Еўрапейскі праект перавыхавання цяжкага палітычнага падлетка даў раптоўны плён. Брусэльскі педагагічны каляндар узбагаціўся слаўнай датай – 20 кастрычніка.
Мы яшчэ не аднойчы ўспомнім гэты дзень, калі адбылася гістарычная сустрэча апошняга дыктатара з начальніцай ягонага ж Цэнтрвыбаркама. Шэраговы візіт чыноўніцы да свайго правіцеля нечакана перарос у нешта сенсацыйнае.
У дыктатуры – новае аблічча. Правадыр так павёў звычайную, здавалася б, размову, што яна перакуліла ўсе ўяўленні аб гэтай уладзе. Ды ён жа падпольны дэмакрат. Толькі мы не ведалі пра тое. І магчыма, сам змагаўся ўпотай з ненавісным рэжымам. Ва ўсякім разе, палымяны прыхільнік самых чэсных выбараў. Дзе ўсе роўныя – і мыш, і кот. “Народ имеет право реагировать так, как он считает нужным. Это выборы. Давить на выборах ни на кого нельзя”.
Хто б мог падумаць! “Давить” на выбарах, як высвятляецца, “нельзя”. Няйначай пры гэткіх словах цэнтрвыбаркамаўская начальніца сарамліва апусціла вочы. Яна ж пра тое і ведаць не магла. А дробныя шкоднікі на выбарчых участках і па ўсёй адпаведнай лініі на сваю рызыку вычмуралі абы што. Магчыма, і не ведалі нават пакутнікі, што “давить нельзя”. А цяпер пачулі і больш не будуць. Усё пойдзе бездакорна. На радасць апекунам з Еўропы. Нездарма ж Хаўер Салана падчас свйго незабыўнага візіту ў Мінск адзначыў, што тут лёгка дыхаецца. Гэта быў аванс. Ён сэрцам адчуваў, што з хвіліны на хвіліну сюды прыйдзе дэмакратыя. З Драздоў, вядома.
Толькі беларусы новы паварот наўрад ці заўважаць. Сенсацыйная прамова скіраваная туды, на Захад. Своеасаблівая заяўка на бартэр. Вы нам – крэдыты, а мы вам – лібералізацыю. Па той жа схеме, як з Масквою, дзе яшчэ не так не так даўно братнія пацалункі рэжым мяняў на газ і нафту. Вартасць мясцовага экспартнага тавару ў абодвух выпадках аднолькавая. А заяўка своечасовая. Ужо ў лістападзе будзе вырашацца пытанне аб тым, падоўжыць мараторый на еўразвязаўскія санкцыі ў адносінах мінскага чынавенства або скасаваць. Але правіцеля гэтая прыкрая дробязь хвалюе ўжо не надта. Куды больш актуальным падаецца іншае пытанне: ці можа ён ва ўмовах крызісу і надалей разлічваць на заходнія крэдыты.
Там з’явілася ўжо шмат скептыкаў, якія з перасцярогай ставяцца да эканамічнай падтрымкі дыктатара. Ды і брыдкае ўражанне ад зверскага падаўлення грамадзянскіх акцый трэба было выправіць. А таму тэрмінова інсцэніраваны быў кіраўнічы маналог пра лібералізацыю. Голы кручок, закінуты ў Еўропу, завостраны адмыслова. “Конституция – это святое. Поэтому мы будем проводить наши выборы в рамках тех законов, которые сегодня существуют”. І каб ніхто не сумняваўся ў добрых намерах, даецца абяцанне дапусціць на выбары тысячы замежных назіральнікаў і нават унесці пэўныя змены ў выбарчы кодэкс. На Захадзе не могуць шчырыя памкненні не заўважыць. Хіба гэта не тое, за што так упарта змагалася апазіцыя? І ўвогуле, што ні слова, то пераканаўчае сведчанне на карысць брусэльскай педагогікі. “Нам отходить от критерия честности и порядочности в проведении подобных мероприятий нельзя”.
Зразумела, усё тое, што рыхтуецца на экспарт, да нашай рэальнасці ніякага дачынення не мае. Выбары ў мясцовыя саветы і прэзідэнцкія не выпадкова будуць разведзены па часе. На тых, што пройдуць раней, можна выпрабаваць найноўшыя вынаходніцтвы іх правядзення па старой, даўно вядомай схеме. І найноўшыя сродкі яе ліберальнай маскіроўкі.
У сваёй шматслоўнай прамове правіцель не аднойчы ўзгадваў пра народ. Які нібыта вырашае тут вынік выбараў. Нічога новага. Пытанне толькі ў тым, каго цяпер прызначыць ён на гэту роль. Мяркуючы па апошніх падзеях, у абліччы народа падчас адказнай электаралнай кампаніі павінен выступіць спецназ. План дыктатара легалізаваць сябе праз выбары можна здзейсніць у тым выпадку, калі ў краіне загаддзя запануюць страх і абыякавасць.
Можна колькі заўгодна завозіць сюды назіральнікаў. Або пагражаць нават новымі санкцыямі. Ніякага выніку ўсё гэта не дасць. З дыялогу правіцеля і чыноўніцы вынікае, што яны і ў цяжкім сне не бачаць якіх-небудзь іншых выбараў, акрамя даўно вядомых - “элегантных”. Тэхналогія папярэдняга галасавання застаецца той жа. І ў выбарчыя камісіі апазіцыю дапускаць ніхто пакуль што не збіраецца. Па-ранейшаму падлік галасоў – уласнасць вертыкалі. А ўсё астатняе – бенгальскія агні. Феерверк для Захаду.
А таму беларусам, якія бяздарна змарнавалі столькі год на дыктатуру, застаецца апошні выбар. Адчуць сябе народам. Або зноў, збіўшыся ў натоўп, горка плакаць над сваёй няшчаснай доляй. У дваццаць першым стагоддзі смешна жыць пры калгаснай ўладзе і яшчэ чакаць, што яна дазволіць нам вызначаць свой лёс. Свабода не прыходзіць з логава дыктатара.
Яна звычайна там, дзе ёсць народ.