Беларусам яшчэ трэба прайсцi шлях да незалежнасцi.
Вера Міцкевіч распавяла ў інтэрв'ю «Белсату» аб працы ў музеі дзядулі, новую кнігу пра свайго бацьку і старэйшага сына Якуба Коласа – Данілу і тое, як у Беларусі выжываць працаўнікам інтэлектуальных прафесіяў.
- Спадарыня Вера, Вы вядомая як гарлівая даследчыца спадчыны Якуба Коласа. Магчыма, ёсць нейкія адкрыцці, што датычаць жыцця Вашага дзядулі, ягоных нашчадкаў, нешта яшчэ невядомае?
- Новая кніга пра майго бацьку «І бачу пройдзеныя далі» – мая галоўная радасць за апошні час. Даніла Канстанцінавіч быў заснавальнікам, арганізатарам, першым дырэктарам музею Якуба Коласа. Ён працаваў там да канца жыцця. Пасля смерці бацька пакінуў шмат артыкулаў, карэспандэнцыі. Я вырашыла, што гэта мой доўг – зрабіць кнігу да 100-годдзя бацькі, каб ушанаваць ягоную памяць. Кніга ўжо выйшла, пэўная частка накладу ў продажы ў «Акадэмкнізе». На верасень, да юбілею, планую прэзентацыю.
- А якія старонкі жыцця Вашага бацькі ці дзядулі адкрые кніга чытачам?
- У кнізе ўпершыню надрукаваныя лісты Якуба Коласа і ягонай жонкі Марыі да старэйшага сына. Яны паказваюць узаемаадносіны бацькоў і сына, перш за ўсё. Мы бачым з лістоў, што цікавіла Коласа і чым жыла сям’я, што сын Даніла дапамагаў бацьку ў розных справах, асабліва гаспадарчыя клопаты ляжалі на ягоных плячах. Мой бацька пісаў, што зрабілі ў садзе, што пасадзілі і гэтак далей. Таксама тут ёсць успаміны маёй маці, другой жонкі Данілы Канстанцінавіча, яны пра іхную гісторыю знаёмства – гэта быў нечаканы для яе паварот лёсу. Яна сама іх запісала, гэта таксама друкуецца ўпершыню.
- Ці можна сказаць, што спадчына Якуба Коласа і ягонае жыццё яшчэ не да канца даследаваныя?
- Так, канешне! Яшчэ адшукваюцца раней не вядомыя матэрыялы – у хатніх архівах розных людзей, у дзяржаўных архівах – як беларускіх, так і замежных. Нядаўна знайшліся тры лісты ў хатнім архіве дачкі тагачаснага міністра аховы здароўя Івана Інсарава. Дырэктарка музею Якуба Коласа знайшла лісты ў Віцебску. Яшчэ шмат загадак, асабліва што датычыць кола людзей, якія атачалі Коласа, ягонага асяродку.
- Спадарыня Вера, Вы пачалі даследаваць спадчыну дзеда падчас працы ў музеі Якуба Коласа…
- Праца ў музеі для мяне, як і для майго бацькі некалі, стала вельмі нечаканым паваротам лёсу. Бацька атрымаў загад узначаліць музей пасля смерці Коласа. Давялося перавярнуць сябе на 180 градусаў, пачаць займацца новаю справаю. Так адбылося пазней і са мною. Бацька папрасіў дапамагчы. Я кінула сваю прафесію (паводле адукацыі я таваразнаўца), і пайшла ў музей, дзе працавала з 1991-га да 2001 года.
- А што прымусіла сысці з музею?
- Так склаліся абставіны, што мне трэба было проста трошкі падзарабіць. Было вельмі складана выжываць у тыя гады, і дачка яшчэ была школьніца. Я атрымала прапанову ад адной арганізацыі – кантракт, па якім прапрацавала 4,5 года. Я была ўпэўненая, што вярнуся ў музей, бо мела вусную дамоўленасць з яго кіраўніцтвам. Але слова гэтае не было стрыманае.
