«Апошні золак» працягвае традыцыі, закладзеныя ў свой час праектамі «Сьвяты вечар», «Народны альбом», «Я нарадзіўся тут».
Толькі дадзены праект прысьвечаны іншай істотнай і актуальнай тэматыцы – праблеме сьмяротнага пакараньня. Беларусь зьяўляецца апошняй краінай у Эўропе і на постсавецкай прасторы, дзе дагэтуль існуе пакараньне сьмерцю. За апошнія 17 гадоў было зьдзейсьнена каля 400 расстрэлаў, вядомы толькі адзін выпадак, калі сьмяротны прысуд быў заменены на турэмнае зьняволеньне. Удзельнікі праекту выказваюцца за адмену сьмяротнага пакараньня і спадзяюцца, што праект прыцягне дадатковую ўвагу да праблемы, паспрыяе спыненьню падобнай практыкі ў Беларусі, пишет tuzin.fm.
Варта адзначыць, што ўдзел у «Апошнім золку» быў добраахвотным і далёкім ад прынцыпаў агітбрыгады. У кожнага з музыкаў свае аргумэнты супраць сучаснай практыкі смяротнага пакараньня ў Беларусі, і свой індывідуальны падыход да тэмы. Але ўсе згодныя, што сучасная сытуацыя са сьмяротным пакараньнем у Беларусі недапушчальная.
Так, Ганна Хітрык і Наста Шпакоўская лічаць, што пытаньні нараджэньня і сьмерці не ў чалавечай кампетэнцыі. Лявон Вольскі перакананы што нават самы злосны злачынец мусіць мець права ўсьвядоміць цяжкасць зробленага і пакаяцца: «У гэтым сэнсе пажыцьцёвае зьняволеньне ў выпадку асабліва цяжкага злачынства будзе больш слушным пакараньнем», — адзначае ён. Віктар Рудэнка салідарны зь імі, але дадае іншы акцэнт: «Калі мы спрабуем прапагандаваць грамадзтва без гвалту і забойстваў, мы павінны на ўсіх узроўнях адмовіцца ад іх. Сьмяротнае пакараньне стварае адмоўны прыклад для грамадзтва». Для Аляксандра Памідорава, Зьмітра Вайцюшкевіча і Алеся Дзянісава справа найперш у тым, што могуць быць памылковыя прысуды, як гэта здаралася па вядомых справах Міхасевіча, Чыкацілы і ня толькі. «Факт у тым, што з-за аднаго дрэннага чалавека можа загінуць нехта цалкам невінаваты. Любы з нас. Для мяне гэта галоўнае», – кажа Аляксандр Памідораў.
У межах праекту сем беларускіх выканаўцаў прадставілі свае песьні, у якіх распавялі пра найбольш распаўсюджаныя спосабы прывядзеньня ў выкананьне выключнай меры пакараньня. Вольскі сьпеў пра ўкрыжаванне, Памідораў – пра газавыя камэры, Хітрык – пра гільяціну, Дзянісаў – пра расстрэл, Шпакоўская – пра электрычнае крэсла, Рудэнка – пра атруту, Вайцюшкевіч – пра шыбеніцу. Палова з 14 песень праекта – новыя кампазыцыі, напісаныя адмыслова для «Апошняга золку». Другая палова – вядомыя песьні, але ў новых вэрсіях.
Рэалізацыяй праекта займалася творчая каманда Tuzin.fm, а ініцыятарам выступіў праваабарончы цэнтр «Вясна». «Гэта праект выканаўцаў розных музычных плыняў і розных жыцьцёвых поглядаў, якія аб’ядналіся вакол адной тэмы, што яскрава сьведчыць пра яе важнасьць для грамадзтва, – адзначае каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда. – Мы вельмі хваляваліся, бо для нас гэта першы творчы праект такога масштабу, але выніковы прадукт і мэдыйны розгалас пасьля жывой прэзэнтацыі сьведчаць пра яго посьпех. Вялікі дзякуй творчай групе праекта і ўсім яго ўдзельнікам за іх унёсак у нашу агульную справу».
Варта зазначыць, што ўпершыню ў гісторыі беларускай музыкі прэм’ера музычнага праекту адбылася ўжывую ў фармаце онлайн-трансьляцыі. Сам канцэрт праходзіў у залі Беластоцкай філярмоніі ў Польшчы 5 кастрычніка 2013 году і трансьляваўся на шэрагу вядучых інтэрнэт-парталаў Беларусі.
17 чэрвеня 2014 году адбыўся рэліз фінальнай вэрсіі праекту ў фармаце CD+DVD. Каардынатар «Апошняга золку», кіраўнік парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін кажа, што за гэтыя паўгады ўвесь матэрыял быў істотна дапрацаваны: «Відэа перамантавалі, а мастачка Наста Шастак адмыслова для выданьня па-новай зрабіла пясочныя кліпы. Па выніку атрымаўся першы ў Беларусі мультыракурсны DVD, гэтая тэхналёгія дазваляе падчас прагляду выбіраць крыніцу відэасігналу – альбо пясочнае шоў, альбо канцэрт. Таксама быў дапрацаваны і перазьведзены аўдыёматэрыял, некаторыя моманты перапісаныя, так што маем яшчэ CD-варыянт канцэрту».
Фото: tuzin.fm