Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Чмыр і «адрэзанае вуха»

21.10.2014 общество
Чмыр і «адрэзанае вуха»

Бас-гітарыст Філіп Чмыр зрабіў допіс пра нянавісьць.

Як па мне, гэта першы пост у сучаснай Беларусі, дзе публічная асоба, вядомы ў дастаткова шырокіх колах музыкант і мастак піша пра асабістую нянавісьць канкрэтна да беларускай мовы.

Не, я чуў і ня раз выказваньні кшталту «я ненавідзеў у школе беларускую мову і літаратуру зь ейнымі нуднымі і нецікавымі пісьменьнікамі».

Пагарда, прыкрасьць, непрыняцьце беларускай мовы – зьява распаўсюджаная ў быце ці на шматлікіх форумах. Але вось так канцэптуальна – я сустрэў упершыню.

Нават разнастайныя праціўнікі беларускай ідэі не выкарыстоўваюць азначэньня «нянавісьць» у дачыненьні да беларускай мовы. Хутчэй спрабуюць зьнізіць яе сучасную ролю і гістарычную значнасьць. Ці наогул зьвесьці да ўзроўню дыялекту расейскай. Але без адкрытай нянавісьці.

Магчыма, і хацелі б, але разумеюць, што беларуская мова «якая-ніякая» – дзяржаўная. А па-другое – што эмацыйна яна не чужая нават многім тым, хто ў жыцьці размаўляе на якой-ніякой расейскай.

Допіс выклікаў імгненную рэакцыю ў сеціве: ад суворага асуджэньня да іроніі. А таксама шматлікія перадрукі ў прафэсійных СМІ. Чаму?

Як па мне, сэнсацыя ў слове «нянавісьць».

У сучаснай Беларусі ад абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 падставаў для нянавісьці ўнутры краіны – больш чым. Ды запытайцеся ў розных сацыяльных групах, раскажуць хто пра свавольства чыноўнікаў, хто пра эканамічны перасьлед, самыя прасунутыя – пра саму сыстэму, якая прыдушвае чалавека як такога.

Творца Чмыр зрабіў крык душы пра беларускую мову. Ён выказаўся, што ненавідзіць беларускую мову ў групе зь іншымі рэчамі, якія «яму навязваюць», якія – не ўдакладніў.

У краіне, дзе зь мітынгаў ціхары выхоплівалі і цягнулі за краты па прыкмеце беларускай мовы, дзе права вучыцца на беларускай рэгулярна трэба адстойваць, дзе каб атрымаць дакумэнт па-беларуску часам трэба зьвяртацца ў суд, заява пра навязваньне беларускай мовы гучыць трагікамічна.

«Я менчук, а ў нас у горадзе колькі я сябе памятаю гаварылі па-расейску, усе апроч настаўнікаў беларускай мовы, і тое, толькі на ўроках».

Там жа па спасылцы ў аўдыёвэрсіі Філ прызнаецца, што яму не падабаецца гучаньне беларускай мовы. І што ён «ненавідзіць нацыянальную ідэю як такую, і людзей, якія ёй займаюцца». А таксама яму «ненавісныя кожныя нацыянальныя групы, дыяспары».

Пры гэтым ён можа адчуваць сябе адначасова эўрапейцам і прадстаўніком Савецкага Саюзу.

Юны Філ жыў у савецкім Менску 1980-х, дзе сапраўды беларуская мова была вялікай рэдкасьцю. Нават у творчым асяродку, у тусоўцы мастакоў і музыкантаў.

І тут гэты самы асяродак за апошнія гадоў дваццаць пяць усё больш і больш напаўняўся беларускамоўнымі людзьмі. Плюс беларуская мова прынцыпова рабілася працоўнай.

У краіне трывае сацыяльная дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце, а ў многіх творчых асяродках беларуская мова даўно – працоўная.

Што рабіць? Не сыходзіць жа з прафэсіі ці эміграваць?

Філ Чмыр паезьдзіў па праграме кампаніі «Будзьма беларусамі!», на «Басовішча», актыўна апекаваўся парталам «Тузін Гітоў», а беларускую мову не разумеў. Тут я мушу паставіць ☺.

І вось – удзел у адным арт-праекце, а Філ усё ніяк ня можа атрымаць ад арганізатараў пераклад каталёгу на расейскую.

«Я бачу допіс пра мяне, але не магу праверыць, што там напісалі. З такім падыходам, з навязваньнем нечага, яны давядуць нас да нянавісьці».

З кантэксту вынікае, што «яны» – беларускамоўныя арганізатары арт-праектаў, а «мы» – творцы, якія не разумеюць па-беларуску, жывучы ў Менску большую частку жыцьця.

То бок, гэта такая мадэль сьвету, дзе ў Беларусі беларуская мова асноўная, а Філ Чмыр – меншасьць. Такі сабе «рускаязычны» ў Эстоніі. Дзе 7% неграмадзянаў, якія ня хочуць вучыць эстонскую, хоць жывуць там ад нараджэньня ці большую частку жыцьця.

І каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да сваёй праблемы, Філ Чмыр робіць адчайны мастацкі пэрформанс. Ведаючы, што ўчынак прыцягне вялікую і неадназначную ўвагу.

Гэта як прыбіць сваю машонку цьвіком да Краснай Плошчы, ці адрэзаць мочку вуха дзе «мэта – зьвярнуць увагу грамадзтва на нейкія набалелыя праблемы».

Ёсьць прыклады, калі людзі рабілі больш адчайныя ўчынкі дзеля пратэсту. Адзін з самых вядомых – самаспаленьне чэха Яна Палаха ў 1969-м, які пратэставаў супраць савецкай акупацыі.

А што спаліў Філіп Чмыр – дык гэта масты зь немалой колькасьцю асабістых знаёмых, ды невядомых яму фанатаў яго музыкі. Бо як інакш, калі ты ненавідзіш іх мову, іх нацыянальную ідэю?

А можа, гэта проста «ненавіджу гэтых нецікавых пісьменьнікаў»? Мастакоў, музыкантаў, літаратараў, актораў, якія вунь – п’юць каву за суседнім столікам у галерэі «Ў»? Сваіх старых знаёмых з тусоўкі 1980-х.

Севярын Квяткоўскі, «Радыё Свабода»


Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]