Гiсторык Сяргей Харэўскі распавядае пра гісторыю сталіцы Беларусі.
Чаму жыхар Ракаўскай Яша Гузік стаў касірам Аль Капонэ, як Лявона Баразну забілі на вуліцы Камсамольская сярод белага дня, і дзе знаходзіцца фотастудыя Хаіма Суціна — гэтыя цудоўныя малюнкі ўзнікаюць перад вачыма, калі гісторык Сяргей Харэўскі праводзіць экскурсію. Падарожжа пачынаецца на лаўцы на вуліцы Ракаўскай, піша партад KYKY.org.
- Сяргей, у мінулы раз мы з вамі гаварылі пра майстэрню на Дзімітрава, дзе тусаваўся Якуб Колас. А хто са знакамітых мінчукоў жыў на Ракаўскай?
- Менавіта адсюль, з Ракаўскага прадмесця, чыкагскі бандзіт Яша Гузік, адзін з прататыпаў амерыканскай гісторыі славутага фільма пра хлопцаў, якія сталі гангстарамі. Ён быў касірам з банды Аль Капонэ.
- Ніфіга сабе!
- Гэта праўда. Але родам з Беларусі яшчэ адзін каларытны персанаж, у гонар якога названа вуліца Маркса. Толькі не Карл Маркс, а Мойша Маркс, і яго прозвішча пішацца не праз «х», а праз «ks». Ён нарадзіўся ў Гродна, але дзяцінства і школьныя гады правёў у Менску, пакуль у час першай сусветнай вайны яго сям’я не з’ехала ў Англію, дзе Мойша Маркс стаў стваральнікам першай у Еўропе сеткі адзення «Маркс-энд-Спэнсэр».
- А што вы хочаце рабіць з вуліцай Маркса? Пераназваць у гонар «Маркс-энд-Спэнсэр»?
- Я прапаноўваю не пераназываць яе ў гонар Мойшы Маркса, а проста памяняць ініцыялы і зладзіць нейкі флэшмоб пры дапамозе «Маркса-энд-Спэнсэра». Падобных цікавых персанажаў тут было нямала.
Хто паставіў на шпілі Епархіі першую ў Менску «Пагоню»
- Гэты раён шчыльна звязаны з мастакоўскім жыццём. За будынкам сінагогі, дзе зараз знаходзіцца дзіцячая школа шахмат і шашак, раней былі майстэрні Сухамлінава, Куцікава, Саковіча, Лапчынскага. Сапраўды, гэта быў менскі Манмарт. У сярэдзіне 80-х тыя будынкі грохнулі і пабудавалі Епархіальнае кіраванне, дзе цяпер сядзіць неўзабаве прыехаўшы Павел. Цікава, што царкоўную кантору пачалі будаваць у 82-м годзе ў савецкія часы. Дарэчы, будынак стаў першым, дзе на шпілі з’явілася «Пагоня»: Святы Юры на кані, які прыкончвае цмока.
- Пойдзем паглядзім «Пагоню»! Як яе ўбачыць?
- Флюгер можна ўбачыць з гары, калі зайсці на двор маёй школы (але мы з Сяргеем праходзім у дворык Епархіі — заўв. рэд.). Глядзіце: у працэсе будаўніцтва тут быў знойдзены старажытны каменны крыж, відаць, з тэрыторыі былога Узнясенскага кляштара. Ён і зараз тут ляжыць, бачыце? Гэтае месца мне падабаецца. Калі вакол у горадзе ўсё кіпіць ды бурліць, сюды можна зайсці, як у іншы свет. Пасядзець ціха ў цянёчку, паслухаць, як салаўі спяваюць — фантастыка, у самым цэнтры горада! А «Пагоня» вось там, наверсе. Трэба падняцца пешшу і са двара ўбачыць яе на флюгеры Святога Юрыя, патрона беларускага. Але зараз давайце пройдзем далей па Ракаўскай (выходзім з дворыка Епархіі — заўв. рэд.). Вось славуты Мінскі хлебзавод, старэйшы ў горадзе, з якога вечарам і раніцай пахне гарачым хлебам.
