Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Соф'я Менская, маці двух каралёў

08.06.2014 общество

Княжну Соф'ю не ўзгадваюць рускія летапісы, але добра ведаюць дацкія.

У 1949 ва ўсходняй частцы Менскага замчышча, паміж сённяшнім выхадам з метро «Няміга» і Свіслаччу, быў адшуканы каменны падмурак старажытнай царквы. Гэты храм пачалі будаваць у найстаражытнейшы перыяд існавання Менскага замчышча. Найверагодней — у ХІІ ст, піша «Наша Нiва».

Гэты храм не меў аналагаў сярод культавых пабудоў Старажытнай Русі. Ён быў узведзены з бутавага каменю, дэфіцытнага для нашага геалагічнага рэгіёна (асноўным матэрыялам для будаўніцтва храмаў на Русі тады была плінфа, тонкая абпаленая цэгла). Усярэдзіне сцены храма былі аздобленыя вапняковымі пліткамі (вапняк — яшчэ больш дэфіцытны матэрыял у нашым рэгіёне, для дойлідства Старажытнай Русі не характэрна было абкладаць ім сцены храмаў). Нетыповымі былі і чатыры калоны, якія падтрымлівалі столь храма, і сама квадратная ў плане яго будова.

Гісторык Эдуард Загарульскі, які даследаваў падмурак храма, ставіў пытанне: чаму Менск, палітычна звязаны з Полацкім княствам, не выкарыстоўваў досведу полацкага манументальнага дойлідства пры пабудове сваёй замкавай царквы?

Царква мае больш агульнага не з Полацкай Сафіяй, а, як адзначала брытанская аўтарка рэцэнзіі на кнігу Загарульскага Вера Рыч, з кафедральным саборам на Берсэі, адным з Аркнейскіх астравоў. Мінскі храм упісваецца ў раманскую архітэктурную канцэпцыю, і яго будаўнікі маглі паходзіць з заходнеславянскіх зямель, найперш з Польшчы.

Варта пагадзіцца з даследчыкамі, якія кажуць, што гісторыя старажытнарускага дойлідства не можа быць адарваная ад гісторыі палітычных адносін княстваў Русі з суседнімі краінамі.

Палітычныя праекты

У першай палове ХІІ ст. вакол Полацкай зямлі і яе ўжо напаўнезалежных удзелаў склалася ўнікальная сітуацыя палітычных праектаў і матрыманіяльных саюзаў. Валадар, сын менскага князя Глеба і ўнук Усяслава Полацкага, каля 1135/1136 г. ажаніўся з Рыксай, дачкой польскага князя Баляслава ІІІ Крывавуснага. Гэты шлюб мацаваў палітычны саюз Баляслава з князямі Полацкай зямлі супраць дацкага караля Эрыка ІІ і яго хаўруснікаў — князёў кіеўскіх і наўгародскіх, нашчадкаў Уладзіміра Манамаха. Яны таксама змацавалі хаўрус дынастычным шлюбам: Эрык ІІ быў жанаты з Мальмфрыдай Мсціславаўнай, дачкой кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча. (На Захадзе яго называлі другім імем — Гаральд, у гонар дзеда, караля Англіі.) Вялікай карысці ад гэтага саюзу ні Полаччына ў сваіх супярэчнасцях з Кіевам, ні Польшча ў супярэчнасцях з Даніяй не атрымалі. Смерці Эрыка ІІ і Баляслава ІІІ прывялі да распаду кааліцыі, а потым і самога шлюбу. У канцы 1140­х Рыкса развялася з Валадаром і выйшла замуж за шведскага караля. Зрэшты, і Валадар Глебавіч не быў першым: да яго Рыкса была замужам за Магнусам Моцным, сынам дацкага караля Нільса. Кароткі палітычны і сямейны саюз Рыксы і Валадара даў плён — каля 1140 г. у іх нарадзілася дачка Соф’я.

У 1151 Валадар Глебавіч стаў менскім князем — яго брат Расціслаў Глебавіч з менскага пасаду перамясціўся на полацкі, вызваліўшы тым самым для Валадара ўдзел. І ўжо як менскі князь, Валадар Глебавіч выдаў замуж за дацкага караля Вальдэмара І сваю дачку Соф’ю. Шлюб адбыўся 23 кастрычніка 1157. Няма нічога дзіўнага ў тым, што рускія летапісы Соф’ю не згадваюць: яны вельмі няпоўныя. Затое княжну і каралеву Соф’ю добра ведаюць дацкія крыніцы, пра яе піша Саксон Граматык, указваючы, што бацька Sophiam быў русінам («patre Ruteno»). Сучаснікі, знакаміты храніст і каралева Соф’я, безумоўна, былі знаёмыя, Саксон Граматык служыў пры двары дацкага караля, як і яго бацька, і дзед.

