Пераможцы літаратурнай прэміі Ежы Гедройца адзначылі, што сучасная айчынная літаратура мае вялікі патэнцыял. Яны ўпэўненыя ў тым, што ў хуткім часе “беларускі космас” будзе запатрабаваны ва ўсім свеце.
Увечары 2 чэрвеня ў гатэлі “Вікторыя” прайшла цэрымонія узнагароджвання пераможцаў трэццяй літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Пераможцам быў абраны твор Ігара Бабкова “Хвілінка: Тры гісторыі”. Ён атрымаў чэк ад Idea Bank. Другое месца дасталася твору “Шклатара” Артура Клінава, які атрымаў творчую стыпендыю на шведскім востраве Готланд. Трэццяе месца і творчая стыпендыя ў польскім Вроцлаве дасталіся Вінцэсю Мудрову, аўтару твора “Багун”.
Беларускі філосаф Валянцін Акудовіч так пракаментаваў выбар міжнароднага журы: “Ігар Бабкоў піша не асобныя творы беларускай літаратуры, ён піша асобную беларускую літаратуру. Для такой прозы павінна з’явіцца адмысловая прэмія. Гэта не проста кніга, а падзея”.
“Гэта першы беларускі раман, які наогул паставіў пытанне пра ролю інтэлектуала ў беларускай культурнай прасторы і ягоную запатрабаванасць у ёй, – адзначыў крытык Ян Максімюк. – Магчыма, адказ, які даў Бабкоў, прагучаў занадта несуцяшальна і не патрапіў ў чаканні большасці тых, якія хацелі б пачуць нешта больш аптымістычнае. Але аптымізм і песімізм аўтара – кепскія меркі ў літаратуры. Аўтара трэба ацэньваць, як сказалі б героі “Хвілінкі”, у першую чаргу паводле таго, наколькі ён відушчы”.
“Беларуская літаратура ўзарвалася, – сказаў пераможца Ігар Бабкоў пасля атрымання галоўнай узнагароды. – Калі браць нашу літаратуру савецкага і дасавецкага часоў, мы трапім у адну інтанацыю, можна нават аўтараў зблытаць. Але сёння нарадзіліся вельмі адметныя творы, кожны з якіх – асобны космас”.
Уладальнік другога месца Артур Клінаў зазначыў, што “беларуская літаратура мае вялікі патэнцыял”. “Калі якому-небудзь народу ёсць што сказаць свету, то ён нараджае моцную і запатрабаваную літаратуру, – працягнуў ён. – Нашаму народу безумоўна ёсць што сказаць. Аднак мы павінны разумець, што літаратура – гэта не толькі аўтар, але і індустрыя: выдавецтвы, прамоўцыя, продаж, прэміі і г.д. Прэмія Гедройца – адзін з першых лакаматываў, які зробіць нашу літаратуру вядомай”.
Пра кнігу-пераможцу:
Раман Бабкова напісаны пра адну мінскую кавярню. “Хвілінка” – гэта аповед пра трох герояў (паэта, спявачкі і апазіцыйнага актывіста), якія трапляюць у яе пры канцы васьмідзясятых і адтуль не выходзяць.
На першым плане – выбар герояў. Паэт застаецца сярод шаманства словаў. Актывіст ідзе да канца, хаць і разумее, што ўжо няма за што змагацца. Спявачка шукае музыку, якой адданая поўнасцю.
Другі план – метафізічны. Ён паказвае магічны тэатр душы.
Пра аўтара:
Ігар Бабкоў – паэт, філосаф, перакладчык. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Нарадзіўся ў 1964 годзе ў Гомелі (Беларусь). Скончыў аддзяленне філасофіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (Мінск, 1986). Стажыраваўся ў Лондане (1992), Варшаве (1995), Парыжы (1999, стыпендыя Гедройца) і Берліне (стыпендыя Літаратурнага калоквіума Берлін, 2008). Лаўрэат літаратурных прэміяў “Гліняны Вялес” (1992), “Залатая літара” (2005), “Залаты апостраф” (2012). Фіналіст сярэднееўрапейскай літаратурнай прэміі Angelus-2009 (Вроцлаў). Аўтар трох кніг паэзіі “Solus Rex” (1991), “Герой вайны за празрыстасць” (1998), “Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб” (2009), раманаў “Адам Клакоцкі і ягоныя цені” (2001) і “Партрэт мастака, нябачны ў сутонні” (2011), кнігі эсэ “Каралеўства Беларусь: вытлумачэнні ру(і)наў” і гісторыка-філасофскага даследавання “Філасофія Яна Снядэцкага”. Перакладаў Джойса, Сэлінджара, Ўільяма Батлера Ейтса, Паўля Цэлана.
Пра прэмію:
Прэмія Ежы Гедройца прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове, у жанрах “мастацкая проза” і “эсэістыка”. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, амбасада Польшчы, Польскі Інстытут у Мінску; фундатары ўзнагарод – "Ідэя Банк" і Калегіум Усходняй Еўропы ва Вроцлаве. Намінаванне праходзіць у тры этапы: спачатку абвяшчаецца лонг-ліст прэміі (12 пазіцый), за ім – шорт-ліст (6 пазіцый). Пераможцамі мінулых гадоў былі Уладзімір Някляеў (2013) і Альгерд Бахарэвіч (2012).
“Наша прэмія не мае палітычнай афарбоўкі. Адзіным крытэрам з’яўляецца мастацкая вартасць”, – адзначыў на цэрымоніі польскі амбасадар Лешак Шарэпка.