Калі мы гаворым пра горад, гэта ж не толькі колеры і мемарыялы, але і пахі. Пах майго дзяцінства — гэта пах гарачага хлеба з хлебзавода, кавы і плюшак з кафетэрыя.
Чаму Міхась Раманюк касіў пад Высоцкага
- На адваротным баку вуліцы, дзе зараз гандлёвы беларуска-турысцкі дом, была майстэрня выдатнага мастацтвазнаўцы і мадэльера Міхася Раманюка. Гэта быў унікальны чалавек у гісторыі Менска. Ён скончыў ПТВ швей-матарыстак, дзе быў як казёл у агародзе, і вось гэтыя свае шавецкія ўмельствы часта дэманстраваў на спрэчку: зразаў гузік і прышываў яго за хвіліну ідэальна.
- А ён не гей быў?
- Не, наадварот, як бы мягчэй сказаць — зусім не гей. Пра яго амурныя подзвігі і вандроўкі ходзяць легенды. Калі ён служыў у войску ў Патсдаме, то пад штандарам граў у аркестры савецкіх войск на маракасах. А пазней пашыў сваёй нявесце вясельную сукенку, раскошную крывава-чырвоную ў аргенцінскім стылі. Класны быў чалавек, арыгінальны, артыстычны і вельмі апантаны Беларушчынай. Ён быў гарадскі, але за свае грошы аб’ездзіў усю Беларусь і сабраў унікальную калекцыю народных строяў, паспеўшы яшчэ ў 60-70-ыя гады ўбачыць не сцэнічныя касцюмы, але ўсё жывое і натуральнае. Ён выдаў у 70-х шыкоўны каляровы альбом, які не мае аналагаў: «Беларускае народнае адзенне». Прысвяціў народнаму мастацтву ўсё сваё жыццё, вывучаў і куфры, што было зусім дзіўна ў савецкія гады, і пахавальны культ: ад дзіцячых пахаванняў, калі дзеці дзяцей нясуць, перапрануўшыся ў анёлаў, да фотаздымкаў усіх відаў магіл і крыжоў, якія мы ўжо рэдка дзе ўбачым. Па кніжцы «Беларускія народныя крыжы», якая была выдадзена ўжо пасмяротна сынам Міхася Раманюка, можна кланіраваць Беларусь, калі спатрэбіцца. Першая майстэрня Раманюка і Уладзіміра Крукоўскага (вядомага плакатыста, аднаго з аўтараў эталоннага герба «Пагоня» ў 1991 годзе) была ў доме нумар 15. Вось два вакны былі іх.
- Прыбудовачка была?
- Не, проста гэты дом абрэзалі. Шкада, я б усё ж прымацаваў мемарыяльную табліцу ў памяць пра Міхася, феерычнага чалавека-аркестра. Яна тут так і просіцца. Раманюк выхаваў цэлую генерацыю мастацтвазнаўцаў: быў стваральнікам і першым загадчыкам кафедры тэорыі і гісторыі мастацтваў акадэміі мастацтва. Каларытная была і сама постаць гэтага чалавека, які ўсё сам сабе шыў касцюмы і касіў пад Высоцкага, вось з такімі ж валасамі. Яго сын вучыўся ў маёй школе, і настаўнікі ўздыхнулі, калі яго ўдалося здаць у школу-інтэрнат імя Ахрэмчыка. Зараз сын Міхася стаў вядомым беларускім фатографам і мастаком-графікам, які працягвае бацькаву справу: аб’язджае Беларусь і фіксуе яе жыццё.
Дзе ў Менску 200 год чыняць абутак
- Глядзіце: побач з былой майстэрняй Раманюка ёсць абутковая майстэрня. Яна дакладна стаіць на гэтым месцы гадоў дзвесце. Колькі я сябе памятаю, колькі сябе памятаюць мае бацькі, дзяды і бабкі — тут чынілі абутак. На жаль, аўтэнтычны дамок быў нікудышны, і яго развалілі, але прыемна бачыць, што месца выкарыстоўваецца па таму ж самаму прызначэнню. Рэкамендую забегчы сюды эксклюзіўна, пазнаёміцца. Ўсё ж такі гэта не дом быта, дзе чорт ведае што.
