Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

На радзiме Чэслава Немэна гралi джаз

26.10.2014 культура
На радзiме Чэслава Немэна гралi джаз

Эўрапейскія джазмэны далі канцэрт у вёсцы Васілішкі, каб ушанаваць Чэслава Немэна.

У 2011 годзе трыё Артура Дуткевіча паказала на сцэне Белдзяржфілярмоніі праграму «Немэн-імправізацыі», пасьля чаго лідар гурту выказаў падажаньне выканаць гэтую музыку там, дзе фармавалася творчая асоба Немэна.

Сёлета 23 кастрычніка музыкі прыехалі на радзіму свайго калегі — славутага польскага музыкі Чэслава Немэна. Хіба ўпершыню жыхары Старых Васілішак слухалі нязвыклую для іх музыку ў выкананьні джазмэнаў эўрапейскага ўзроўню, перадае Радыё Свабода».

Сёлета адзначаецца 75-годзьдзе з дня нараджэньня Чэслава Немэна і 10 гадоў зь яго сьмерці. Нядзіўна, што найперш польскія музыкі завіталі ў дом-музэй Чэслава Немэна ў Старых Васілішках. Сам Артур Дуткевіч, які меў досьвед сумеснага граньня зь Немэнам, не стрымаўся, сеў за старое фартэпіяна фабрыкі імя Молатава і зымправізаваў на тэму песьні зь немэнаўскага рэпэртуару «Wspomnienie».

— Я чакаў на прыезд сюды некалькі гадоў, — сказаў Артур Дуткевіч на ганку дома-музэю. — І гэта аказалася для мяне вялікім эмацыйным перажываньнем. Тут пануе духоўная атмасфэра. Я зразумеў, што бацькі Чэслава былі людзьмі, глыбока зьвязанымі з прыродай. Зь зямлёй, з праўдай. І гэта зьяўляецца ключом да творчасьці Немэна. Ягоныя дзяцінства і юнацтва прадстаўленыя ў музэі з добрым густам.

Пра тое, як жыхары Васілішак з пашанай ставяцца да памяці свайго земляка, сьведчыла тэатралізаваная літаратурна-музычная кампазыцыя «Мой родны кут», паказаная сіламі мясцовай самадзейнасьці. Прадстаўленьне дапаўняла гарадзенская мастачка Вераніка Паплаўская, якая імправізавала з пляншэтам, на якім яна з дапамогай пяску стварала малюнкі. У іх выяўляліся вобраз Чэслава Немэна, краявіды ваколіцаў Старых Васілішак. У выкананьні вучняў мясцовай сярэдняй школы на польскай мове прагучалі песьні, якія ў свой час выконваў Немэн. Пры гэтым са сцэны праз увесь час гучала ў асноўным беларуская мова.

Другую частку склаў канцэрт польскага джаз-трыё, які сабраў поўную залю. Падчас праграмы «Немэн-імправізацыі», якая гучала больш за гадзіну, прагучалі варыяцыі на тэмы такіх вядомых песень і кампазыцый, як «Сон пра Варшаву», «Пад Папугаямі», «Успаміны», «Аднаго сэрца», «Ці яшчэ мяне памятаеш», «Гульня ў жмуркі» і інш. Сюрпрызам зрабілася тое, што вясковая публіка вельмі эмацыйна ўспрымала джаз: аплядысмэнты гучалі ня толькі па сканчэньні кожнай п’есы, але і пасьля кожнага сола ўдзельнікаў трыё.

Канцэрт зрабіўся сапраўднай падзеяй ня толькі для жыхароў Васілішак: усе дзіцячыя музычныя школы Шчучынскага раёну даслалі на радзіму Немэна сваіх вучняў і пэдагогаў. Выступ джаз-трыё Дуткевіча быў зладжаны пры ўдзеле Польскага інстытуту ў Менску, Шчучынскага райвыканкаму і Васілішкаўскага цэнтру культуры і вольнага часу.

Разьвітваючыся, Артур Дуткевіч выказаў спадзяваньне, што з часам Васілішкі зробяцца месцам правядзеньня міжнароднага фэстывалю-конкурсу імя Чэслава Немэна.


Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]