Былы палітвязень працягвае змаганьне за свае правы.
Амаль дзевяць гадоў правёў у зьняволеньні ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Пра свае турэмныя ўнівэрсытэты, а таксама пра ролю «Радыё Свабода» ў адстойваньні правоў зьняволеных ён расказаў у «Вольнай студыі».
— Мікалай, я рады вас бачыць на свабодзе. Ці ўжо акліматызаваліся вы ў родным горадзе пасьля такога працяглага тэрміну зьняволеньня?
— Я не адчуваю, што мне патрэбная нейкая акліматызацыя. Тут такая ж самая турма. Прычым, тут, мабыць, яшчэ цяжэй, чым у турме, бо трэба думаць, чым карміцца, як зарабіць грошы. Прызнаюся, для мяне гэта праблема на сёньняшні дзень, паколькі бізнэс забралі, і ўсё трэба пачынаць з нуля. Перш чым самому патрапіць за краты, я шмат што чуў пра турэмнае жыцьцё. Але ўсё роўна доўга ня мог звыкнуцца. Там здараліся такія моманты, што вочы на лоб лезьлі. Апошні выпадак — чалавек абліў сябе растваральнікам і падпаліўся. Чаму? Зь яго наглядчык зьдзекваўся, і чалавек ніяк ня мог даказаць сваю рацыю. Вось і пайшоў на такі адчайны крок. Часта зэкі, калі чагосьці патрабуюць, кажуць адміністрацыі: «Зрабіце так, а то будзе кепска, мы павінны будзем пратэставаць». Яны заўсёды так кажуць. Потым рэжуцца, падпальваюцца, штосьці сабе ў жывот заганяюць, глытаюць жалязякі.
— А што, іншых формаў пратэсту няма? Скажам, галадоўка.
— Галадоўка — неэфэктыўны спосаб, бо на яе не зьвяртаюць увагі. Калі я прыйшоў у калёнію, мне не хацелася нікуды лезьці. Але людзі падыходзілі, размаўлялі, расказвалі пра свае праблемы. Хочаш-ня-хочаш, давялося
ўвязвацца. Вось і ўвязаўся, ды так, што не вылазіў са штрафнога ізалятару. Адміністрацыя ведала: пра ўсе здарэньні ў калёніі адразу раскажа «Радыё Свабода». Мы наладзілі справу так, што ў кожным атрадзе, у кожнай лякальнай зоне былі людзі з тэлефонамі, з нумарамі Свабоды. Я адкрыта казаў адміністрацыі калёніі, што раздаў усім тэлефоны, каб яны ня зьдзекваліся зь людзей. Былі выпадкі, калі зьбівалі, калі людзі гінулі, і ніхто пра гэта ня ведаў. Зразумейце, гэта закрытая тэрыторыя. Там можа адбыцца што заўгодна, і ніхто ніколі не даведаецца, бо туды не пускаюць ні журналістаў, ні назіральнікаў.
— Выхад у СМІ, на тую ж «Свабоду» дапамагаў?
— Больш за ўсё адміністрацыя баялася ўцечкі інфармацыі ў СМІ — на радыё, у інтэрнэт. Гэта іх найбольш раздражняла. Адзін з начальнікаў нават казаў: «Падавайце паперы ў пракуратуру, у суд, але толькі не на радыё». Гэтага яны баяліся найбольш. Калёнія — гэта такая маленькая дзяржава ў дзяржаве. Начальнік калёніі сам сабе гаспадар, сам сабе прэзыдэнт — як захоча, так і зробіць.
— Я бачу сьляды ад парэзаў у вас на абедзьвюх руках. Супраць чаго вы такім чынам пратэставалі?