- А што было ў двары, дзе цяпер амбасада Італіі?
- Таксама мастакоўскія майстэрні — яны да сёння застаюцца на мансардах. Зойдзем паглядзець? Вунь консульства Нарвегіі ў аўтэнтычным драўляным будынку: так выглядала тут усё, і адразу ўніз ішлі яры.
У гэтым двары раней вельмі часта здымалі гістарычныя кінафільмы. Мае дзіцячыя ўспаміны: ідзеш, і раптам — бах — нямецкія танкі. Крочуць нацысты з сабакамі, вісяць свастыкі. Праз тры дні ідзеш — ужо савецкія танкі і матацыклы. Праз тыдзень ужо польскія жандармы ходзяць і драпежныя тумбы стаяць: здымаюць фільмы пра Заходнюю Беларусь. Сярод іншых тут здымалі фільм «Чужая Бацькаўшчына» паводле сцэнарыя Адамчыка — фактурысты быў квартальчык. Але ведаеце, вадзіць людзей па экскурсіях — гэта нялегкая праца: я ўжо паўгадзіны гляджу, дзе мы з вамі зможам купіць бутэльку вады.
- Пойдзем на Нямігу — там ёсць нейкія палаткі.
- Не, ужо ўсе зачынена. А хадземце па верху, зробім ронда. Мы пабачым самае лепшае «бэльвё» — асцярожны выгляд на горад, дзе відаць усе цікавосткі Траецкага прадмесця. На пачатку колішняй паркавай магістралі стаіць Дом мод з базантным пано мастака Арцімовіча «Салідарнасць». Пано было створана ў 70-ыя гады, і тады быў адзін кантэкст з салідарнасцю кубінскіх і в’етнамскіх камуністаў-партызанаў.
Сёння, калі кантэкст памяняўся, ніхто не разумее, куды ідуць арабскія тэрарысты і лаціна-амерыканскія бандыты і чаму там надпіс па-англійску solidarіty. Патлумачыць гэта немагчыма. Вось станьце пад гэтым пано і апытайце першых трыццаць чалавек: думаю, ніхто не адкажа, што гэта такое.
- Яго ж хацелі здымаць!
- Пано трэба было зняць у 91-м, а сёння, я ўжо лічу, хай застаецца. Тэрарысты ўсіх краін ідуць кудысьці.
Літоўская бяссонніца
- Дарэчы, на гэтым месцы, дзе мы з вамі ідзем, на стоку Свіслачы і Нямігі, тысячу год таму стаяў другі замак, і летапісныя згадкі пра Менск пачынаюцца з таго, што яго спалілі датла ў 1067 годзе. «Не дабром берагі крывавыя Нямігі засеяны, а касцьмі». Дарэчы, мала хто ведае, што назва рэчкі Няміга, якая да сёння цячэ пад асфальтам, увабраная пад бятонны калектар, — сведчанне таго, што да нас тут жылі балцкія плямёны. У перакладзе з сучаснай літоўскай мовы «няміга» — гэта бяссонніца. Без усялякіх пранонсаў. Ёсць нешта фатальнае ў назве, якая нас адсылае ў дрымучыя часы, яшчэ да славянскага тутэйшага насельніцтва. Але горад быў за сем кіламетраў адсюль на рэчцы Менка, дзе стаяў першы замак, Менскі. Назва Менка таксама паходзіць з балцкіх моваў і з сучаснай літоўскай перакладаецца як «маленькая, невялічкая, факультатыўная» — інакш рэчку ў сем кіламетраў і не назавеш.
- А чаму асноўны сэнс менавіта ў слове «бяссонніца»?
- Рака Няміга сапраўды не давала спаць тутэйшым жыхарам. Звычайна яна, маленькая, цякла ўся ў незабудках, а калі бывалі дажджы ці паводкі, імгненна падымалася на два метры, затопліваючы нават першыя паверхі. За гэты яе нораў, незразумелы і неспакойны, яе і назвалі «бяссонніца». Потым узгадваецца страшная трагедыя, калі людзі ў пераходзе падушыліся. Зрэшты, апошнія некалькі год мы бачым паводкі. Як дзвесце гадоў таму, так і сёння — прыроду не падманеш.
