Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Час вертухаяў

15.10.2009 политика
Час вертухаяў

Мінск – гэта не толькі горад. Гэта самы вялікі ў свеце мемарыял сталінізму.

Няма ў Расіі такога палітычнага злачынцы, вырадка, ката, які не быў бы ўвекавечаны ў беларускай сталіцы. У манументах, у назвах вуліц і плошчаў.

Але высветлілася, што і гэтага мала. Трэба шмат яшчэ, каб кожны тутэйшы ведаў у твар кіроўных садыстаў. Інакш не дасць чаканага плёну патрыятычна-халуйскае выхаванне падрастаючага пакалення. Менавіта дзеля іх, дзетак нашых, усё тое і робіцца. А то вырастуць вольнымі і разумнымі – што тады?

Раптам стала вядома, што Мінску катастрафічна не хапае Сталіна. Хаця б у выглядзе манумента. Зразумела, на першай стадыі. Варта толькі пачаць. А там усё само пойдзе. І заўважыць не паспеем, як даўно забытае зноў вернецца.

Знайшліся ўжо нават энтузіясты. Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне пэўных таварышаў, якія жыць не могуць без трыццаць сёмага. А тым болей, без Сталіна на цэнтральнай плошчы. І яны не толькі падзяліліся з аднадумцамі сваёй неадольнай тугою, але і ўзяліся рашуча за справу. Людзі спрактываныя, ведаюць, з чаго пачынаць. У адным з банкаў адкрылі рахунак. Збіраюць ахвяраванні. І збяруць. Гэта на разбітую падонкамі дошку ў Курапатах тут сабраць амаль немагчыма. Хіба толькі былыя вязні савецкіх канцлагераў са сваіх жабрацкіх пенсій штосьці адлічыць. А грамадства ашчаднае. А тут справа святая – фундатары знойдуцца. І помнік рана ці позна яны паставяць. Зноў выйдзе жменька на знак пратэсту. Астатнія прамаўчаць.

Магчыма, і адліваць пачвару з металу не давядзецца. Папярэдні схаваны дзе-небудзь. Стаяў ужо ён у Мінску. На цэнтральнай плошчы. Але хрушчоўская ўлада аддала загад яго знесці. У адну ноч. Я быў у той час першакурснікам. І мы, студэнты, хадзілі глядзець, як знішчаюцца нядаўнія куміры. Плошча была ачэплена салдатамі ўнутраных войскаў. Нас ганялі адтуль чэкісты. Але відовішча было вартае рызыкі.

Якая там адна ноч! Некалькі дзён і начэй не маглі яго выдраць з гэтай зямлі. Узрывалі. Чаплялі тросамі і спрабавалі танкамі зрушыць з месца. Стаяў, хоць бы што. Яшчэ не адолелі наступствы вайны. Беднай была краіна. А на гэты манумент знайшліся і бронза, і адмысловы цэмент, разлічаны на тысячагоддзі. Але нейкім чынам усё ж скінулі. І толькі кароткія ногі пэўны час яшчэ стаялі на пастаменце.

Жудаснае было відовішча. Агароджаная плошча. Непагадзь. Грукат гусеніц і матораў. Святло пражэктараў над месцам ударнай працы. На ўзвышшы – ногі нябачнага Сталіна. Мітусяцца нейкія цені. Гэта ахоўнікі ганяюць цікаўных. Усе хто заўгодна прарываліся туды. Не было толькі тых, хто сёння жадае рэваншу. Ніякіх пратэстаў. Героі-вертухаі здалі свайго правадыра моўчкі. Сядзелі пад венікам. Баяліся, што іх таксама могуць узяць за галіфэ.

А цяпер вось ачунялі. Час прыйшоў. Пры ўладзе іх духоўныя нашчадкі. Яны ўжо не ў шынялях і з наганамі на пасах. Але інстынкты ў іх тыя ж. Ім таксама хочацца дакладна падзяліць грамадства на сваіх і чужых. І тых, што ў свае не трапяць, аднесці ў катэгорыю ворагаў народа. З усімі адпаведнымі наступствамі. Пакуль магчымасці не тыя. Але трызненні і мары гэткія ж, як і ў тых, што збіраюць грошы на выяву ката.

Справа своечасовая. Ёсць ужо вусаты ідал у Свіслачы. І нічога. Тамтэйшы люд сцярпеў і прызвычаіўся. Ёсць лінія Сталіна, на якую, раззявіўшы раты, ахвотна ездзяць аматары савецкай экзотыкі. І дзеткі ў школах замест сваёй гісторыі вывучаюць дурную трашчанкоўшчыну. Паводле якой таварыш Сталін – герой і дабрадзей. Так што манументу ў цэнтры горада ўжо чакаць нядоўга. Праект перспектыўны і запатрабаваны.

Пра сталінскі след на Беларусі ўзгадваць ужо марна. Жахлівыя лічбы загубленых жыццяў, расцярушаных сем’яў, растаптаных лёсаў ужо мала каго тут хвалююць. Новая маскоўская канцэпцыя і ў нас набірае моц: Сталін – выдатны менэджэр і пераможца. Не, гэта не нашы блізкія і родныя ды іх незлічоныя равеснікі цаной жыцця пераламілі ход вайны. Гэта крамлёўскі ўладар здабыў нам перамогу. Вось такі выдатны з’явіўся раптам палкаводзец. З семінарыстаў-недавучак. Нібыта перамога ад ягоных талентаў залежала. Можна падумаць, што каб замест яго быў Іваноў, Пятроў ці Сідараў, не адбылося б тое ж самае. Аднак усе так зачараваны ягоным асабістым подзвігам, што нават не звярнулі ўвагі на цану той перамогі. Дзесяць нашых на кожнага забітага нямецкага салдата. За гэткія страты ён жа сам загадваў аддаваць пад трыбунал вінаватых у тым вайсковых камандзіраў.

Але пераможцаў, тым болей крамлёўскіх, не судзяць. Ім ставяць помнікі. Асабліва там, дзе ўсе маўчаць. І крэатыўная ідэя вярнуць цэнтральнай плошчы зрынутага ідала – не выдумка нейкіх там старых. Гэтага патрабуе новая эпоха – час вертухаяў. І тое, што пакуль яшчэ выглядае фантасмагарычным трызненнем, аднойчы можа з лёгкасцю стаць будзённай з’явай нашага жыцця.

Але чакайце!.. Гэта ж плошча, якую ў незабыўным сакавіку 2006 года ўсе тыя, хто гонар мае, назвалі Плошчай Каліноўскага. Ці тое было толькі парывам, кароткім імгненнем абуджэння? І па-ранейшаму сапраўдны гаспадар там – той жа кат.

Ці не занадта доўжыцца няпэўнасць?

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]