Пасля 10 гадоў у культуры вяртацца да спецыяльнасці не мела сэнсу. Таму я пайшла ў Нацыянальную бібліятэку, дзе працую і дагэтуль бібліятэкарам 1-ай катэгорыі ў навуковай зале. Мне падабаецца, у вольны час займаюся даследаваннямі, заўсёды ў архівах нешта шукаю, пішу свае артыкулы. Так, жаданне вярнуцца ў музей было….Але цяпер гэта ўжо не мае сэнсу.
- Як музейны працаўнік са стажам, як Вы лічыце, ці адрозніваецца праца ў музеях сёння ад тых часоў, калі Вы працавалі ў музеі?
- Я працавала ў музеі ў 90-ыя гады. Гэта былі выдатныя гады – незалежнасці ды росквіту. Асаблівасць тагачаснай музейнай працы ў тым, што працаўнікі шмат займаліся даследчыцкаю працаю, можна было спакойна працаваць у архівах, бібліятэках. Не было камп’ютараў, было складаней у гэтым сэнсе, але ў той жа час быў ухіл на захаванне і навуковае апісанне. Цяпер жа больш экскурсійнае абслугоўванне, мерапрыемствы, зарабленне грошай.
- Ці гэта дрэнна для музею – зарабляць грошы?
- Справа ў тым, што коштам грошай фондавая і даследчыцкая праца стала адсоўвацца на другі план. Гэта дрэнна. Тут павінен быць баланс. Таксама не трэба аднолькава ставіцца да ўсіх музеяў. Бо адна справа – новапабудаваны музей, іншая – мемарыяльны. У тым жа музеі Якуба Коласа варта абмежаваць колькасць наведнікаў, каб захаваць у будынку атмасферу, што была пры жыцці пісьменніка. Не павінна быць такіх планаў зверху, як цяпер, бо гэта ж не вытворчасць, якая зарабляе грошы. Тут мэта – захаваць і паказаць. Але не ў такім гоначным тэмпе.
- Ці магчыма, на Ваш погляд, сёння ў Беларусі нармальна пражыць працаўніку музею ці бібліятэкі?
- Немагчыма. Там працуюць людзі, апантаныя сваёй прафесіяй. Але яны заўсёды сябе абмяжоўваюць, хоць гэтага і не заўважаюць. Такі чалавек не можа паехаць кудысьці за мяжу адпачываць, бо гэта нерэальна. Апранацца ў нейкіх там модных салонах ён таксама не зможа. Але калі чалавек займаецца любімаю справаю, ён на гэта не зважае.
- Ці накладае адбітак на Вашае жыццё тое, што Ваш дзядуля – такі вядомы і ўшанаваны пісьменнік?
- Так, адбітак ёсць, яшчэ з дзяцінства: выхаванасць, вытрыманасць, заўсёды адказнасць за свае дзеянні, словы – такім было нашае выхаванне.
- А ці ёсць творчыя людзі сярод нашчадкаў Коласа?
- Усе нашчадкі працуюць у абсалютна розных галінах. Ёсць тэхнары, гуманітарыі, інжынеры, выкладчыкі, эканамісты, юрысты. Адна з праўнучак некалькі гадоў таму прыйшла працаваць у фонды музею Якуба Коласа. Паэтаў больш няма, і я думаю, што гэта нерэальна, такое не паўтараецца, тут прырода павінна доўга адпачываць (смяецца). У Якуба Коласа 6 унукаў, 7 праўнукаў, цяпер ужо 3 прапраўнучкі і 1 прапраўнук. Дарэчы, усе мы па прамой галіне, жывем тут, у Менску.
- Як Вы лічыце, ці такая цяпер Беларусь, якой яе хацеў бачыць Якуб Колас?
- Думаю, што яму цяжка было ў 50-ых гадах мінулага стагоддзя ўгадаць, якою будзе Беларусь у ХХІ стагоддзі. Нават бацька мой, які памёр 18 гадоў таму, не пазнаў бы яе цяпер. Беларусь жа цяпер суверэнная дзяржава. Думаю, гэта тое, чаго хацеў дзядуля. Беларуская – дзяржаўная мова, яе выкладаюць у школах. Можа, гэтага не зусім дастаткова…. Але мы яшчэ па сутнасці зусім маладая дзяржава, шмат да чаго не дараслі, нам яшчэ трэба прайсці значны шлях. Я веру, што Беларусь будзе беларускамоўная і незалежная.
Фото: «Радыё Свабода»