- Плаваюць тралейбусы нейкія. О, «Кофебокс», мы там ваду купім!
- Ойлі. (Сяргей Харэўскі пытае пра ваду на беларускай мове, дзяўчына на лаўцы глядзіць на яго з жахам — заўв. рэд.)
- Ці не дзіўна вам, што калі размаўляеш на беларускай мове, то людзі глядзяць на вас, як на цуд?
- Ды кіньце, я ўсё жыццё так гавару. Проста тут ёсць адзін момант «ікс». Калі б цябе ведалі палову жыцця рускамоўным, то потым могуць не зразумець: «Серёга, ты чо?» І ты адчуваеш сябе нібыта індзеец у пер'і. Для тых, хто цябе не ведаў, ты ўжо адразу такі: успрымаюць нармальна. Я зараз ваджу сваю пяцігадовую малую ў садок, дзіцё ў транспарце на беларускай гаворыць гучна. Дык усе яе ненавязліва хваляць і ў размову ўступаюць. (Сяргей робіць глыток вады з бутэлькі — заўв. рэд.).
Палац апошняга канцлера ВКЛ з невымоўным прозвішчам
- Зараз мы ідзем па тэрыторыі замчышча. На тым месцы, дзе знаходзіцца паркінг каля будынка Белпрампраекта, ёсць падмуркі халоднай сінагогі 17 стагоддзя. Сінагога прастаяла 300 гадоў амаль да 74-га года — гэта самы старэйшы гатычны будынак у нашым горадзе. Ён быў зруйнаваны, але падмуркі ягоныя ўнесеныя ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Яны тут закансерваваныя, але мы іх не зможам пабачыць. Яны пад асфальтам, перасыпалі сухім кварцавым пяском да лепшых часоў.
- А навошта так рабіць? Не паказваць нікому, хаваць?
- Быў у свой час праект аднаўлення, і чакаецца, калі людзі прыдумаюць, для чаго рэстаўраваць. Любая рэстаўрацыя робіцца пад нешта. Увогуле, у габрэйскай традыцыі няма шанавання камянёў. Ёсць шанаванне кнігі, і той Талмуд, што быў апаганены не іудзеямі, а свінажэрамі, ўжо не святыня. Святыні — толькі магілы. У габрэяў нават ёсць абрад пахавання Торы: калі яна стлявае ад пастаяннага карыстання, кнігу, як чалавека, хаваюць у зямлю, таму што паліць яе нельга. (Сяргей Харэўскі прапануе сесці на лаўку з відам на дом-музей Міхаіла Савіцкага) Глядзіце: перад намі адноўлены будынак, дзе да нядаўняга часу быў ваенкамат. Раней гэта быў палац апошняга канцлера ВКЛ Пжыздзецкага, у якім былі два флігелі (застаўся адзін): па люстраному ў месцы, дзе мы сядзім, быў такі самы флігель.
Канешне, у ідэале трэба было б і яго аднавіць, каб стварыць гэты курдамёр, але для гэтага даўно пара было б грохнуць ідыёцкі будынак Белпрампраекта, які раней быў зусім страшны (вось мы бачым яго заднік), але ўсё ніяк не могуць адважыцца.
- Прабачце, як прозвішча гэтага канцлера?…
- Пшыздзецкі. Гэта яму належала Заслаўе. Там быў вялікі палац, а тут — ягоны гарадскі палац у стылі ракако, калісьці вельмі прэстыжны, як сёння рэзідэнцыя прэм’ер-міністра. Тут былі высокія мансардныя дахі, ляпніна, разнастайныя фінціфлюшкі, скульптуркі. Зараз там на першым паверсе музей шляхецкага быту і інтэр’ераў: з вокнаў адкрываюцца класныя віды на менскія дворыкі. Рэкамендую глянуць. Але ў савецкі час, калі я хадзіў у школу, тут быў ваенкамат. Памятаю, як пачынаўся вясновы альбо восеньскі прызыў, у гэтым месцы смутку збіраліся лысыя хлопчыкі і рыдалі маці. Мне было страшна і я бег адсюль, бо здавалася, быццам іх на расстрэл вялі. Усё было б смешна, каб не гады вайны ў Афганістане, калі провады і рыданні выглядалі асабліва страшна.
