали наши враги, которые нас люто ненавидят. Семьсот миллионов дают в октябре. Враги”.

Вось такая ўпэўненасць у сваёй беспакаранасці. І небеспадстаўная. Яшчэ не аднойчы ад заходняга чынавенства даведаемся пра тое, як істотна падвысіўся тут узровень дэмакратыі. Нічога не зробіш – інерцыя. Яцэк Пратасевіч, зноў абраны кіраўніком дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, надзвычай дакладна вызначыў месца нашай краіны ў еўрапейскіх прыярытэтах. “Доўгі час Беларусь, як сусед Еўразвязу, была менш важнай, чым Куба і Зімбабве”. Вось і ўся перспектыва нашых спадзяванняў на дапамогу добразычлівага суседа.

Ніхто нас вызваляць ніадкуль не прыйдзе. Самі ўлезлі ў пастку, самім жа давядзецца з яе выйсці. І магчымасць гэта ёсць. У трэці раз нам даецца шанс – прэзідэнцкія выбары. Але ці не ўпершыню ўзнікае перспектыва рэальнай перамогі. Патрабуецца не так і многа. Дэмакратычны кандыдат, які насамрэч хоча ўзяць уладу. І людзі на плошчы. Жаданне пераменаў у грамадстве наспела ўжо даўно. Толькі б зноў не ўзяла верх усё тая ж наша нерашучасць.

Калі зноў усё пойдзе па звыклым сцэнары, і верагодны пераемнік не будзе ведаць, што рабіць з той грамадой, якая выйшла ў яго падтрымку, нам застанецца ўсё тое ж. Чакаць заходняй дапамогі. Але дачакаемся найперш вялікага свята. Інаўгурацыі генералісімуса Колі. Які прыме ўладу з рук састарэлага таткі. Законным, як заўсёды, шляхам. Пры стоадсоткавай падтрымцы адданага электарата. І маўклівай згодзе спагадлівай Еўропы. А каб не было ўсім занадта няёмка, краіне акажуць нарэшце чаканую дапамогу. Збудуюць яшчэ адну дзіцячую пляцовачку. Як сентыментальны напамін пра Колева дзяцінства, падчас якога краіна страціла свой апошні час, чакаючы заходняй дапамогі.

Яшчэ не ўсё так кепска. Яшчэ ёсць час апамятацца. І люд на плошчы пакуль што сваё слова не сказаў. Ён чакае, пакуль яго паклічуць. Але – хто?..

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]