Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Стратэгія дзікага поля

05.12.2009 политика
Стратэгія дзікага поля

Аўтамабілісты першымі адчулі набліжэнне чарговай непрыемнасці. У выглядзе катастрофы.

Пакуль яшчэ лакальнай. Мытны саюз Расіі, Казахстана і Беларусі паспелі яшчэ толькі падпісаць, а ён ужо дае першыя дывідэнды. Дзіўныя надзвычай. І прызначаюцца яны, зразумела, не тым, хто гэта падпісаў, а люду паспалітаму. Які да кіраўнічых гульняў не мае дачыненя. Мытныя пошліны на ўвоз у краіну іншамарак падвышаюцца для юрыдычных асоб да сарака адсоткаў. Як адзначылі дасведчаныя эксперты, “у бліжэйшае паўгоддзе беларускаму аўтарынку няма чаго рабіць”.

А тыя, хто мае тут ганаровае званне асоб фізічных, у разгубленым чаканні. Іх лёс абяцаюць вырашыць да першага ліпеня наступнага года. Але падстаў для аптымізму пакуль няма ніякіх. Наўрад ці будзе ім лягчэй, чым асобам юрыдычным. Расія ўпарта штампуе дапатопныя “Жыгулі” ў розных варыянтах, напампоўвае ВАЗ шалёнымі грашыма і за беларускі рынак будзе біцца жорстка.

З гэтым мытным саюзам самаўпэўненага мінскага хітруна ўсходнія майстры гульні ў напарстак “кінулі”, нібы малога хлопчыка. Ды ён і сам ужо адчуваў, што трапляе ў пастку. І напарэдадні гістарычнай падзеі выказваўся наконт верагодных наступстваў надзвычай змрочна. “Сможем ли мы компенсировать упущенные выгоды от сотрудничества с третьими странами, участвуя в таможенном союзе, сформированном на условиях российской стороны? Ведь нельзя забывать, что в нынешних условиях участие Беларуси в таможенном союзе приобретает глубокий геополитический смысл. При участии Беларуси в таком союзе Беларусь утрачивает часть своего экономического суверенитета в вопросах торговых отношений с третьими странами и в какой-то мере ставит под угрозу некоторых отечественных производителей”.

Нішто сабе прызнанне! І пасля гэтага ён спакойна падпісвае дамову ды яшчэ горда пазіруе перад тэлекамерамі ў якасці пераможцы і здабытчыка. Каго перамог і што здабыў? Няўжо незразумела, што Беларусь трапляе ў расійскую эканамічную кабалу? І цяпер набыццё нават гронкі бананаў у брата Уга давядзецца ўзгадняць з Масквой.

Аднак жа гэтым усё не скончыцца. Мытны саюз – толькі першы крок на шляху ўсходняй інтэграцыі. А мэтай тытанічных намаганняў застаецца стварэнне адзінай эканамічнай прасторы. Вось тады ўжо зажывём! Амаль што як у забытым Савецкім Саюзе. Да крэатыўнай ідэі абяцаюць далучыцца яшчэ Таджыкістан і Кыргызстан. І тады перад шчаслівым беларусам адчыняцца неабсяжныя азіяцкія стэпы ажно да самага Кітаю. Спыняцца малочна-газавыя войны. І пачнецца свабодны рух тавараў і людзей. Беларусы паедуць на заробкі ў Душанбэ, а таджыкі ў Мінск. Мы будзем пастаўляць ў Азію малако, а яны нам – кумыс. Жыццё! І ўсё гэта дае народу ён, самы мудры і дасведчаны ва ўсіх пытаннях, адважны падпісант гістарычнай дамовы аб стварэнні мытнага саюза.

Загнаныя ў кут аўтамабілісты – толькі першыя ахвяры новага этапу расійскай гульні ў інтэграцыю. Непазбежна і неадольна падвысяцца цэны на ўсё. Асабліва на жытло, на спажывецкія тавары, на харчы, на лекі. Правіцель, сустракаючыся з удзячным народам у Брэсце, глыбокадумна разважаў: а чаго ім падвышацца? Сапраўды, з якога ражна? І пошліны на аўтамабілі не павінны былі так нахабна ўзлятаць. І не ўзляцелі б. Калі б не чарговы прыступ балотнай ліхаманкі, што завецца тут інтэграцыяй.

Ёсць і яшчэ адзін аспект у паспешлівым стварэнні новага саюза. Падобна на тое, што дзве вазы, набытыя ў мінскай краме сіньёрам Берлусконі падчас ягонага бліц-візіту да мясцовага дыктатара, застануцца адзіным заходнім трафеем у безнадзейнай і доўгай вайне за далучэнне калгасна-саўковага рэжыму да еўрапейскіх каштоўнасцяў. Гульні на заходнім напрамку непазбежна сыдуць на нішто. Правіцель зразумеў, што крэдытная лінія там не бясконцая. Яшчэ мільярды паўтара, магчыма, абломяцца, а потым давядзецца зноў вяртацца на звыклыя сцежкі. А яны вядуць на Ўсход.

А таму – які там Захад? З гэткім багажом, што мае сёння Беларусь у палітыцы і эканоміцы, шлях толькі адзін – у Азію, у дзікае поле. Там грошы. Магчымасць пазычаць яшчэ і яшчэ, калі навучыцца адбіваць паклоны на ўсходні манер. Іншых варыянтаў правіцель не бачыць. Як ні круці, становішча безвыходнае. І застаецца апошні сродак выжывання. Толькі за апошні год дзяржаўны доўг Беларусі падвысіўся на 70 адсоткаў. Куды ідзем?

Без новых крэдытаў жыць краіна не можа. Дваццаць мільярдаў сукупнага доўгу – ужо афрыканскі паказчык. Грошы, якімі б вялікімі яны ні былі, знікаюць імгненна. Рэжым даўно жыве за кошт народа. Толькі за апошні час дзяржаўнай (народнай) маёмасці было прададзена на тры мільярды даляраў. На чарзе новыя маштабныя здзелкі гэткага кшталту. Хто-небудзь, акрамя пэўнага кола прысцябаяў, заўважыў, як у выніку вышэйзгаданых фінансавых аперацый падвысіўся ягоны дабрабыт? Наўрад. Засталося толькі ўсё тое ж пытанне, з якім ішоў калісьці на прэзідэнцкія выбары Аляксандр Казулін: дзе грошы, Саша? Які быў на гэта адказ, добра ведаюць усе.

Аднак па-ранейшаму шмат хто ў нашай краіне ўпэўнены, што нічога страшнага ў новых саюзах няма. Трэба інтэгравацца. Пашыраць прыватызацыю. Шукаць новых інвестараў. У тым ліку – і на Усходзе. У краіну прыйдзе магутны расійскі капітал. Што ж тут кепскага? Сапраўды, нічога. Калі толькі не звяртаць увагі на адну дробязь. З Расіі прыйдзе не капітал. Прыйдуць тыя, хто валодае капіталам. І жыве па законах дзікага поля.

Будзем маўчаць і чакаць?

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]