- Будынак завецца домам-музеем Савіцкага. Мастак тут жыў?
- Мастак ніякага дачынення да гэтага дома не меў. Майстэрня Міхаіла Савіцкага засталася за ўніверсамам «Рыга», а з Нямігай Міхаіла Савіцкага нічога не звязвала. Думаю, дваццаць год таму будынак проста перадалі на баланс горада і не ведалі, пад што прыстасаваць. Пад народнага мастака СССР, лаўрэата прэміі Прэзідэнта, яно пракаціла. Не горшае выкарыстанне. Усё ж такі не ваенкамат.
Як да менчукоў прыплыла ікона з Кіева
- Насупраць ёсць касцёл найсвяцейшай панны Марыі: калі я хадзіў у школу, там было таварыства «Спартак». Да яго быў прылеплены сталінскі фасад, усё раздзелена на тры паверхі, дзе самбісты кідалі на матах адзін аднаго. У Адама Глобуса ёсць класны аповед пра тое, як ён там займаўся спортам, як пахла потам. Але пасля таго, як ён кідануў аднаго з напарнікаў, а ў таго з рота вылецеў гліст, ён перастаў займацца барацьбой і больш туды ніколі не хадзіў. Калісьці ў касцёле было шмат святыняў. Найвялікшая святыня — труна з мошчамі святога Феліцыяна, аднаго з двух ваяроў рымскіх, якіх прыставілі да труны Хрыста. Яны першымі ўбачылі яго ўваскрашэнне, уверавалі і сталі першапакутнікамі. Аднаго з іх звалі Феліцыян, і яго мошчы былі ў 18 стагоддзі падораныя Ватыканам Менску. Менскі ваявода Пацура чыста праз усю Еўропу прывёз гэтыя мошчы. З 18 стагоддзя 200 гадоў патронам нашага горада з’яўляўся святы Феліцыян, таму вуліца Камсамольская раней называлася Феліцыянаўскай. Сёння найгалоўная святыня нашага горада — гэта святая ікона Маці Божай Менскай, якая, паводле падання, напісаная самім евангелістам Лукой. Насамрэч ікона мае візантыйскае паходжанне, напэўна, прывезена ў 16 стагоддзі з Блізкага Ўсходу. Паданне ж сведчыць, што аднаго разу менчукі выйшлі на суток Свіслачы і Нямігі і ўбачылі, як супраць плыні плыве да іх па рацэ абраз у святле і ззяе. Паданне звязанае з разарэннем Кіева крымскімі татарамі ў 16 стагоддзі. Татары кінулі абраз у Дняпро, і па Дняпры ён даплыў да Свіслачы.
- Гэта магчыма было ў той час?
- Уверх па плыні — не, не магчыма. Калі казаць у фізічным сэнсе.
- Не, але шлях існуе?
- Так. Мы можам кінуць у Свіслач бычок ад цыгарэты, і яго прыб’е да Стамбула. Свіслач упадае ў Бярэзіну, раку, старэйшую за Дняпро, якая з’явілася, калі ледавік пачаў таяць. Бярэзіна ўпадае ў Дняпро, а Дняпро праз Кіеў — у Чорнае мора. Другая палова беларускіх рэк цячэ ў Балтыйскае, а сам Менск стаіць на водападзеле. Можаце ад’ехаць на 6 км ад Менска — і рэчкі ўжо пойдуць у адваротным накірунку.
- Вось гэта Маці Менская, якая плыла па рэчцы, гэта яе лік зараз можна пабачыць у манастыры?
- Так, у Кафедральным праваслаўным саборы з левага боку. Калі Менску надалі Магдэбургскае права, гэты абраз стаў нашым гербам. Гэта сапраўдны абраз, які існуе 500 гадоў, на яго моляцца і каталікі, і праваслаўныя.
Вялікі гасцінны двор і менская Ратуша
- Як гэта магчыма: каб і каталікі, і праваслаўныя маліліся на адну ікону?
