Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Іх яшчэ ўбачыць Куршавель

03.03.2009 политика
Іх яшчэ ўбачыць Куршавель

Радасная вестка даляцела ў Беларусь з далёкай Сербіі. Элітнае падраздзяленне, сфармаванае тутэйшым Галоўнакамандуючым, дэсантавалася на снежных схілах вяршыні Капаонік. Нашы – у Еўропе!

Так, гэта яшчэ далёка не Брусэль. І нават не Прага, дзе магчыма адбудзецца канчатковае прымірэнне Еўразвязу з апошнім дыктатарам старога кантынента. Пакуль што – Рэспубліка Сербія. Прэстыжны курорт. Аднак яшчэ не Куршавель. Але нам варта толькі пачаць. А там і альпійскі снег зарыпіць пад горнымі лыжамі апальнага калісьці кіраўніцтва Беларусі.

Журналісты ў той мясцовасці ўсё яшчэ спрачаюцца наконт колькаснага складу адважнага атраду, які здзейсніў дзёрзкі прарыў на Балканы, замацаваўшы за сабой стратэгічны плацдарм на гарналыжных трасах. Але дыскусіі на гэты конт не вартыя ўвагі. Сто пяцьдзесят першапраходцаў дэсантаваліся там або ўсяго толькі трыццаць, як настойліва сцвярджае беларускі бок, зусім не істотна. Пярэпалах, выкліканы нечаканым уварваннем крызісу, прайшоў. Жыццё наладжваецца. Зноў можна ехаць хоць да д’ябла. І яны паехалі.

Дакладней, паляцелі. Узялі “Боінг-737”. Той самы, з асабістага рэзерву начальніка краіны. Пасадзілі ў самалёт самых надзейных. Ніхто не ведае дакладна – 150 або толькі 30. Затое якіх байцоў! Высокапастаўлены менэджэр люкс-гатэлю “Гранд”, уражаны ўбачаным, распавядаў потым сербскім журналістам: “Мы были очень удивлены, когда увидели его, а тем более его свиту – сыновей с их семьями, охрану, повара, нянек их детей”. І яшчэ ён распавёў усхвалявана, як усцешана адміністрацыя гатэлю дзіўным тым візітам, бо па афіцыйнай версіі чакалася ўсяго толькі нейкая “белорусская делегация”. Ну вядома ж, адміністрацыя са скуры вылезе, каб зрабіць прыемным адпачынак гэткага госця.

Далёка ім яшчэ да Куршавелю. Гатэль класа “люкс”, а адміністрацыя ў ім – балбатлівая і цёмная. Хто ім сказаў пра нейкі адпачынак? Гэта які-небудзь арабскі шэйх можа прыехаць на курорт з процьмай родзічаў, слуг, прысцябаеў ды нахлебнікаў. А наша кіраўніцтва выязджае за мяжу толькі ў мэтах падвышэння дабрабыту ўласнага народу. Вось жа і на галоўным сайце Беларусі было размешчана стрыманае паведамленне, што кіраўнік краіны “направляется с рабочим визитом в Республику Сербия”.

Праграма “рабочего визита” неверагодна цяжкая і ёмістая. “В центре внимания – вопросы расширения торгово-экономических отношений по самому широкому спектру направлений, перспективы регионального европейского сотрудничества, актуальные вопросы международной повестки дня”.

Як расшыфраваць гэтую бязглуздзіцу? З яе зразумела толькі адно - здзейсніць “праграму” можна хіба што на гарналыжных трасах. На белых снягах гары Капаонік. І таму, хто самааддана ўзяўся за яе выкананне, без падтрымкі “сыновей с их семьями, охраны, повара, нянек детей” на далёкай чужыне не абысціся. У заблытанай гісторыі балканскага дыпламатычнага прарыву зусім недарэчнай выглядае хіба што адна акалічнасць. Ягоны ініцыятар калісьці кінуў у масы патрыятычны заклік: “Купляйце беларускае!” І раптам – нейкі сербскі гатэль “Гранд”. А як жа родныя Сілічы?..

І ўвогуле, навошта было выдумляць нейкія “актуальные вопросы международной повестки дня”? Кожны мае права на адпачынак. У тым ліку - з сям’ёй. І той, хто кіруе дзяржавай. І той, хто прадае селядзец на марозе. І рабочы шклозавода “Неман”. І ўніверсітэцкі прафесар. І легендарная “даярка за 600 баксаў”. Але большасць з іх, падлічыўшы заробак, рэдка месцам адпачынку выбірае Балканы ці далёкія Мальдзівы. Найчасцей - ўсё тыя ж клятыя шэсць сотак. І ў краіне, дзе менавіта гэткі выбар пераважае, людзям пры ўладзе нельга дэманстраваць манеры арабскіх шэйхаў.

На Захадзе, куды яны так апантана ірвуцца, чынавенства нясе строгую адказнасць за кожны выдаткаваны цэнт. Міністр, які ўзяў у замежную паездку жонку, імгненна пазбавіўся пасады. Нельга. Немагчыма. Карупцыя! Хочацца страшэнна за мяжу ўсёй сям’ёй – калі ласка! За ўласныя сродкі. Можаце ляцець куды заўгодна. Хоць з цёткамі, хоць з нянькамі. А за казённыя нельга. Падаткаплацельшчык пакрыўдзіцца.

Спадарыня Меркель не абмяркоўвае “актуальные вопросы” на горналыжных трасах. Каралева Вялікабрытаніі ляціць у Індыю з афіцыйным візітам звычайным рэйсам. У яе ёсць немалыя асабістыя сродкі, і яна можа забяспечыць сабе адпаведны ўзровень камфорту. Але яна паважае сваіх грамадзян, якія тое ж могуць сабе дазволіць далёка не заўсёды. Барак Абама ўвогуле адмаўляецца ад сустрэчы з кіраўнікамі канцэрнаў, якія прыляцелі на нараду на прыватных самалётах. Ва ўмовах крызісу раскоша выглядае непрыстойна. І толькі ў нас – звычай свой, адметны. І ўсе вышэйзгаданыя – тутэйшым не ўказ.

Беларусь – збяднелая краіна. Яна блукае па замежжы з працягнутай рукой. Прыніжана выпрошвае крэдыты. Запазычанасць расце неверагодна. Незалежныя эканамісты цвердзяць, што набліжаецца фінансавы крах. Ды гэта і без іх даўно ўсім вядома. Прадалі ўжо нават неба, каб расплаціцца за расійскі газ. Але ўчорашнія калгаснікі, якія сёння кантралююць фінансавыя патокі, добра ведаюць, што сродкаў хопіць на іх век. І ў выбары месцаў для вырашэння “актуальных вопросов международной повестки дня” роўных ім няма. Нястомныя ў элітным адпачынку, яны насуперак усім санкцыям упэўнена пракладваюць сваю лыжню ў Еўропе. Крызіс ці не крызіс – ім начхаць. Яны не прападуць.

Іх яшчэ ўбачыць Куршавель.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]