Пры такіх актыўных дынастычных сувязях з Захадам не выглядае дзіўным і будаўніцтва, якраз за часамі Валадара Глебавіча, раманскага храма ў Менску.

Каралева Соф’я

Соф’я Валадараўна мела статус каралевы-кансорта — гэта значыць, як жонка манарха, яна не мела паўнамоцтваў на кіраванне дзяржавай.

З Вальдэмарам І яны мелі васьмярых дзяцей — двух сыноў і шэсць дачок. Абодва сыны сталі дацкімі каралямі: Кнудам VI і Вальдэмарам II. Дачка Інгеборга выйшла замуж за французскага караля, а дачка Рыкса — за шведскага. Сама Соф’я пасля смерці караля Вальдэмара ў 1182 узяла новы шлюб з ландграфам Цюрынгіі Людвікам ІІІ Пабожным. Ён быў актыўным удзельнікам крыжацкага руху, асабіста выправіўся ў Трэці крыжовы паход, удзельнічаў у аблозе Акры. На зваротным шляху Людвік захварэў і памёр на Кіпры. Але, як выглядае, з Соф’яй ён развёўся яшчэ раней. Гэты шлюб быў бяздзетным.

Соф’я вярнулася ў Данію, дзе дажыла ўдавою пры сынах. У статусе каралевы­маці Соф’я заўважна ўплывала на дацкі двор. Пасля смерці, 5 мая 1198, яе пахавалі побач з Вальдэмарам І у каралеўскай усыпальніцы ў саборы Св. Бенедыкта Нурсійскага ў Рынгстэдзе (Зеландыя).

Крыніцы сведчаць, што каралева Соф’я і пасля шлюбу не губляла сувязі з бацькам. Манах Уільям Кентэрберыйскі ў канцы ХІІ ст. пісаў пра тое, як нехта Клімент, вяртаючыся «з Русіі», вёз дары Сафіі, каралеве данаў, якія былі пасланыя яе бацькам, каралём. Але Клімен быў схоплены ў Вінляндыі — так называлася заселенае славянамі-венедамі Памор’е. Даведаўшыся пра гэта, Соф’я звярнулася да мужа, караля Вальдэмара. І той, пасля нарады з Лундскім арцыбіскупам, выправіў супраць рабаўнікоў «разам са знатнымі людзьмі каралеўства» іх сына Кнуда, які якраз чакаў пасвячэння ў рыцары. Так Кнуд здабываў рыцарскую годнасць, баронячы гонар свайго дзеда Валадара Глебавіча. Гэты падзеі адбываліся каля 1176—1178. Саксон Граматык таксама апісвае эпізод з нападам славянскіх піратаў на пасольства караля Вальдэмара, якое вярталася з дарункамі ад цесця-караля. У тыя гады Валадар Глебавіч дасягнуў найбольшай магутнасці. Ён вёў змаганне за дамінаванне Менска ў Полацкай зямлі, а ў 1167 нават быў полацкім князем — гаспадаром вялізнай дзяржавы. Не дзіва, што даны называлі яго каралём.

Так сувязі паміж Даніяй і Полацкай зямлёй у канцы ХІІ ст. не спыняліся. Полацк павялічваў у Паўночнай Еўропе свой «вобразны капітал».

***

Дацкія навукоўцы, даследуючы каралеўскія саркафагі сабора ў Рынгстэдзе, дасталі чэрап каралевы Сафіі як адзін з найлепш захаваных. Копія гэтай дацкай рэліквіі экспануецца ў Нацыянальным музеі ў Капенгагене. Сам жа чэрап выстаўлены ў саборы Рынгстэдзе, у крыпце якой захоўваюцца парэшткі дацкіх каралёў да сярэдзіны XIV ст. Знаходка парэшткаў Сафіі Валадараўны стварае магчымасць для ДНК-экспертызы каралевы і, праз яе, роду Рагвалодавічаў. Мы не ведаем іншых пэўных парэшткаў (апроч мошчаў святой Еўфрасінні) прадстаўнікоў полацкай дынастыі — княскі некропаль не захаваўся. Гэта дае навукоўцам магчымасць атрымаць частковы ДНК-партрэт Рагвалодавічаў і быць больш падрыхтаванымі ў выпадку новых знаходак.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]