- Пасля паўстання Каліноўскага ў 1863 годзе каталіцкі касцёл на месцы Кафедральнага быў зачынены, а потым яго перарабілі ў праваслаўную царкву. Побач быў кляштар бернардынак, які стаў манастыром Кірыла і Мефодыя — таму аднавіў назву. Дарэчы, усе мае продкі з 17 стагоддзя арэндавалі зямлю ў гэтага кляштара. У сценах кляштара — плён працы ўсіх каленаў маіх продкаў па абедзьвюх лініях: да нашых часоў захаваліся дакументы арандатараў. У сям’і нават існавала традыцыя: калі хавалі людзей, бралі з-пад царквы жменю зямлі і сыпалі на труны, каб хаваць продкаў у асвечанай зямлі.
- Вашыя продкі былі святарамі?
- Не, шляхта. Кляштарам належыла шмат зямлі ў вёсках, і гэтыя землі арандавала шляхта. Мае бацькі родам з мясцін у 15 км ад Менска. І вось, дзякуючы гэтым паперам, паводле якіх кляштарам плацілі арэнду, я зараз ведаю, ху із ху.
- Вам падабаецца новая Ратуша? Чаму тую першую зруйнавалі?
- Гэта было ў 1837 годзе па загадзе імператара Мікалая І пасля паўстання, «дабы не напоминать минчанам о былых вольностях и литовском праве». Два гады ніхто не адважваўся бурыць Ратушу, а потым гарадскія ўлады прыдумалі разабраць яе на цэглу. Калі там у наш час былі раскопкі, пад Ратушай знайшлі цікавыя сутарэнні, нават падмуркі тых калон. Там была гаўптвахта, маленькая турма, вязніца для даўжнікоў. Побач на гэтым месцы быў гарадскі гаспадарчы суд і зала для ўрачыстых пасяджэнняў. А па вечарах з балкона Ратушы граў гарадскі аркестр. У сквер не дапускаліся асобы нехрысціянскага веравызнання і неахайна апранутыя. Вялікі гасцінны двор, дзе зараз банкі i буцікі, стаіць тут з 17 стагоддзя, і на тры паверхі ўніз ідуць падвалы: там былі цынамонавыя лаўкі і галантарэя, араматызаваная мускусам ці воцатам. У сённяшнім будынку Белсвісбанка на сцэне клуба выступаў Маякоўскі, дэкламаваўся за царскім часам. Сюды прыязджалі многія літаратары: Карней Чукоўскі, Купрын.
- Тады яшчэ стаяў гатэль «Еўропа»?
- Гатэль «Еўропа» стаіць не на тым месцы. На яго месцы быў першы мінскі тэатр, у якім была пастаўлена першая беларуская нацыянальная опера «Ідылія» на музыку Станіслава Манюшкі і словы Дуніна-Марцінкевіча. Гэты будынак быў варварскі зруйнаваны ў 1984 годзе. А гатэль «Еўропа» стаяў там, дзе сёння праезджая частка, займаў цэлы квартал амаль да ГУМа на дзесяць метраў правей, а сама дарога была шырынёй як сённяшні тратуар, дзе растуць ёлкі. Гатэль быў на два паверхі ніжэй, і дэкору было больш. А Дунін-Марцінкевіч жыў у будынку нумар 12 па вуліцы Рэвалюцыйная, там зараз часткова ўцалеў тэракотавы дах. Пойдзем паглядзім?
Як забілі Лявона Баразну
- Вось гэта двухпавярховы будынак 18 стагоддзя, таксама яшчэ дарасейскіх часоў, дзе цудам захаваліся дзве ўнікальныя печы, аўтэнтычныя, раскошныя, кафляныя. У 80-я гады тут былі мастацкія майстэрні братоў Кашкурэвічаў, Ігара і Тодара, і Людмілы Русавай, і тут жа адбыўся першы ў Савецкім Саюзе класічны перфоманс памяці Казіміра Малевіча. Далей ідзе Камсамольская вуліца, якая раней звалася Феліцыянаўскай.