— Нічога сур’ёзнага там не было, але калі я сказаў, што гэта зраблю, я павінен быў трымаць слова. Адміністрацыя, калі пабачыла маё непаслушэнства, карысталася падтрымкай крымінальных аўтарытэтаў, якія ціснулі на мяне праз іншых зэкаў. Скажам, прыходзіць атрад у сталовую, а ў бачку для іх — менш кашы. Людзі абураюцца, а ім у адказ: «Скажыце дзякуй Аўтуховічу». Ці, прыкладам, настае дзень, калі наш атрад павінен тэлефанаваць увечары. Не вядуць. Чаму? Адказ той самы — падзякуйце Аўтуховічу. І так раз за разам. Разумныя людзі ўсьведамлялі, што тут да чаго, а іншыя гаварылі: «Як ён усім надакучыў, гэты Аўтуховіч!». Выходжу са штрафнога ізалятару, гляджу — адміністрацыя зрабіла па-свойму. Вось і выканаў абяцаньне.
— А наколькі важная для вязьняў грамадзкая падтрымка? Усе гэтыя акцыі «Напішы паштоўку палітвязьню». Гэта вас падтрымлівала?
— Яшчэ як падтрымлівала! Часам лістоў прыходзіла па 50-60 за дзень, а там — такая цеплыня, словы ад душы... Нават сьлёзы наплывалі. Вельмі добра людзі падтрымлівалі. Дзякуй ім вялікі.
— Вы — былы аўганец. Ці спадзяваліся на падтрымку сваіх баявых сяброў?
— Не. Я ведаў — масавай падтрымкі з боку аўганцаў ня будзе. Калі мяне пачалі перасьледаваць у Ваўкавыску ў 2003 годзе, шмат пра гэта пісалася, былі звароты ад маіх сяброў Камароўскага і Волчака. І вельмі мала людзей тады адгукнулася на заклікі дапамагчы. Баявое сяброўства... Гэтае сяброўства спрацоўвае на полі бою, калі вы ратуеце жыцьцё адзін аднаму. Людзі, якія праз гэта прайшлі, якія разам былі ў небясьпечных сытуацыях, вельмі збліжаюцца. Сапраўдны воін, сапраўдны чалавек, які прайшоў праз тое пекла, абавязкова падтрымаў бы. А так... На ўсіх аўганцаў тое братэрства не распаўсюджваецца.
— Я чытаў вашыя лісты на волю, зьмешчаныя на сайце Радыё Свабода. Яны мяне ўразілі найперш сваім беларускім патрыятызмам. Мне падаецца, што ў няволі вы сталі яшчэ больш перакананым беларусам. Ці я памыляюся?
— Не, так і адбылося. Асабліва дапамаглі лісты ад незнаёмых беларусаў. Я і раней шмат чытаў літаратуры па гісторыі. А калі даведаўся, як нам навязвалі расейскую мову, як нас калісьці заняволілі, зрабілі рабамі, мне
стала сорамна. Мне стала сорамна, што я размаўляю на мове заваёўнікаў, таму і прыйшоў да беларушчыны. Хто пра мяне ведаў да пачатку 2000-х? Ніхто. У Ваўкавыску ніхто ня ведаў, што ёсьць такі Аўтуховіч, хоць я шмат разоў праводзіў тут міжнародныя матакросы. Нават трымаў тут сваю школу па матакросе — наняў трэнераў, якія навучалі падлеткаў. Радзіма для мяне — не пустое слова.
— Вы былі асуджаныя за падпал дому начальніка ваўкавыскай міліцыі, за намер абстраляць з гранатамёту абласную адміністрацыю ў Горадні. Як ставіліся ў калёніі да гэтых вашых «злачынстваў»?
— Людзі за кратамі жывуць паводле сваіх прынцыповых паняткаў. У турме наогул ніхто не цікавіцца, за што ты сядзіш. Справа кожнага — казаць пра гэта ці не. Таму там і не цікавяцца асабліва. Людзям усё роўна, рабіў ты гэта ці не. Там зусім іншыя праблемы, найперш побытавыя. Наконт падпалу ў Ваўкавыску — ён сапраўды меў месца. Улады знайшлі зачэпку, каб чалавека, які гэта зрабіў, прывязаць да мяне. Я яго добра ведаю — мы вучыліся ў адной школе. Справа ў тым, што сёньня можна ўзяць любую крымінальную справу, нават забойства, і зьвінаваціць каго заўгодна. Гэта вельмі проста сфабрыкаваць. Дастаткова некалькіх сьведкаў, якія скажуць, што яны «бачылі». І ў маёй справе такіх «сьведкаў» знайшлося дастаткова. Яны пацьвердзілі ўсё, чаго быць проста не магло.
