Адзінаццаць год таму я ўпершыню стаяў на Грунвальдскім полі, слухаў гімн «Багародзіца» і глядзеў на крыжацкія палкі, якія стаялі трохі злева насупраць.
Было сапраўды спякотна, і вопратка пад даспехам хутка стала наскрозь мокрая. У руках я трымаў двуручны меч і нецярпліва чакаў, калі пачнецца бітва, калі мы рушым наперад, следам за вершнікамі. А потым наша харугва пайшла на крыжакаў і спёка, цяжкія даспехі і заліваючы вочы пад шлемам пот сталі неістотнымі, бо пачалася Грунвальдская бітва.
Гэты успамін можа прыгадаць некалькі тысяч удзельнікаў рэканструкцыі, якая штогод адбываецца ў Польшчы на тым самым полі, дзе 604 гады таму саюзнае войска Вялікага Княства Літоўскага разам з Польшчай ушчэнт разбіла армію крыжакаў. Цяжка пераацаніць гэтую перамогу. Дастаткова адзначыць той факт, што пасля паразы пад Грунвальдам нага нямецкага жаўнера не ступала на беларускую зямлю 500 год.
Грунвальдская бітва сталася галоўнай падзеяй Вялікай вайны паміж ВКЛ і Польшчай з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з іншага. Саюзнікі імкнуліся вярнуць сабе спрэчныя землі на польска-ордэнскім памежжы і балцкія землі, а крыжакі імкнуліся любым коштам захапіць Жамойць, каб напрамую злучыцца з Лівоніяй.
Супрацьстаянне рана ці позна павінна было выліцца ў масштабны зброй ды канфлікт. Ввайна была непазбежнай. Тэўтонцы меркавалі, што здолеюць перамагчы Польшчу і Вялікае Княства паасобку, але стрыечныя браты Вітаўт і Ягайла выдатна разумелі, якую небяспеку нясе крыжацкая экспансія на ўсход і чым пагражае узмацненне тэўтонцаў абодвум краінам. Таму, у імя дзяржаўных інтарэсаў абодва кіраўніка краін на час адклалі ў бок старыя рознагалоссі і аб’ядналіся ў супрацьстаянні крыжакам.
На працягу года сутыкненні паміж крыжакамі і саюзнікамі станавіліся усё часцейшымі, а набліжэнне галоўнай бітвы, якая вырашыць лёс усяго краю, рабілася непазбежным.
У выніку 10 ліпеня ля невялікай усходнерпусскай вёскі Танненберг сыйшліся дзве самыя вялікія і магутныя на той момант арміі ў свеце. Вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген, які камандаваў сіламі крыжакаў, прывёў на Грунвальд каля 27 тысяч ваяроў, сярод якіх асноўнай сілай былі 21 тысяча рыцараў-вершнікаў. Кароль Польшчы Ягайла і Вялікі князь Літоўскі Вітаўт сабралі пад свае харугвы каля 31 тысячы чалавек. Конных рыцараў, якія на той момант былі асноўнай ўдарнай сілай, якая здабывала перамогу на полі боя, на баку ВКЛ і Польшчы было каля 18 тысяч, ды яшчэ 5 тысяч складала лёгкая конніца ВКЛ. Разумеючы небяспеку ў выніку магчымай перамогі крыжакаў, стрыечныя браты Вітаўт і Ягайла сабралі практычна ўсе магчымыя ваенныя сілы. На баку саюзнікаў ваявалі татары, а таксама смаленскія і наўгародскія палкі.
Супрацьстаянне паміж арміямі было вельмі крывавым і напружаным. Крыжакі нават прымянілі артылерыю супраць войска саюзнікаў, але яна не стала вырашальнай і не прынесла Вялікаму магістру перамогу на Грунвальдскім полі. Сеча працягвалася цэлы дзень да самага вечара і некалькі разоў перавага схілялася на той ці іншы бок. Адзін час месца боя так наблізілася да стаўкі Ягайлы, які камандваў аб’яднанымі воцскамі, што адзін з рыцараў-крыжакаў спрабаваў напасць на караля Ягайлу.
Але у выніку неімаверных высілкаў войскам ВКЛ і Польшчы ўдалося атрымаць перавагу, якая стала вырашальнай ў ходзе бітвы. Да таго ж у бойцы загінула шмат тэўтонскіх комтураў. Апошняй кропляй стала смерць Вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена. Вынік перамогі быў ашаламляльны: на полі боя загінула амаль усё вышэйшае камандванне тэўтонцаў. Войска крыжакаў страціла забітымі 8 тысяч рыцараў, а яшчэ 14 тысяч трапіла ў палон да арміі Ягайлы і Вітаўта.
Паводле сярэднявечнай традыцыі кароль Ягайла пакінуў армію на полі боя на тры дні, каб любы манарх мог прывесці на поле боя сваё войска і аспрэчыць перамогу. Смелых не знайшлося, бо на Грунвальдскім полі фактычна былі знішчаныя лепшыя еўрапейскія рыцары. І хоць арміі Польшчы і ВКЛ не ўдалося ўзяць аблогай сталіцу Тэўтонскага ордэна Мальбарк, дамінаванне крыжакаў у рэгіёне скончылася, а Вітаўт і Ягайла атрымалі новыя землі і магчымасць не чакаць нападаў з захаду.
Нягледзячы на тое, што з часоў Грунвальда прайшло больш за 600 год, стаць удзельнікам славутай бітвы, а дакладней яе рэканструкцыі, можна і сёння. Для гэтага трэба пашыць адпаведную вопратку і зрабіць сапраўдны рыцарскі даспех, навучыцца валодаць мечам ці алебардай – і вы гатовыя для чарговай перамогі войска ВКЛ і Польшчы на Грунвальдскім полі!
Сяргей Балай, «Салiдарнасць»