Калі мы гаворым пра Менск і легендарных асобаў Менска, трэба распавесці пра Лявона Баразну. Гэта быў выдатны мастак і мастацтвазнаўца, збіральнік фальклора. 15 жніўня 1972 года яго вось тут забілі. Раніцай мастакі павінны былі пратэставаць супраць зносу Нямігі, і ён быў маторам рэзістанства супраць вандалізма. Ўсё было гатова, вось тут была ягоная майстэрня — там, дзе на даху былі зроблены шкляныя вокны. Лявон Баразна ўвечары выйшаў на вуліцу, зайшоў у майстэрню, і да яго сярод белага дня дачапіліся два бандзюганы. Завязалася бойка. Адзін ударыў яго галавой, а іншы ўсадзіў нож у спіну. Па дыяганалі знаходзілася міліцыя, праз 15 метраў ад КДБ. Ён яшчэ паспеў выклікаць хуткую дапамогу, але так і памёр. Следства хутка закрылі. Так засталася адна з самых страшных мінскіх тайн: пасярод белага дня зарэзалі вядомага ўсім чалавека.
- Гэта выпадковае было забойства? Менавіта бандыты ці, мо, загад?
- Усе засталіся перакананымі, што гэта палітычнае забойства, звязанае з яго бурнай грамадскай дзейнасцю, забаронай старога горада і беларушчыны. Таму пасля 72-га года ўсе сталі неяк пабойвацца адкрываць рот па-беларуску на вуліцы. А вось у гэтых будынках, што на рагу, на падмурках засталіся найрадзейшыя для Менска ўзоры чыгуннага ліцця з Кракава.
Бачыце, пысачкі Меркурыяў у капелюшах, і год пазначаны — 1882. Меркурый — гэта святы патрон жулікаў і гандляроў, вельмі распаўсюджаны матыў.
Самы вялікі скарб Менску
- Калі шукаць, чым Менск быў слаўны, гэта будуць мастакі і дызайнеры. У Менску жылі і працавалі дзясяткі народных мастакоў. Родам з Менска Уладзіслаў Зжымінскі, найбуйнейшы польскі мастак 20 стагоддзя. Геніяльны мастак Ізраіль Басаў нікуды не з’ехаў і ўсё жыццё пражыў у Менску. Такія легендарныя імёны, як Міхась Раманюк, Лявон Баразна, Альгерд Малішэўскі, Бархаткоў, не кажучы ўжо пра народных: Вашчанку, Кішчанку, Савіцкага — павінны ведаць усе. Калі мы ўсё падсумуем, мастакоў з Менску ў разы больш, чым з Віцебску. Нават сваякам Хаіма Суціна належыў гатэль, які знайходзіцца насупраць кінатэатра «Победа».
- Стойце, а якім сваякам? Ён жа са Смілавічаў?
- Не ўсе ж яны ў Смілавічах жылі. Ягоныя сваякі набылі гэты гатэль і прыладзілі Хаіма сюды працаваць рэтушорам. Самае цікавае, што на месцы, дзе была тая фотастудыя, сёння зноў фатаграфія. Крута было б павесіць там рэпрадукцыю Суціна і паставіць у двары помнік мастаку.
Не трэба пакутліва шукаць брэнды з нічога, напрыклад: «А давайте предложим российским дизайнерам создать бренд Минска» — што за хрэнь? Дызайнераў у нас няма? У Менску дызайн пачынаўся ў савецкі час, тут быў першы ў Саюзе інстытут дызайну, які называўся НДІ тэхнічнай эстэтыкі — гэта да нас павінны ўсе звяртацца!
У Менску, як бы ён ні ганарыўся сваімі памерамі ці архітэктурай, жыло столькі класных мастакоў і дызайнераў. Але мы нават не маем альбома «Менск у мастацтве», хаця ў нас каласальная спадчына, пачынаючы з 19 стагоддзя. Я лічу, што трэба інтэнсіўна кіраваць гэтай справай: калупаць, хто з мастакоў звязаны з Менскам, хто Менск маляваў. Карэннымі менчукамі былі Яўген Кулікпеш, Кашкурэвічы, народны мастак і ягоны сын. І вобраз Менска, які нам пакінулі мастакі ўсіх пакаленняў, — гэта каласальны скарб, гэта трэба падымаць.