Насценны календар «Не маўчы па-беларуску!» — гэта 365 беларускіх словазлучэнняў у вясёлых малюнках мастачкі Дар’і Мандзік.
Дызайнерскае афармленне, як і саму ідэю календара, прапанаваў Анатоль Лазар (студыя «Адліга»), паведамляюць «Беларускія навіны».
Кожны месяц прысвечаны пэўнай тэме, больш за тое, распрацоўшчыкі парупіліся, каб гэтай тэме адпавядалі і адметныя беларускія прымаўкі на кожнай старонцы календара. Ежа, вопратка, кветкі, жывёлы, вандроўкі і адпачынак — каляндар узбагаціць ваш слоўнікавы запас амаль ва ўсіх сферах жыцця!
«Гэты год адзначыўся ўсплёскам цікаўнасці беларусаў да сваёй мовы! Гэта, як і поспех паштовак з серыі «Не маўчы па-беларуску!», натхніла нас на стварэнне календара, — кажа Алена Макоўская, каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі!». — Праект з паштоўкамі быў прыязна прыняты як публікай, так і прафесійнай супольнасцю на фестывалі AD.NAK!. Натуральна, што нашай камандзе бачыўся працяг, і ідэя з календаром нам вельмі спадабалася. Мы проста ўявілі, як файна будзе, калі чалавек, што цікавіцца роднай мовай, будзе вучыць кожны дзень новае слова ці словазлучэнне. Перад намі стаяла задача стварыць не толькі прыгожы і пазітыўны прадукт, але і прадэманстраваць адметныя, смачныя словы, якія найцікавей ілюструюць беларускую мову. А паколькі ўкладальнікі календара — людзі творчыя, то не абышлося, безумоўна, без гарачых дыскусій. І тут вельмі дарэчы былі і філалагічныя веды каардынатаркі кампаніі Ніны Шыдлоўскай, і дапамога эксперта — Уладзіміра Лянкевіча».
Каляндар «Не маўчы па-беларуску!» можна набыць ужо сёння ў мінскіх кнігарнях, а неўзабаве — і ў рэгіёнах.