Дэмакратыя вяртаецца ў Беларусь. Шкада, што Рэмбрандта даўно няма на свеце. Толькі ягоны пэндзаль мог бы ўвекавечыць доўгачаканую падзею.
Пакутніца, якую тут ніхто не бачыў амаль шаснаццаць год, напэўна ж вымушана будзе паўтарыць незабыўны біблейскі сюжэт. Прыпадзе ў глыбокім раскаянні да ўсенародна абранага, а той дазволіць сабе скупую слязу замілавання.
Дзіўныя здараюцца падзеі ў гэтым краі. Апазіцыя здаўна шукае шлях да пераменаў. Еўропа са свайго боку таксама нешта прыдумляе. А тут, як высвятляецца, усё проста. І не трэба ніякіх маршаў свабоды, пікетаў перад шыхтамі азвярэлага спецназу, марозных начэй у палаткавым лагеры на сакавіцкай плошчы. Збірае правіцель нараду “па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства” і паказвае ўсім фокус з дэмакратыяй. “Нам надо немного времени, и эти двенадцать или пятнадцать предложений Евросоюза можно спокойно принять”.
І гэтае паблажлівае “двенадцать или пятнадцать” узнікла зусім не выпадкова. Цудоўна ведае, колькі тых еўразвязаўскіх умоў. Але ж трэба падкрэсліць, што тут ўсё залежыць толькі ад яго. Кожнаму вядома, якія надзеі ўскладае Захад на сваю стратэгію пакрокавага далучэння дзікай дыктатуры да еўрапейскіх каштоўнасцяў. І хочацца бачыць хоць нейкія зрухі да лепшага. Вось ён і пасылае доўгачаканы сігнал Брусэлю. Выразны і недвухсэнсоўны. І надзвычай своечасовы.
Толькі што дэмакратычная Еўропа адзначыла двадцатую гадавіну разбурэння Берлінскай сцяны. Нямецкая сталіца святкавала шчыра і ўрачыста. Былі запрошаны ўсе тыя, хто меў дачыненне да незабыўнага прарыву. А ў Мінску напярэдадні ўскладалі кветкі да помніку Леніну і з пяшчотай узгадвалі калючы дрот над Бугам, які надзейна аддзяліў усіх нас ад нейкай незразумелай нам свабоды.
На тым, не нашым свяце, прыдумалі прыгожую акцыю - сымбалічнае разбурэнне даўно ўжо неіснуючага муру. Пенапластавыя пілоны аднаго памеру, пастаўленыя на аднолькавай адлегласці адзін ад аднаго па колішняй лініі размежавання ў пэўны час павінны былі пачаць разбурэнне ўяўнай сцяны. Ад аднаго штуршка рукі. Гонар выклікаць хвалю неадольнага падзення сцяны выпаў Леху Валенсу. Ён абрынуў першы блок, і па ўсёй лініі былога падзелу пайшла гэта хваля і знішчыла мур. Напэўна, шмат каму там хацелася, каб яна дайшла і да тых, хто свабоды пакуль яшчэ не дачакаўся.
І немагчыма было нават падумаць, што нейкім рэхам менавіта ў гэты дні адгукнецца апошняя дыктатура Еўропы. Няўжо ўсё той жа “эфект даміно”? Выбуху аптымізму замінае толькі адна акалічнасць. Не народ на плошчы заявіў рашуча пра неабходнасць пераменаў. А сам дыктатар, які столькі год не стамляўся забараняць, разганяць, пераследваць, абяцае раптам прыняць усе ўмовы Еўразвязу. Як адрэагуе на сенсацыйную навіну Брусэль, стане вядома ў бліжэйшыя дні – 16 лістапада пачынаецца разгляд пытання пра магчымую адмену візавых санкцый для адыёзных мінскіх чыноўнікаў.
У Беларусі па-рознаму ўспрынялі гэтую пакуль што ўсяго толькі эмацыйную рэпліку аб добрых намерах. Хтосьці ўбачыў у тым чарговую спробу выбіць новыя пазыкі ў заходніх крэдытораў. А тыя, хто даўно шукае з уладай кампрамісу, атрымалі важкі аргумент на карысць сваёй палітыкі. Аднак з размоў на вышэйзгаданай нарадзе “па ўдасканаленні” чагосьці, а таксама з пазнейшых выступаў высокапастаўленых яе ўдзельнікаў высветлілася, што нічога істотнага ў выбарчым заканадаўстве ніхто змяняць не будзе. Дробязі розныя – калі ласка. А вось датэрміновае галасаванне і падлік галасоў пройдуць у ранейшым рэжыме. Так што пераможца будучых выбараў вядомы ўжо сёння.
А тое, што робіцца і будзе рабіцца па “удасканаленні” выбарчага заканадаўства – толькі чарговая замена камуфляжу. На больш дасканалы, які не раздражняў бы еўрапейцаў. Дыктатура гэта сабе дазволіць можа. Не выключана, што наладзіць нават шоў з нагоды вяртання дэмакратыі ў Беларусь. А краіна ў выніку выбараў па гэтым сцэнары атрымае ўсё таго ж дыктатара, але ўжо легітымнага.
На вялікі жаль, усе тыя, хто быў бы здольны спыніць трыўмфальнае шэсце трухлявай, бязмежна абрыдлай улады, у гэты час шукаюць не дзейснага і эфектыўнага спосабу яе законнага выдалення, а аргументаванага тлумачэння свайго канфармізму. Еўразвяз, бачыце, у асобе тутэйшага правіцеля знайшоў сабе перспектыўнага палітычнага партнёра. І мы такія бедныя, і што ж нам цяпер рабіць? Еўропа – не з намі!
Якая Еўропа?.. У Еўрапарламенце, на ўрачыстым паседжанні з нагоды ўсё той жа гадавіны разбурэння таталітарнай сцяны выступае Вацлаў Гавел. І нагадвае ўсім пра Беларусь, якая пакуль яшчэ пазбаўлена свабоды. І гарачы водгук выклікаюць ягоны словы: “Злу нельга саступаць, таму што кожную саступку яно паверне на сваю карысць. Дарэчы, з палітыкай прымірэння Еўропа ўжо мае злавесны досвед”.
Ягоныя словы шмат хто ў Еўропе, напэўна, пачуў. Толькі да нас чамусьці іх сэнс не даходзіць. Усе маўчаць. Усе нечага чакаюць. А час ідзе.
Не спазніцца б нам яшчэ раз, як заўсёды.