Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Тэатар быў ягоным другім «я»

30.06.2014 культура
Тэатар быў ягоным другім «я»

У 65 гадоў памёр знаны актор-купалавец Сяргей Краўчанка.

Ён браў удзел практычна ў палове гісторыі славутай айчыннай сцэны, разам з калегамі ствараў гэтую гісторыю, уплываў на яе і зь некалькімі дзясяткамі роляў застаўся ў ёй.

Зь Сяргеем мяне зьвязвалі цёплыя чалавечыя і прафэсійныя адносіны. Я паважаў яго за адданасьць прафэсіі і прафэсіяналізм, інтэлект, адукаванасьць. Апошнім разам мы бачыліся на ўрачыстасьцях з нагоды першай гадавіны прыватнага «Тэатру Ч», у якім ён таксама працаваў.

Спачатку быў спэктакль «Дзяды», у якім, як заўсёды, грунтоўна, дакладна даносячы думку аўтара і рэжысэрскі малюнак, інтанацыйна выверана Сяргей выконваў ролю Ксяндза . Затым на банкеце мы размаўлялі зь ім пра не найлепшыя часы сучаснага беларускага тэатру. Ён даволі востра перажываў з гэтай нагоды. Я зьвярнуў увагу на нейкі стомлены выгляд актора. Ведаючы ягонае стаўленьне да працы на сцэне, я аднёс гэта на ягоную незадаволенасьць тым, што цяпер робіць і сам, і тым, у якім стане ягоны родны Купалаўскі тэатар. Але вера ў новыя ролі і ў новую якасьць тэатру заставалася. А вось здароўя, як цяпер стала зразумелым, не хапала. Ён жа, артыст Краўчанка, працягваў выходзіць на сцэну. Ён так жыў заўсёды, што сцэна была перадусім. Яна, сцэна, і трымала яго на гэтым сьвеце, і яна, сцэна, зьнясільвала яго. Тэатар быў яшчэ адным ягоным «я».

Тэатар любіў яго. У любым рэпэртуары і пры любым рэжысэры Сяргею хапала роляў. Не абавязкова галоўныя, не заўсёды вялікія, але ролі ён меў. Бо мог сыграць і рамантычнага героя, і сучаснага яму лузэра, і народны пэрсанаж, выступіць і ў сучаснай заходняй драме, і ў клясычнай п’есе. А ўсё таму, што акрамя прыроднага гнуткага акторскага таленту, выразнай зьнешнасьці, ён яшчэ быў і акторам-інтэлектуалам. Адсюль, скарыстаемся крытычным штампам, ягоны «шырокі дыяпазон».

Краўчанка — актор-купалавец з глыбокімі нацыянальнымі ўсьведамленьнямі, з разуменьнем прыроды мэнталітэту беларусаў і адначасна той актор, які быў далучаны да эўрапейскай літаратуры і эўрапейскай тэатральнай традыцыі. Росквіт ягонага таленту прыпаў акурат на той пэрыяд, калі купалаўская сцэна адмяжоўвалася ад побытавага мастацтва, шукала новыя, сучасныя формы. І Сяргей Краўчанка лёгка ўспрымаў новую мову, рэжысэрскія пошукі. У гэты сумны дзень мне ўзгадваецца ягоны летуценны і адначасна драматычны Данілка ў вельмі даўнім, ці ня культавым для нашага пакаленьня спэктаклі «Раскіданае гняздо» паводле Янкі Купалы, ягоныя беларусы — Захар у «Апошнім шанцы» Васіля Быкава і Драгун у «Парозе» Аляксея Дударава, Глушак у «Людзях на балоце» і Возны ў «Пане Тадэвушу». Але найбольш памятаюцца ролі ў заходнім клясычным і сучасным рэпэртуары. Ён выдатна спраўляўся з драматургіяй, якая далёка ня кожнаму беларускаму актору паддаецца. Ібсэн, Стрынбэрг, Жаміяк, Барц, Фрыла нібыта пісалі для яго.

Самымі апошнімі ролямі Сяргея сталі пэрсанажы доўгачаканага на беларускай сцэне Міцкевіча: на купалаўскай сцэне — у «Пане Тадэвушы», на сцэне «Тэатру Ч» — у «Дзядах». Тут выдатна сумясьціліся нацыянальнае ўсьведамленьне і інтэлект актора, гераізм і характарнасьць. Ён нібыта падвёў вынікі свайго акторскага досьведу.

Нацыянальная сцэна зьбяднела на яшчэ аднаго яскравага актора.

Вячаслаў Ракіцкі, «Радыё Свабода»


Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]