— Таксі «22222» — ваш брэнд — і сёньня езьдзяць па Ваўкавыску. Яны ўжо вам не належаць?
— Каб гэты брэнд ня зьнік, у свой час, калі мяне пасадзілі ўпершыню і наша сямейная маёмасьць была падзеленая, у жонкі засталося некалькі машынаў. Іх мы здалі ў арэнду фірме, якая і працавала пад сьцягам «22222». Прычым бескарысна. Жонка не атрымлівала за гэта ні рубля. Рабілася гэта толькі дзеля таго, каб людзі ведалі — нашыя таксоўкі працуюць. Дарэчы, калі мяне толькі пасадзілі, старшыня Ваўкавыскага выканкаму склікаў прадпрымальнікаў і сказаў: «У нас на рынку зьявілася вольнае месца, бярыце хуценька крэдыты і купляйце машыны. Фірмы «22222» больш няма, а трэба, каб людзі не хваляваліся, каб таксоўкі езьдзілі». Улады нават дамовіліся з банкамі, каб ахвотнікам давалі крэдыты.
— А вы не шкадуеце, што пайшлі па шляху непадпарадкаваньня? Што так шмат страцілі?
— Не шкадую. Хоць пачынаў з нуля, і гэта было няпроста. Грузавы бізнэс у нас разьвіваўся, ён быў асноўным. Мы амаль 10 гадоў ішлі да таго, каб атрымаць вялікія кантракты ад вядомых эўрапейскіх фірмаў. Мы наўпрост кантактавалі зь імі. А таксі — пабочны бізнэс. Калі адкрываў яго, ня думаў, што ён будзе прыносіць шмат прыбытку. Я паспрабаваў толькі таму, што ў Ваўкавыску з гэтым не было парадку. Скажам, чалавек на вакзале шукае таксоўку, а таксіст адмаўляецца ехаць у вёску толькі таму, што там кепская
дарога. Так не павінна быць. Альбо іншая сытуацыя. Па дарозе з працы ў мяне бяруць, скажам, 20 000 рублёў, а на працу я назаўтра еду ўжо за 30 000. Так таксама не павінна быць. Я набыў пяць машынаў, на якіх людзі езьдзілі толькі па лічыльніку, і справа пайшла. Да гэтага сталі імкнуцца і канкурэнты, узровень таксі моцна падняўся. Кожны месяц даводзілася дакупляць машыны, бо заказаў большала. Урэшце пад брэндам «22222» працавала амаль 30 машынаў.
— Чым вы мяркуеце займацца надалей?
— Пакуль ня вызначыўся. Адзінае ведаю дакладна — буду даказваць сваю невінаватасьць, справядлівасьць мусіць перамагчы. Мы ўсе павінны пачаць супраціўляцца беззаконьню. А ў нас сёньня шмат чаго робіцца ня так. Пакуль я сядзеў, столькі сьмешных законаў, указаў прынялі! Прыкладам, забаранілі пляскаць у далоні. Што наступнае забароняць? Відаць, хутка прымуць закон, па якім мы будзем плаціць за паветра, якім дыхаем. А вазьміце падатак на машыны. На Захадзе людзі даўно выйшлі б на вуліцу і дамагліся адмены. А ў нас усё ціха. Людзі прывыклі быць рабамі, і яны будуць рабамі, пакуль не навучацца супраціўляцца. Тое, што ўлада ў мяне незаконна адабрала, я абавязкова вярну. За сваё — за сям’ю, за маёмасьць, за краіну — я гатовы аддаць жыцьцё. Трэба, каб і ўсе людзі былі гатовыя не на словах, а на справах дзейнічаць. І такія людзі ёсьць. Зь імі ўсё можна зрабіць.