Мсьціслаў і Анэля Церашковы, брат і сястра 11 і 8 гадоў, кожны дзень лета даяжджалі да прыпынку электрычкі Лябяжы.
А адтуль — да станцыі Менскае мора, каб выводзіць свае маленькія лодкі на хвалі сапраўднага беларускага мора.
«Спачатку трошачку было страшна, а пасьля прызвычаілася, і ня страшна. — Анэля прыйшла займацца ў вятружны спорт сьледам за братам. — Падабаецца, як ты ў моцны вецер вельмі хутка ідзеш. Яхта хіліцца — і ты проста ляціш».
На вакацыі дзеці прыяжджалі сюды зранку штодня, апроч панядзелка, і заставаліся да шостай вечара. Як пачаліся заняткі ў школе, прыяжджаюць на выходныя. На вадзе ў самой яхце праводзяць ад пяці да васьмі гадзінаў, перадае «Радыё Свабода».
Бацька Андрэй Церашкоў кажа, што спорт абіралі доўга. Урэшце знайшлі такі, які і на прыродзе, і выклікае натхненьне, і не такі траўманебясьпечны.
«Гэта своеасаблівыя шахматы на вадзе. Тактычны спорт, тэхнічна цяжкі — разьвівае і гнуткасьць, і цягліцы, і мазгі», — кажа Андрэй, які і сам у дзяцінстве трохі займаўся ветразямі.
На ідэі пабудовы яхты ўтварылася і сама сям’я Церашковых, у якой цяпер чацьвёра дзяцей. Мсьціслаў і Анэля — старэйшыя, а за імі яшчэ два хлапцы. «Яхты сваёй яшчэ пакуль няма, але каманда ўжо гатовая», — кажуць Церашковы.
Сэзон на вадзе ўвосень працягнецца, як будзе дазваляць надвор’е. Можа, і да лістапада. Узімку дзеці ходзяць у басэйн і ў спартовую залю, бегаюць на лыжах.
Тут, у школе алімпійскага рэзэрву, дзеці займаюцца цалкам бясплатна і забясьпечаныя ўсім патрэбным.
Галоўнае — морам. Яго, Менскага, для вятружнага спорту цалкам дастаткова — тут праводзяцца спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню. Тут жа выгадавалася і беларуская чэмпіёнка сьвету па вятружным спорце Тацяна Драздоўская.
Цёплы дзень у яхт-клюбе нагадвае маленькае жыцьцё. Дзеці на беразе ходзяць вольна, безь мітусьні, як добра падрыхтаваная, але ня выдрэсіраваная каманда.
Зранку разам з трэнэрам Уладзімерам Анатолевічам Зуевым прыбіралі тэрыторыю і аглядалі лодкі.
Мама Алена кажа, што найперш імкнулася, каб дзеці трапілі да добрага трэнэра:
«Тут вельмі добры дагляд. Ніводнае дзіця ня выйдзе на ваду без камізэлькі, у кожнага спраўдязць, як гатовая яхта. Трэнэр заўжды нагадвае, што трэба браць з сабой ссабойку. 8 гадзін на вадзе — гэта ня значыць, што дзіця галоднае і безь пітной вады. Да таго ж дзіця ведае, што абсталяваньне трэба рамантаваць. Пэрыядычна нешта бярэцца дахаты, яны ўдзельнічаюць у падшываньні ветразяў, камізэлек...»
Пасьля ўсе разам трохі пазаймаліся тэорыяй. Слухаючы, як вольна Мсьціслаў абыходзіцца зь дзясяткам тэрмінаў, відамі вузлоў і ветраў, падалося нават, што навучыцца кіраваць аўтамабілем было лягчэй. Мсьціслаў гэтае ўражаньне з гатоўнасьцю пацьвярджае, згадваючы свой першы овэркіль.
Анэля распавядае, што кіраваць яхтай вучылася, можа, год. «Калі ты навічок, то можна на кацеры езьдзіць ці пасажырам», — кажа яна. Але цяпер ходзіць самастойна. І ўжо мае трэцяе месца на спаборніцтвах, у якіх, па ўражаньнях дзяўчынкі, удзельнікаў было няшмат — «чалавек трыццаць-сорак». Мсьціслаў у спаборніцтвах удзельнічае ўжо стала, сьмела дзеліць іх на рэйтынгавыя і нярэйтынгавыя і распавядае, як «ганяўся» ў кожным. Па словах бацькоў, трэнэр бачыць у ім «пэрспэктыўнага спартсмэна».
«І мы ў яго верым», — кажа мама Алена.
Тут, у яхт-клюбе, дзеці ўсё робяць самі. Ад шчыраваньня венікам па пляцоўцы да рамонту лодкі.
«Гэта баявая яхта, Winner — значыць «пераможца», — рыхтуючы сваю лодку да спуску на ваду, Мсьціслаў тлумачыць, чаго асабліва трэба пільнаваць:
«У трэніровачных няма столькі момантаў, за чым сачыць, а ў гоначных — так, — кажа хлопчык. — Над яхтай многа трэба працаваць рукамі. Калі заклеілі шклаплястыкам дзірку, то трэба зашкурыць, каб было роўненька. Вось у мяне тут пачало расколвацца трохі, то трэба будзе заклеіць бліжэйшым часам».
Яхту мыюць, фарбуюць, падшываюць ветразі. Самі ж рыхтуюць яе і да спуску на ваду: правяраюць гатовасьць, усталёўваюць ветразь, падцягваюць вазкі і цягнуць свае лодкі да пірса.
«У нас ужо год дзеці не хварэюць, — кажа бацька Андрэй Церашкоў. — І вельмі добра на зрок уплывае. Нават так атрымалася, што ў траўні праверылі ў хлопца зрок і знайшлі, што пачаў падаць. Усё лета хадзіў пад ветразем. Тады ў верасьні праверылі — зрок аднавіўся».
Тут, на Менскім моры, Мсьціслаў і Анэля правялі амаль усё лета.
«Я ведаю чалавек 18, якія летам у кампутары гуляюць — усе мае аднаклясьнікі, — кажа Мсьціслаў. — Гэта ня вельмі інтэлектуальнае лета, карысьці яно не прыносіць».