Высокі чыноўнік паехаў у Маскву. Гэта ўвогуле не навіна. Толькі ў нашай краіне звычайны візіт у тым накірунку падаецца заўсёды так, нібы адбываецца вялікая падзея.
І нават пратакольная размова з якім-небудзь тамтэйшым кручком набывае амаль сакральны сэнс. З савецкага часу для мясцовага чынавенства не страціла былой аўры магічнае слова – Масква.
А гэты візіт Сідорскага сапраўды крыху дзіўнаваты. Ён жа ў Пуціна быў. Зусім нядаўна – у кастрычніку. Пра што тады не паспелі дамовіцца? Або дамовіліся, і чарговы выезд кагорты высокіх чыноўнікаў спатрэбіўся ўжо для падпісання распрацаваных раней пагадненняў. Але ўжо з уступнай прамовы Пуціна на сумесным пашыраным паседжанні высветлілася, што нічога канкрэтнага няма і блізка. На парадку дня ўсё той жа “широкий круг вопросов российско-белорусского сотрудничества”.
Як жа так? Усе ж добра памятаюць, як пасля сустрэчы ў Сочы з Мядзьведзевым правіцель перад тэлекамерамі БТ горача запэўніваў электарат, а найперш самога сябе, што высокія бакі вырашылі ўсе найважнейшыя пытанні. Зараз збяруцца прэм’еры і неверагоднаму плёну лёсавызначальнай размовы нададуць дакументальны выгляд. І раптам – усё той жа выразны нуль.
Пашыранае паседжанне ўрадоўцаў у Маскве пачалося надзвычай аптымістычна. Было выказана ўзаемнае захапленне поспехамі ў барацьбе з наступствамі крызісу. Заўважылі нават пэўны рост унутранага валавага прадукту. Знешнегандлёвы абарот паміж двума краінамі склаў 10,5 мільярдаў даляраў. Але потым давялося агучыць і паказчыкі ягонага падзення ў параўнанні з годам папярэднім. Ні многа, ні мала – 42 адсоткі. І з гэтай сумнай ноты бок Сідорскага завёў даўно знаёмую песню, якая гучыць звычайна ў маскоўскіх электрычках і пачынаецца словамі “сами мы не местные”.
Але стары матыў нікога не крануў. Пуцін нагадаў беднаму суседу пра неверагодную расійскую шчодрасць у дачыненні да партнераў па інтэграцыі. І даў выразна зразумець, што аднабаковых саступак ім чакаць не выпадае. А чынавенства мінскае, слухаючы разважанні маскоўскага гаспадара, наўрад ці забывала пра мэты візіту, акрэсленыя напярэдадні правіцелем. Калі адцярушыць усё лішняе, то звяліся яны да аднаго вельмі простага слова – грошы. Або інакш кажучы – крэдыты. Усё новыя і новыя. Якіх краіне не хапае ўжо катастрафічна.
Канец года недалека. А там у снежаньскай імжы мроіцца ўжо змрочная постаць “Газпраму”. З ягонымі няведама яшчэ якімі цэнамі для Беларусі. А тут ні на пашыраным паседжанні, ні на больш афіцыйным Савеце Міністраў сумнавядомай “саюзнай дзяржавы” у Прэзідэнт-гатэлі, нібы ў старадаўнім рускім рамансе, - усё, што заўгодна, “а об водке ни полслова”.
Калісьці на Гарбатым мосціку перад Белым домам – рэзідэнцыяй расійскага ўраду – збіраліся сібірскія шахцеры, якім не плацілі заробак. Яны ўпарта грукаталі каскамі па бруку. Патрабавалі грошы. Цяпер там цішыня – часы не тыя. Але ў накірунку Гарбатага мосціку настойліва імкнуцца афіцыйныя прадстаўнікі аднаго надзвычай гордага і самаўпэўненага постсавецкага рэжыму. З той жа мэтаю – выбіць грошы з расійскіх урадоўцаў. Паабяцалі ж калісьці чарговую траншу ў памеры 500 мільёнаў даляраў. А цяпер высвятляецца, што атрымаць тыя грошы можна будзе хіба што з фонду ЕўрАзЭС. А фонд той яшчэ нават і не створаны. Што гэта, калі не здзек над прыніжаным суседам? Высокія чыноўнікі не грукочуць кейсамі на Гарбатым мосціку, выказваючы абурэнне скупасцю партнёраў па братняму саюзу. Яны ўжо зразумелі, што Масква не дасць нічога задарма. І што за новыя пазыкі давядзецца добра заплаціць. Такім таварам, які грашовага вымярэння не мае – незалежнасцю.
А час ляціць імкліва. Канец года недалеёка. І як сфармаваць бюджэт дзяржавы, калі яшчэ нічога не вядома ні пра цану на энерганосьбіты, ні пра перспектывы збыту беларускіх тавараў на расійскім рынку. А тым болей, пра магчымасці атрымання новых крэдытаў. Без якіх нерэфармаваная, калгасна-планавая эканоміка ўжо існаваць не можа. А тут яшчэ выбары імкліва набліжаюцца. І трэба тэрмінова знаходзіць дзесьці сродкі на рэстаўрацыю пацёмкінскай вёскі тутэйшага дабрабыту.
Журналісты паспяшаліся назваць візіт Сідорскага ў Маскву правальным. Гэта не зусім так. Высокае чынавенства шмат чаго там дамаглося. Па-першае даведалася, што дзесяцігадовы юбілей папяровай “саюзнай дзяржавы” зусім ужо недалёка і яго трэба адзначаць. А па-другое, у якасці суцяшальнага прыза ад самога Пуціна была атрымана каштоўная парада “максимально использовать преимущества интеграции на этапе посткризисного роста”. Толькі на першы погляд сентэнцыя падаецца бессэнсоўнай абракадабрай. А насамрэч гэта канкрэтная прапанова аб здачы суверэнітэту і капітуляцыі. У абмен на крэдыты. І яны цудоўна зразумелі адзін аднаго.
Высокі візіт бессэнсоўным не быў. Ён яшчэ раз засведчыў беларускаму грамадству, што краіна ідзе безнадзейным шляхам былой савецкай рэспублікі. І кіраўнічую каманду, якая з усіх магчымых абрала менавіта гэты шлях, трэба тэрмінова спісваць на бераг. Інакш патонем.
Вандроўка да ўсходняга суседа марнай не была. Шмат што стала на свае месцы. Прэм’ер прывёз каштоўны вопыт. Але каго ён тут цікавіць?